Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэйме Польшчы прайшла сустрэча з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі


Польски Сэйм
Польски Сэйм

Камісія ў замежных справах польскага Сэйму прыняла рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі. Гэта стала вынікам пасяджэньня камісіі з удзелам прадстаўнікоў беларускай апазыцыі.

Пра гэта паведамляе Радыё Рацыя.

У рэзалюцыі адзначаецца хваля рэпрэсіяў, якая прайшла апошнімі днямі ў Беларусі, агучваюцца імёны затрыманых палітыкаў, сярод якіх Павал Севярынец, Мікола Статкевіч і Рыгор Кастусёў. У дакумэнце таксама гаворыцца пра неабходнасьць стварэньня «дарожнай мапы» для Беларусі.

Паводле сайту «Хартыя-97» у слуханьнях узялі ўдзел кіраўнік камісіі Сэйму ў замежных справах Гжэгаж Схетына, яго намесьнікі Малгажата Гасеўска і Робэрт Тышкевіч, намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Барташ Ціхоцкі, былы міністар замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі, кіраўнік дэпартамэнту ўсходняй палітыкі МЗС Польшчы Ян Хафмокл, прэзыдэнт Фонду міжнароднай салідарнасьці Мацэй Фалькоўскі, дэпутаты Сэйму Польшчы ад партыяў «Права і справядлівасьць» і «Грамадзянская плятформа», аналітыкі і журналісты.

Ад Беларусі ў слуханьнях бралі ўдзел адзін зь лідэраў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Ўладзімер Някляеў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў, сустаршыня партыі «Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, галоўны рэдактар сайту Charter97.org Натальля Радзіна, намесьнік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і іншыя.

Традыцыйная штогадовая сустрэча беларускай апазыцыі ў польскім Сэйме дапамагае абмяняцца думкамі, прагнозамі і ацэнкай сытуацыі ў Беларусі, а таксама будаваць пляны на бліжэйшы год. На думку старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, адным з вынікаў такіх сустрэчаў стала тое, што Польшча шмат увагі надае пытаньням дэмакратычных рэформаў у Беларусі і захаваньню правоў чалавека:

«У Беларусі зьявілася больш магчымасьцяў для працы з грамадзтвам, бо рэжым Лукашэнкі разумее небясьпекі, якія ідуць з боку ўсходняга суседа. Пытаньне незалежнасьці выходзіць на першы плян. У гэтай сытуацыі, калі дзеючы рэжым нічога не можа супрацьпаставіць «рускаму сьвету», неабходна скіроўваць асноўную падтрымку на дзейнасьць незалежных СМІ, грамадзкіх аб’яднаньняў», — сказаў Губарэвіч.

Падчас выступаў на сустрэчы зьвярталася ўвага на неабходнасьці падтрымкі незалежных СМІ. Сярод удзельніц сустрэчы былі і дэпутаткі палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Алена Анісім і Ганна Канапацкая, якія адзначылі, што знаходзіцца ў Сэйме неафіцыйна.

Падчас адкрыцьця пасяджэньня камісіі ў замежных справах дэпутат ад «Грамадзянскай плятформы» Робэрт Тышкевіч адзначыў, што сустрэча адбывацца на фоне затрыманьня прадстаўнікоў апазыцыі ў Беларусі:

«Сустракаемся ў асаблівых абставінах апошніх дзён, бо ў Беларусі прайшла хваля арыштаў. Мы хацелі б узьняць голас у гэтым пытаньні».

«Добра, што такое пасяджэньне адбылося менавіта цяпер — адзначыў польскі палітык Павел Каваль. — Асабліва сёньня гэта мае значэньне, бо шмат краінаў Эўрапейскага Зьвязу вырашылі пайсьці на глыбокі дыялёг з урадам Беларусі. Неяк губляецца голас прадстаўнікоў апазыцыі. Гэтая сустрэча для таго, каб апазыцыя магла выказацца».

«Галоўным пытаньнем застаецца крытычны дыялёг па Беларусі», — адзначыў пасьля сустрэчы ў польскім Сэйме сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. На думку палітыка, беларускім уладам трэба выстаўляць канкрэтныя патрабаваньні па сыстэмных рэформах у галіне захаваньня правоў чалавека.

Падчас сустрэчы кандыдат у прэзыдэнты 2010 году Андрэй Саньнікаў падкрэсьліў важнасьць санкцыяў у дачыненьні да рэжыму ў Беларусі.

У залі пасяджэньняў пакінулі два сымбалічныя месцы: для Міколы Статкевіча і Рыгора Кастусёва, якія былі затрыманыя ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG