Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Краявід» Малевіча прадалі на аўкцыёне ў Лёндане за 10,4 мільёна даляраў


Казімір Малевіч
Казімір Малевіч

Карціну мастака-авангардыста Казіміра Малевіча «Краявід» прадалі на аўкцыёне ў Лёндане за 7,88 млн фунтаў (10,4 млн даляраў), паведаміў аўкцыённы дом Christie’s па выніках вячэрняга гандлю «Мастацтва імпрэсіянізму і мадэрнізму».

​Малевіч напісаў «Краявід» у 1911 годзе пад уплывам творчасьці францускага мастака-постімпрэсіяніста Поля Сезана.

«Работа належыць да так званай „чырвонай сэрыі“ — сэрыі твораў мастака, якія вылучаюцца энэргічнымі мазкамі і выразнымі колерамі, адсылаюць гледача да спадчыны фавізму і кубізму, адначасова з гэтым апярэджваючы станаўленьне супрэматызму», — адзначаецца ў паведамленьні аўкцыённага дома.

«Краявід» упершыню быў паказаны на «Маскоўскім салёне» ў 1911 годзе. Налета ён экспанаваўся на выставе пецярбурскага «Саюзу моладзі». У 1927 годзе ў Бэрліне прайшла выстава найлепшых працаў мастака, у лік якіх увайшоў і «Краявід», які застаўся ў Бэрліне пасьля вяртаньня Малевіча ў Расею. Працу знайшлі пасьля вайны. «Краявід» набыў Базэльскі мастацкі музэй, дзе карціна знаходзілася больш за паўстагодзьдзя, а потым была вернутая нашчадкам мастака. На цяперашнія таргі карціна была выстаўленая з прыватнай калекцыі.

15 траўня 2018 году на аўкцыёне Christie’s за больш чым 85,8 млн даляраў таксама была прададзеная карціна Малевіча «Супрэматычная кампазыцыя».

Казімір Малевіч. Літвінскі геній на развалінах сацыялізму

Казімір Малевіч. Жабрак, узьведзены ў культ (працяг)

Казімір Малевіч — вядомы мастак-авангардыст, адзін з заснавальнікаў супрэматызму — кірунку ў абстрактным мастацтве.

За спадчыну Казіміра Малевіча спрачаецца цэлы шэраг дзяржаў, дасьледчыкі сьмела прылічаюць яго да расейцаў, украінцаў, палякаў. І толькі Беларусь, дзе Казімір зьявіўся на сьвет і абясьсьмерціў сябе першымі «супрэмусамі», «архітэктонамі» ды філязофскімі развагамі, дэманструе сваю памяркоўнасьць. Пра тутэйшасьць Казіміра Малевіча сьведчаць і спэцыфічныя адметнасьці роднага краю, адлюстраваныя ў мастацкіх творах рознага часу. У ліку такіх рысаў — выявы бел-чырвона-белага сьцяга і колеравае спалучэньне белага і чырвонага.

Сёньня карціны Казіміра Малевіча ацэньваюцца ў дзясяткі мільёнаў даляраў, але сам ён 80 гадоў таму памёр хворым жабраком — фармальна лічыўся кіраўніком «навуковай лябараторыі мастацтва» ў Рускім музэі, а насамрэч аддаваў канцы ў цеснай каморцы вартаўніка.

Казімір Малевіч: беларуская інтэлектуальная ўласнасьць у амстэрдамскім Стэдэліку

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG