Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наскрозь камуністычнага» дырэктара дзяржаўнага Інстытуту сацыялёгіі звольнілі з пасады


Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

Дырэктара Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Ігара Катлярова звольнілі па рашэньні старшыні прэзыдыюма НАН Уладзімера Гусакова.

Ігар Катляроў быў прызначаны дырэктарам Інстытуту сацыялёгіі НАН у 2008 годзе. Ён рэгулярна зьяўляўся на дзяржаўных тэлеканалах падчас асноўных палітычных кампаній, сьцьвярджаючы шырокую народную падтрымку палітыцы дзейных уладаў.


Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Акадэміі навук, Катляроў страціў пасаду згодна з 259 артыкулам Працоўнага кодэксу (скасаваньне працоўнай дамовы з кіраўніком арганізацыі па рашэньні ўласьніка). Да 22 чэрвеня ён перадае справы выканаўцу абавязкаў дырэктара, цяперашняму вучонаму сакратару Міхаілу Арцюхіну.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Катляроў назваў інфармацыю пра сваю адстаўку «няпраўдай». Таксама адмовіўся ад камэнтароў Міхаіл Арцюхін. Ён сказаў, што «гэта кадравыя пытаньні», пра якія ён пакуль нічога ня ведае.

Тым часам у сацсетках ужо камэнтуюць «заканчэньне кадравых бітваў» у Інстытуце сацыялёгіі і адстаўку Ігара Катлярова.

«Спадзяюся, што гэта будзе стымулам да аднаўленьня нармальнай працы навуковай установы», — піша праўладны палітоляг Пётра Пятроўскі, які часта зьяўляецца ў якасьці экспэрта ў ток-шоў на дзяржаўных тэлеканалах.

Наезд на НІСЭПД і прапаршчык-сацыёлаг Катляроў

«Ён наскрозь камуністычны»

Былы міністар працы, сацыёляг Аляксандар Сасноў кажа, што Катляроў быў «наскрозь камуністычны».

«Ён моцна перажываў, што рухнула камуністычная сыстэма, у якой ён быў не на апошнім месцы і добра карміўся. Потым яму зноў давялося дабівацца кармушкі, і ён дабіўся. Калі савецкую сацыялёгію можна лічыць навукай, то ён тады займаўся навукай. Што да прыкладной сацыялёгіі, то ён усяляк перашкаджаў незалежным дасьледчым цэнтрам, паліваў іх брудам. Ад яго ішлі гэтыя інавацыі, зьвязаныя зь ліцэнзіямі і дазволамі на дасьледаваньні. Ва ўсякім разе, ён гэта падтрымліваў», — сказаў Аляксандар Сасноў.

Пяць фактаў пра Ігара Катлярова

  1. Катляроў — сябра праўладнай Кампартыі Беларусі.
  2. У 1995 годзе абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету, які назваў крыніцай «разброду і хістаньня». У 1996 годзе падтрымаў Аляксандра Лукашэнку, стаў сябрам Палаты прадстаўнікоў. З таго часу па 2008 год тройчы абіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
  3. Падчас выбараў старшыні Палаты прадстаўнікоў у 2000 годзе лабіраваў сябра Лукашэнкі Ўладзімера Канаплёва.
  4. Адзін з экспэртаў, якіх часта запрашалі на БТ, каб агучыць вынікі афіцыйных сацыялягічных дасьледаваньняў і экзыт-полаў пра магутную народную падтрымку курсу дзяржавы.
  5. Катляроў час ад часу крытыкаваў недзяржаўныя сацыялягічныя структуры. Сярод іншага, аспрэчваў вынікі дасьледаваньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў пра падзеньне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі.

Афіцыйныя сацыёлягі ня вераць у падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG