Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Севярынца аштрафавалі больш як на тысячу рублёў за «Астравецкі шлях»


Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Палітыка судзілі ў Савецкім раённым судзе Менску. Паўла Севярынца абвінавацілі ў парушэньні дазволенага парадку правядзеньня Чарнобыльскага шэсьця і закліках да акцый пратэсту супроць будаўніцтва Астравецкай АЭС — «Астравецкага шляху».

На судзе Павал Севярынец абверг зьвесткі міліцыі з пратаколу, паводле якога 26 красавіка з прамовай ён выступаў каля кінатэатру «Кастрычнік», дзе зьбіраліся ўдзельнікі Чарнобыльскага шляху, а не каля капліцы ўжо пасьля шэсьця. «Там мітынг быў дазволены», — настойваў Павал Севярынец.

Што тычыцца заклікаў да грамадзянаў удзельнічаць у «Астравецкім шляху» — меркаваных штомесячных акцыях пратэсту супроць будоўлі Астравецкай АЭС — то Севярынец прызнаў, што інфармаваў людзей пра акцыі пратэсту, бо лічыць будоўлю АЭС у Астравецкім раёне злачынствам.

«Як выпускнік геаграфічнага факультэу БДУ добра ўяўляю гэтую небясьпеку. Астравецкая АЭС пабудавана ў месцы чатырох геалягічных разломаў, будаваць там АЭС нельга, і я ганаруся, што далучаюся да пратэстаў супраць гэтай будоўлі», — сказаў Павал Севярынец.

Апазыцыйны палітык мяркуе, што будаваць АЭС менавіта ў Астравецкім раёне Аляксандру Лукашэнку загадаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, «каб была магчымасьць шантажаваць Эўропу».

Сьведчыў супраць палітыка супрацоўнік міліцыі Павал Мацкевіч, які сьцьвярджаў, што Павал Севярынец нібыта заклікаў да ўдзелу ў меркаваным Астравецкім шляху і падчас збору каля кінатэатру «Кастрычнік», і каля капліцы, дзе мітынг быў дазволены.

Другі сьведка, міліцыянт Сяргей Журко, у суд не зьявіўся.

Адносна чарговага штрафу Павал Севярынец адмахнуўся: «Наперадзе яшчэ столькі судоў, у мяне толькі за Курапаты каля 20 пратаколаў...»

Судзіла Паўла Севярынца судзьдзя Савецкага райсуду Вера Галаўкова, якой Павал Севярынец заяўляў адвод, але выніку не дамогся. Таксама судзьдзя Галаўкова адмовілася весьці працэс па-беларуску. Яна аштрафавала палітыка на 45 базавых велічыняў — 1102 рублі 50 капеек.

Чарнобыльскі шлях адбыўся ў Менску 26 красавіка. Шэсьце і мітынг былі дазволеныя сталічнымі ўладамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG