Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя эксгумавалі цела салдата Коржыча на патрабаваньне маці


Магіла Аляксандра Коржыча
Магіла Аляксандра Коржыча

Сьледчыя ў справе салдата Аляксандра Коржыча, які гвалтоўна загінуў у вайсковай частцы ў верасьні 2017 году, правялі эксгумацыю цела. Аб гэтым Свабодзе расказала маці загінулага салдата Сьвятлана.

7 чэрвеня старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў, што сьледзтва ў справе Аляксандра Коржыча працягнутае, прызначаны шэраг дадатковых экспэртыз. Паводле Наскевіча, яны зоймуць некалькі тыдняў, пасьля чаго справа будзе перададзеная ў суд.

Як стала вядома Свабодзе, 6 чэрвеня цела Аляксандра Коржыча было эксгумаванае.

«Учора прыехалі, паклікалі мяне на эксгумацыю. Выкапалі, спыталі, ці гэта мой сын. Я сказала, што так, мой, — расказала Сьвятлана Коржыч. — Мясцовых больш нікога не дапусьцілі на эксгумацыю. Толькі мяне. Забралі цела ў морг, узялі ўсё неабходнае для экспэртызы. Сказалі, што празь некалькі тыдняў паведамяць вынікі».

Эксгумацыя цела Аляксандра Коржыча была адным з патрабаваньняў яго маці, якая не пагадзілася з высновамі сьледзтва. Сьвятлана Коржыч знаёмілася з матэрыяламі справы на працягу ўсяго траўня, пасьля чаго зьвярнулася ў СК і адміністрацыю Лукашэнкі з патрабаваньнем правесьці эксгумацыю цела сына для правядзеньня дадатковай мэдыцынскай экспэртызы. Яна перакананая, што сын стаў ахвярай забойства.

«Яны прададуць і дзяржаву, і Лукашэнку». У маці салдата Коржыча свая вэрсія сьмерці сына

Сьвятлана Коржыч
Сьвятлана Коржыч

Паводле вэрсіі Сьледчага камітэту, Аляксандра Коржыча «давялі да самагубства». Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі.

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

Па выніках расьсьледаваньня ў справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, — сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце захадаў прадухіленьня гібелі Коржыча з войска звольнілі пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.

Адбыўся таксама шэраг судоў за дзедаўшчыну, не зьвязаных са сьмерцю Аляксандра Коржыча.

30 сакавіка прапаршчыка з 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтру ў Печах Ігара Хішчанку, які катаваў салдат электрашокерам, пакаралі 5 гадамі зьняволеньня.

4 траўня суд Барысаўскага раёну вынес прысуд сяржанту зь Печаў Арцёму Бердніку — тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады цягам 5 гадоў, з пазбаўленьнем воінскага званьня сяржант.

18 траўня суд Барысаўскага раёну Менскай вобласьці пакараў трыма гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму 23-гадовага сяржанта Андрэя Зайца з вайсковай часткі 39864 у Печах пад Барысавам.

6 чэрвеня Барысаўскі раённы суд пакараў сяржанта К., які праходзіў службу ў 72-м гвардзейскім Аб’яднаным навучальным цэнтры ў Печах на пасадзе намесьніка камандзіра ўзводу, зьняволеньнем на тры з паловай гады ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў, зьвязанае з гвалтам, а таксама за атрыманьне хабару.

Таксама ў Барысаўскім раённым судзе пачаўся чацьвёрты з пачатку году працэс над вайскоўцам зь Печаў, якога вінавацяць у зьбіцьці падначаленых. Старшага лейтэнанта Глеба Чайкоўскага судзяць паводле 455 артыкула — за злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі з ужываньнем гвалту.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак, па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармуе БелТА).

Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.

72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсьць спэцыялізаваных школ, кожная зь якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасьць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасьці.

Акрамя школаў, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўваньня, цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня і батальён матэрыяльнага забесьпячэньня.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG