Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: «Ахоўны статус» не бароніць Курапаты, яго трэба зьмяніць на сакральны


Курапаты
Курапаты

Неабходна дамагчыся прысваеньня Курапатам самага высокага ляндшафтна-рэкрэацыйнага статусу — асабліва ахоўнага. Патрэбна таксама весьці дыялёг з Камітэтам архітэктуры і будаўніцтва і з інстытутам «Менскграда», якія зьяўляюцца заказчыкамі Генпляну Менску. Так лічаць «Экспэрты ў абарону Курапатаў».

Грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» і адмыслоўцы-эколягі 4 чэрвеня правялі круглы стол «Як вырашыць экалягічныя праблемы Курапатаў».

«Сытуацыя трывожная, патрабуе мабілізацыі»

Журналіст, актывіст грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы нагадаў, што ў 2003 годзе быў распрацаваны праект зон аховы Курапатаў — ахоўная зона была ў 300 мэтраў, каб захаваць Курапаты, увесь навакольны пэйзаж, аўтэнтычны ляндшафт, гістарычныя дарогі.

«Аднак 6 гадоў таму ўлады дазволілі будаваць забаўляльны комплекс у ахоўнай зоне, адрэзаўшы 1,1 гектара — пабудавалі рэстарацыю, чатыры модульныя дамкі для шашлыкоў, дзіцячую пляцоўку, і цяпер ахоўная зона складае ня больш за 50 мэтраў. Грамадзкасьць тады дамаглася, „Бульбаш-хол“ не адкрылі. Але цяпер комплекс рыхтуюцца адкрыць пад іншай назвай. Сытуацыя трывожная, патрабуе ад нас мабілізацыі», — кажа Марат Гаравы.

Павінен быць адзіны статус Курапатаў — ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны пад асаблівай аховай

Курапаты — гісторыка-культурная каштоўнасьць, у якой ёсьць тры зоны аховы: дзе нельга будаваць нічога новага, акрамя таго, што неабходна для захаваньня каштоўнасьці; зона рэгуляванай забудовы, дзе нельга разьмяшчаць прамысловыя аб’екты і шматпавярховую забудову; зона аховы навакольнага асяродзьдзя.

Ігар Корзун
Ігар Корзун

Ігар Корзун, каардынатар «Гарадзкога лясьнічага», падразьдзяленьня таварыства «Зялёная сетка», заўважыў, што тэрыторыя мэмарыялу мае ахоўны статус Міністэрства культуры. Але ёсьць горад са сваёй горадабудаўнічай палітыкай. Рашэньняў аб захаваньні мэмарыялу можа быць некалькі, але павінен быць асобны статус.

«Пакуль жа за адну частку адказвае адно ведамства, за другую — іншае. Адна частка адносіцца да Савецкага раёну сталіцы, а другая — да Менскага раёну, правая рука ня ведае, што робіць левая. Неабходна, каб за ўсё адказвала адна юрыдычная асоба.

Да тае пары, пакуль урочышча Курапаты ўваходзіць у агульную тэрыторыю, рызыка забудовы ёсьць», — кажа Ігар Корзун.

На яго думку, першая задача — зрабіць тэрыторыю мэмарыяльнага комплексу адзінай ляндшафтна-рэкрэацыйнай зонай, каб за яе адказвала адна юрыдычная асоба. Альбо ляндшафтна-рэкрэацыйнай зонай спэцыяльнай (ЛР сп), альбо ляндшафтна-рэкрэацыйнай зонай пад асаблівай аховай (ЛР аа).

Бо Генплян можа быць зьменены ў любы момант, і нязгода грамадзкасьці ні на што не паўплывае — грамадзкія слуханьні, меркаваньні, думкі носяць рэкамэндацыйны характар. А калі будзе зьменены статус — на сакральны, заўсёды можна апэляваць яшчэ да прыродаахоўнага заканадаўства, перакананы Корзун.

Рэстарацыя каля Курапатаў
Рэстарацыя каля Курапатаў

Паводле яго, патрэбны дыялёг з Камітэтам архітэктуры і будаўніцтва, які зьяўляецца заказчыкам Генпляну Менску, і з інстытутам «Менскграда», дзе ёсьць экалягічныя падразьдзяленьні. Тым больш што бліжэйшым часам будзе пераглядацца Генплян, што тычыцца зялёных зонаў. Бо цяпер ідзе рэформа азеляненьня тэрыторыі, і зьявіцца новая рэдакцыя Генпляну Менску.

Як адзін з варыянтаў абароны мэмарыялу Корзун прапанаваў ініцыяваць уключэньне Курапатаў у сьпіс Усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА (разам са Сьляпянскай воднай сыстэмай, якой ужо прапаноўвалі надаць такі статус).

Сосны і елкі «лысеюць», але як і ў іншых лясах вакол кальцавой

Кандыдатка сельскагаспадарчых навук, адмыслоўца ў лесазнаўстве, старэйшая навуковая супрацоўніца Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі імя Васіля Купрэвіча НАН Беларусі Тацяна Барсукова распавяла пра вынікі маніторынгу Курапацкага лесу, які вядзецца з канца 1990-х гадоў.

Тацяна Барсукова
Тацяна Барсукова

У 1997 годзе дэфаліяцыя (аблысеньне) складала ў сасны амаль 30%. У 2003–2004 гадах у хвойных дрэваў дэфаліяцыя павялічылася, магчыма, ад пылу, недахопу вільгаці. У 2015 годзе сытуацыя стабілізавалася.

«І цяпер у Курапацкім лесе дэфаліяцыя прыкладна такая ж, як і ва ўсіх лясах каля кальцавой дарогі, — 25% для сасны і 10–15% для елкі. Гэта не ідэальна, але больш-менш нармальна для прыгараднага лесу, не крытычна», — кажа Тацяна Барсукова.

Адмыслоўцы вымяралі і цьвёрдасьць глебы. Глеба даволі шчыльная, няма аднаўленьня — дае сябе знаць высокая антрапалягічная нагрузка, бо месца наведваецца многімі людзьмі.

Што да прапановаў і парадаў, Тацяна Барсукова лічыць, што ў якасьці галалёднага рэагенту павінна прымяняцца чыстая соль без аніякіх хімікатаў.

Другое — рэгуляваньне пароднага складу дрэваў. Сасна і елка — дрэвы слабаўстойлівыя да пылу і газу. Таму на ўзьлесак неабходна падсаджваць пылаўстойлівыя пароды дрэваў (блакітную елку, розныя віды таполяў).

Дыяксыду азоту ў 4 разы больш за норму, чаднага газу — удвая

Арцём Быстрык
Арцём Быстрык

Найбольшую пагрозу лясному масіву ствараюць дзьве трасы — МКАД і Заслаўская шаша. За суткі толькі па кальцавой праходзіць прыкладна 50 тысяч аўтамабіляў, якія забруджваюць навакольнае асяродзьдзе. Сябра грамадзкай арганізацыі «Цэнтар экалягічных рашэньняў» Арцём Быстрык пазнаёміў з вынікамі маніторынгу паветра, прааналізаваў 7 шкодных выкідаў.

Найбольш небясьпечныя — дыяксыд азоту і чадны газ. Выкіды дыяксыду азоту (NO2) перавышаюць гранічна дапушчальныя нормы ў 4 разы. Выкіды чаднага газу (СО) удвая перавышаюць дапушчальныя нормы.

У Курапатах вельмі шумна — узровень шуму 93–95 дэцыбэлаў. Калі праводзяцца экскурсіі і мітынгі, галасы выступоўцаў нават дрэнна чуваць.

Курапаты. 30 гадоў таму беларусы даведаліся праўду

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG