Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паўночныя Атэны» на Смаргоншчыне: як ёсьць і як магло б быць


Парадны фасад «Паўночных Атэнаў»
Парадны фасад «Паўночных Атэнаў»

У Залесьсі на Смаргоншчыне завершаны чарговы этап ляндшафтнага ўпарадкаваньня — рэканструкцыя ставу і гідратэхнічных збудаваньняў у рэзыдэнцыі палітычнага дзеяча, дыплямата і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага.

Будаўнікі ачысьцілі ад глею дно вадаёму, замацавалі берагі, адрамантавалі дамбу і перакінулі мост да Лебядзінай выспы. Сам палац быў здадзены да 250-й гадавіны нараджэньня свайго славутага гаспадара. Пад эгідай ЮНЭСКО юбілей адзначаўся ў верасьні 2015-га.

Куча друзу стала «гістарычнай»
Куча друзу стала «гістарычнай»

Сьмецьцевая выспа і «плянэтарый» альтанкі

Калі параўноўваць з архіўнымі зьвесткамі, не абышлося без самадзейнасьці. Так, на дадатак да аўтэнтычнай Лебядзінай выспы пасярод ставу зьявілася безыменная, якую мясцовыя ўлады на роўных інтэгравалі ў прыродна-архітэктурны ансамбль яшчэ на пачатку 1970-х. Хоць, як згадваюць мясцовыя жыхары, насамрэч гэта была куча друзу, якая засталася ад папярэдняй зачысткі. Ні раней, ні цяпер прыбраць сьмецьце не палічылі патрэбным.

Гравюра Леанарда Ходзькі «Залесьсе»
Гравюра Леанарда Ходзькі «Залесьсе»

У выніку паўсталі адразу дзьве «Лебядзіныя выспы», хоць на вядомым малюнку Леанарда Ходзькі «Залесьсе. 1822» нічога падобнага няма. Тады ж, больш за 40 гадоў таму, як пад лінейку выпрасталі рэчышча ракі Драй, што правакуе хуткае зарастаньне і заглейваньне возера. Вада пры абодвух берагах застойваецца.

Два іншыя масткі і парэнчы, ня кажучы пра дамбу і масіўную апалубку пад яе, таксама далёкія ад арыгіналу, хоць у дадзеным выпадку за аснову ўзятая «бясьпека турыстаў».

Масток на Лебядзіную выспу
Масток на Лебядзіную выспу

Цяпер будаўнічая актыўнасьць перамясьцілася на ўскрай былога парку, да памятнага каменя Тадэвушу Касьцюшку. За некалькі мэтраў ад яго з чырвонай цэглы ўзводзіцца капітальная пабудова, якая нагадвае плянэтарый. Насамрэч гэта круглая альтанка ў кітайскім стылі. Побач ужо стаіць забітая дошкамі альтанка ў гонар Амэліі, адной з дачок Агінскіх, але яе пакуль не чапаюць. Гэтаксама як і муляж млына каля возера: пабудаваны на пачатку 1990-х на старых падмурках, ён развальваецца ўжо другім наваратам.

Тацяна Кляшчонак
Тацяна Кляшчонак

Цяперашнія мэтады аднаўленьня «Паўночных Атэнаў», як называлі Залесьсе сучасьнікі славутага гаспадара, ставіць пад сумнеў Тацяна Кляшчонак — дасьледчыца жыцьця і дзейнасьці Міхала Клеафаса Агінскага. У мінулым былая навуковая супрацоўніца музэю ў Залесьсі, адкрывальніца і перакладчыца паэмы Аляксандра Ходзькі «Залесьсе», аўтарка дасьледаваньняў «Біяграфія М. К. Агінскага», «Нашчадкі М. К. Агінскага», «Бацькі М. К. Агінскага», «Ацалелыя і неацалелыя палацы роду князёў Агінскіх у Беларусі, Літве і Польшчы».

Від на млын з боку палаца
Від на млын з боку палаца

Ці выжыве дух Міхала Клеафаса Агінскага пасьля такой рэканструкцыі? — задае яна рытарычнае пытаньне.

Па яе словах, дастаткова простай назіральнасьці, каб зрабіць адпаведныя высновы. У якасьці прыкладаў прапануе некалькі арыстакратычных і шляхецкіх сядзібаў часоў Агінскага ў суседніх краінах — Літве і Польшчы, дзе «паважаюць навуку гістарычнай рэстаўрацыі».

Серабрысты масток і белыя парэнчы навабуду

Найперш, што тычыцца выгляду і афармленьня галоўнага падʼезду ці партэру палацаў.

1. Палац князя і ваяводы віленскага Міхала Казіміра Агінскага ў польскім Небарове. Пазьней ён быў прададзены Антонію Міхалу Радзівілу, сёньня тут Дзяржаўны музэй інтэрʼеру ХVІІІ стагодзьдзя.

2. Палац Міхала Мікалая Агінскага, унука Міхала Клеафаса, у літоўскіх Плунгянах (Plungė). Цяпер там выстаўлена экспазыцыя Дзяржаўнага музэю народнага літоўскага мастацтва.

«Што абʼядноўвае гэтыя сядзібы ў іх зьнешнім афармленьні? — працягвае Тацяна Кляшчонак. — Несумненна, традыцыйны выгляд рэпрэзэнтацыйнай часткі — плошча перад галоўным фасадам. Яе прыгажосьць і зручны падʼезд для конных экіпажаў сьведчылі пра шляхетнасьць і гасьціннасьць гаспадара. Я не выпадкова прывяла ў прыклад дзьве сядзібы менавіта Агінскіх, бо яны дэманструюць як матэрыяльны дабрабыт гаспадароў, так і мастацкі, практычны густ. А яшчэ там максымальна захаваныя ці стылізаваныя старадаўнія элемэнты першапачатковай архітэктуры. Трапіўшы туды, адразу адчуваеш атмасфэру і дух эпохі, аддаленай ад нас на 200 гадоў».

Від на залескі палац з боку аранжарэі
Від на залескі палац з боку аранжарэі

Залесьсе, падкрэсьлівае Тацяна Кляшчонак, было ня проста сядзібай, а адзінай рэзыдэнцыяй Міхала Клеафаса ў 1802–1822 гадах — увесь пэрыяд яго жыцьця на Віленшчыне. Несумненна, бываў ён і ў барокавым Небарове, і ў навамоднай рэзыдэнцыі князёў Чартарыйскіх у польскіх Пулавах, да якіх раўняў залескі маёнтак паэт Аляксандар Ходзька:

«...Але тут Князь!
Тут, дзе пясок адзін буяў спрадвеку,
Хай рай цьвіце! — сказаў.
І рай другі явіўся чалавеку!»

Такія масткі малявала ў фантазіях Тацяна Кляшчонак і для Залесься
Такія масткі малявала ў фантазіях Тацяна Кляшчонак і для Залесься

«Вось і мне ў тым парку 1822 году ўявіліся і жвіраваныя зьвілістыя сьцяжынкі, і высокія кусты паркавых ружаў за кожным паваротам (пра багацьце кветак успамінаюць многія гісторыкі, таксама знойдзеныя каталёгі расьлін сядзібнай цяплярні), і калейдаскоп розных адценьняў і гатункаў зеляніны, і закрыты зьвярынец, і месцы для шпацыраў і танцаў на сьвежым паветры. Але ж рамантычнасьць сядзібы не абмяжоўвалася ёй і паркам. У месцы, дзе ўсё павінна было дыхаць мастацтвам і натхняць чулае сэрца, кожны элемэнт афармленьня меў вялікую вагу. Масток на востраў закаханых (па-іншаму Лебядзіны) Ходзька бачыў такім:

Тут зьлёгку бераг выступіў, а там, дзе аер нізкі,
Заўважыць вока пільнае масточак серабрысты.
Далей жа невыразна штось відаць на купе.
Якім жа будзе цэлае пры гэтакім уступе?..
»

Кветкавы рай і парасткі чужароднай шпірэі

Паводле суразмоўніцы, ніякіх «масточкаў серабрыстых», як і іншага рамантычнага антуражу, наведаўшы Залесьсе на Ноч музэяў у сярэдзіне траўня, яна ня ўбачыла.

Сучасныя краявіды маёнтку Агінскага
Сучасныя краявіды маёнтку Агінскага

«А дзе ж масточак серабрысты, дзе тая атмасфэра навакольнай прыгажосьці і лёгкасьці ў кантактах? — кажа Тацяна Кляшчонак. — Адкуль тыя дубовыя брусы, памаляваныя разам з парэнчамі над дамбай у белы колер, неўласцівы пачатку ХІХ стагодзьдзя? Адкуль той плян афармленьня партэра перад палацам, цэнтральнага элемэнту ўсёй экспазыцыі? Крывенькія парасткі бэзу, ліпак, чамусьці кустоў японскай шпірэі — ці гэта тое, што сьведчыць пра арыстакратызм уладальніка Залесься, мастацкі густ якога хвалілі нават у навакольных краінах? Адкуль ідэя пракласьці, як струна, дарогу да каменя Касьцюшкі і абсадзіць яе бярозкамі, якія не пасеяла сама маці-прырода?»

Калі ўсё робіцца дзеля ўшанаваньня памяці нацыянальнага героя Тадэвуша Касьцюшкі, удакладняе суразмоўніца, дык існуюць «шляхетныя» расьліны, якія выкарыстоўвае ўся Эўропа — напрыклад, самшыт. А не бярозкі, сымбаль Расеі, а заадно і разгрому касьцюшкаўскага паўстаньня Суворавым.

Памятны камень «Ценям Касьцюшкі»
Памятны камень «Ценям Касьцюшкі»

Згаданы памятны камень Касьцюшкі, пастаўлены Міхалам Клеафасам у гонар паплечніка-паўстанца ў ціхім паркавым куточку, цяпер у эпіцэнтры вялікай будоўлі. З прамысловым размахам тут узводзяць альтанку ў кітайскім стылі.

«Хто сказаў, што альтанка павінна стаць менавіта на тым месцы, якое цалкам закрывае від на камень Касьцюшкі і мяняе саму пэрспэктыву? — зьдзіўляецца Тацяна Кляшчонак. — Я ўжо не кажу пра незразумеласьць такіх грандыёзных яе памераў! Не магу зразумець, калі ўзьнік цяперашні праект рэканструкцыі. Дзе мастацкі і навуковы пошук рэстаўратараў, любоў і павага заказчыкаў праекту да гістарычнай спадчыны? Ці ня той гэта праект, створаны яшчэ ў 1990-я, калі зьвестак пра сядзібу было нашмат менш, чым цяпер, і калі рэстаўрацыя вялася на нашмат ніжэйшым тэхнічным узроўні? Хутчэй, ставіла за мэту захаваць і абазначыць хоць бы тое, што было вядома дасюль».

Будоўля «кітайскай» альтанкі
Будоўля «кітайскай» альтанкі

Паводле дасьледчыцы, за апошнія чвэрць стагодзьдзя многія кіраўнікі беларускіх культурных і навуковых установаў неаднойчы пабывалі ў суседніх краінах, дзе справа гістарычнай рэстаўрацыі пастаўлена на высокі эўрапейскі ўзровень. Аднак на аднаўленьні залескай сядзібы тыя візыты аніяк не адбіліся. Эўрапейскія стандарты і беларускі застой

Магчыма, праблема ў адсутнасьці фінансаваньня на дапрацоўку праекту. Аднак, перакананая Тацяна Кляшчонак, гістарычная постаць Міхала Клеафаса Агінскага настолькі вядомая, што нават у стане пэрманэнтнага эканамічнага крызісу мог быць эфэктыўным народны збор сродкаў на сапраўдную навуковую рэканструкцыю.

Замарожаная альтанка Амэліі
Замарожаная альтанка Амэліі

Тацяна Кляшчонак лічыць, што непакоіць працаўнікоў музэю павінна і пытаньне аховы культурнага асяродзьдзя сядзібы. Дагэтуль недасьледаванымі застаюцца тэрыторыі вакол новага і старога палацаў, на якіх час ад часу пры земляных работах знаходзяць рэшткі старадаўніх прадметаў.

На яе перакананьне, залескі палац па сваёй сутнасьці павінен разглядацца ў нацыянальным маштабе. Пакуль жа ён на балянсе смаргонскага ЖЭУ, а не пад апекай цэнтральных уладаў. Магчыма, менавіта таму трэба голасна гаварыць пра далейшы лёс такога важнага гістарычнага абʼекта.

Занядбаная гаспадарчая пабудова
Занядбаная гаспадарчая пабудова

«Музэй такога высокага арыстакрата адзіны ў Беларусі. Ён адрозьніваецца ад Міра ці Нясьвіжа тым, што пакліканы служыць месцам творчага натхненьня наведнікаў. Высокае паходжаньне і становішча Агінскага адпавядала ўзроўню многіх манаршых семʼяў Эўропы — род паходзіў яшчэ ад кіеўскіх Рурыкавічаў. Разам з ацалелым Залесьсем, палянэзам „Разьвітаньне з радзімай“, „Мэмуарамі“ гэта эксклюзіўны брэнд Беларусі. А калі яшчэ знойдуцца доказы, што ён аўтар мэлёдыі польскага гімну „Мазурка Дамброўскага“, Залесьсе ператворыцца ў брэнд эўрапейскі. Таму афармляць месца трэба так, каб яно адпавядала статусу былога гаспадара».

Як падсумоўвае Тацяна Кляшчонак, няхай гэтае афармленьне не канечне будзе па сусьветных «лякалах», але яно павінна патыхаць любоўю і павагай да славутага паўстанца, дыплямата, кампазытара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG