Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На судзе супраць журналістаў у Магілёве два дзясяткі чалавек пакінулі залю на знак пратэсту

абноўлена

Яўген Глушкоў
Яўген Глушкоў

У Магілёве журналісты-фрылансэры Аліна Скрабунова і Яўген Глушкоў, якіх вінавацяць у супрацоўніцтве з тэлеканалам «Белсат», на знак пратэсту пакінулі судовую залю.

Журналісты заявілі недавер суду з прычыны таго, што судзьдзя Тацяна Касьцюк, якая разглядае справу, паўгода таму ўжо выносіла абвінаваўчы вырак у аналягічнай справе за парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі (2-я частка артыкулу 22.9). 14 лістапада 2017 году яна пакарала Скрабунову за незаконны выраб прадукцыі СМІ на 690 рублёў (30 базавых велічынь).

Гэтым разам Аліне Скрабуновай і Яўгену Глушкову, паводле матэрыялаў справы, інкрымінуецца «ўдзел у незаконным вырабе прадукцыі СМІ». Абое, як вынікае з адміністрацыйных пратаколаў, вырабілі для тэлеканалу «Белсат» два сюжэты. Адзін — пра высяленьне жыхароў з дому, які працяглы час быў прадметам судовай спрэчкі. Другі — пра акалічнасьці сьмерці кіраўніка холдынгу «Купалаўскае» Дзьмітрыя Васілеўскага.

Аліна Скрабунова
Аліна Скрабунова

Журналісты патлумачылі недавер суду тым, што судзьдзя зацікаўленая ў абвінаваўчым выраку, паколькі апраўдальны будзе супярэчыць ранейшаму яе рашэньню.

Тацяна Касьцюк ня ўгледзела ў довадах абвінавачаных таго, што яна мае асабістую зацікаўленасьць у разглядзе адміністрацыйнай справы, і хадайніцтва не дазволіла.

Пасьля таго, як Аліне Скрабуновай не ўдалося зьвярнуцца да суду з хадайніцтвам аб фота і відэаздымках працэсу, абвінавачаныя пакінулі залю. Усьлед за імі выйшлі і два дзясяткі чалавек, які наведаліся ў суд падтрымаць журналістаў.

«Тацяна Касьцюк выконвае палітычную замову, бо ведаюць, што яна прыме патрэбнае рашэньне. Учора яна мне не хацела даваць справу на азнаямленьне. Сёньня ж заявіла, што ня памятае, што выносіла мне абвінаваўчы вырак. Зразумела, судзьдзя разгледзіць справу і бяз нас і дасьць максымальнае пакараньне за тое, што пакінулі суд», — пракамэнтавала сытуацыю Аліна Скрабунова.

Судзьдзя ў выніку аштрафавала журналістаў «за выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі»: Аліну Скрабунову — на 1225 рублёў (50 базавых велічыняў), Яўгена Глушкова — на 735 рублёў (30 базавых).

Магілёўскія журналісты зьвязваюць перасьлед з агульнай хваляй рэпрэсіяў у Беларусі супраць тых, каго падазраюць у супрацы з тэлеканалам «Белсат».

21 траўня Аліну Скрабунову ў пад’езьдзе яе дома затрымалі два «чалавекі ў цывільным» і без тлумачэньня, як сьцьвярджае журналістка, гвалтам зацягнулі ў машыну і завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі, дзе ўручылі позву зьявіцца ў гэты ж аддзел.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG