Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма, мужчына і жанчына. Мужчынская зона


Калёнія ў Глыбокім. Фота Васіля Сямашкі
Калёнія ў Глыбокім. Фота Васіля Сямашкі

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». У кнізе — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, удзельнікаў перадачы «Свабода ў турмах», якая выходзіла на Радыё Свабода ў 2011–2017 гг. Аўтарка гэтага цыклю, журналістка Алена Струвэ, атрымала за яго ў 2014 нацыянальную праваабарончую прэмію «Журналіст году».

У чэрвені-ліпені мы публікуем на сайце фрагмэнты гэтай кнігі.

Сярэдні беларускі ЗК сёньня — гэта мужчына 35–40 гадоў. Але шмат маладзейшых: кожнаму трэцяму няма і 30.

Беларускія вязьні-мужчыны, акрамя СІЗА ды турмаў, а таксама ўстановаў адкрытага тыпу, утрымліваюцца у 13 папраўчых калёніях.

У мужчынскай зоне ўжо няма так званых «казармаў», або расьсяленьня атрадамі да 100 чалавек у адным памяшканьні. Рэдка дзе, у старых карпусах, селяць разам па 50 чалавек (паўатрада). Найчасьцей расьсяляюць па кубрыках на 10—20—30 зьняволеных.

Нормы паводзінаў асуджаных рэгулююцца правіламі распарадку, зацьверджанымі МУС.

У гэтым пераліку 12 пунктаў так званага «дазволу», якія перагукаюцца з правіламі Мандэлы — такія, як права на ветлівае абыходжаньне з боку адміністрацыі ўстановы, права на ахову здароўя і асабістую бясьпеку, права насіць спартовае адзеньне і абутак падчас спартовых мерапрыемстваў і г. д.

Каб пералічыць забароны, спатрэбіліся 33 пункты: напрыклад, недапушчальна ляжаць на ложках у пэрыяд ад пад’ёму да адбою. Парушэньне гэтага пункту вельмі часта вядзе да розных штрафных санкцыяў, у тым ліку да накіраваньня вязьня ў ШЫЗА.

Рэгулюецца сэкс — «забаронена займацца мужалоствам ды ўчыняць распусныя дзеяньні», хоць адміністрацыя насамрэч нярэдка заплюшчвае вочы на такія заняткі.

Некалькі пунктаў прысьвечаныя непасрэдна ўзаемаадносінам паміж асуджанымі ды супрацоўнікамі папраўчых установаў. Так асуджаныя абавязаныя пры сустрэчы з супрацоўнікамі ды іншымі асобамі, якія наведваюць калёнію, устаць, каб прывітацца, зьвяртацца на «вы» і называць «грамадзянін», «грамадзянка» і далей па званьні альбо займанай пасадзе

Супрацоўнікі ўстановы, у сваю чаргу, павінны зьвяртацца да асуджаных на «вы» і называць іх «асуджаны», «асуджаная», «грамадзянін», «грамадзянка» і па прозьвішчы.

Супрацоўнікам катэгарычна забараняецца ўступаць з асуджанымі і іх сваякамі ў якія-небудзь адносіны, не рэглямэнтаваныя крымінальна-выканаўчым заканадаўствам і адпаведнымі правіламі.


«Чырвонае» і «чорнае»

Ад часоў СССР мужчынская турэмна-лягерная сыстэма ў большасьці краін постсавецкай прасторы мае, так бы мовіць, два колеры. Чырвоны — калі строга захоўваецца рэжым, вызначаны Папраўча-працоўным кодэксам, унутранымі загадамі ды інструкцыямі, калі ня толькі фармальна, але рэальна ўстановай кіруе міліцэйская адміністрацыя («грамадзяне начальнікі»). Чорны — калі зладзейскія традыцыі ды правілы («паняцьці») дамінуюць над міліцэйскімі і ўладу за кратамі нефармальна трымаюць апазыцыйна настроеныя да адміністрацыі асуджаныя на чале з «аўтарытэтамі».

На практыцы «чырвонае» і «чорнае» прысутнічалі і паціху суіснавалі ледзь ня ў кожнай турэмна-лягернай установе. Найчасьцей удзень за кратамі кіравала адміністрацыя, а ўначы — так званыя «злодзеі ў законе», «блатныя».

У Беларусі адносная раўнавага ў зонах двух колераў, паводле «сядзельцаў са стажам», трымалася недзе да 2005–2010 гадоў. Сёньня беларуская турэмна-лягерная сыстэма лічыцца адной з самых «чырвоных» на тэрыторыі былога СССР.


Без «аўтарытэтаў»


Ад былога турэмніка

Палкоўнік міліцыі, былы начальнік СІЗА № 1 на Валадарскага («Валадаркі») ды калёніі ў Навасадах Алег Алкаеў зьвязвае адсутнасьць крымінальных аўтарытэтаў з пасьпяхова праведзенай у нулявыя прэзыдэнцкай барацьбой за «чырвонае» адзінаўладзьдзе за кратамі ды ўвядзеньне жорсткіх законаў супраць крыміналу.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў


— Няма крымінальных аўтарытэтаў у Беларусі сёньня, а калі яны і ёсьць, то ніякага ўплыву на сытуацыю ў турмах ужо ня маюць. Законы тут жорсткія. Можа, калі тыя «зладзеі» былі, было крышку весялей. Яны ня шкодзілі і нават неяк разумна ўсё трымалі.

Яны мелі сваю «зладзейскую» касу, своеасаблівы фонд узаемадапамогі для злачыннай супольнасьці — «абшчак», сродкі зь якога ішлі, між іншым, на падтрымку зьняволеных, якія апынуліся ў цяжкай сытуацыі — напрыклад, у сьледчым ізалятары (СІЗА), штрафным памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ), у спэцпалатах турэмнага шпіталя, дзе лячылі вязьняў турэмнага, асаблівага і пажыцьцёвага рэжымаў, таксама на подкуп адміністрацыі і г. д.

Для «аўтарытэтаў» было выгадна, каб зэкі, хоць гэта і супярэчыла некаторым «паняцьцям», працавалі ды выконвалі плян. Яны пра гэта не казалі, вядома, нікому. Аднак паводле іхніх паняцьцяў было так: калі зэкі гуляюць у карты, зь любога выйгрышу недзе дзесяць адсоткаў — «на абшчак», гэта значыць ім — «зладзеям у законе». А аддаваць не было з чаго, таму трэба было плян выконваць, каб грошы былі. А калі «на абшчак» не аддаў, то былі вялікія праблемы ў бандыта. І выходзіла, што зладзеі стымулявалі працу. Дзіўны спосаб, але ён дзейнічаў.

Вядома, начальнік не мірыўся: яму няёмка было, калі дублёр нейкі ў зоне кіруе. З другога боку, што такое зона? Ноччу толькі дзяжурны афіцэр і шэсьць кантралёраў. На пяць тысяч чалавек, да прыкладу. Таму ноччу зона, канечне, належала бандытам. Калі яны былі разнашэрсныя, то было многа праблем, рэзалі, забівалі. Было лягчэй, калі адзін зонай кіраваў па вечарах, па начах.

Старыя зладзеі, кшталту Дзеда Хасана, Япончыка, якіх ужо пазабівалі, праблемаў не стваралі. У іх было адно правіла: каб на руках не было крыві. Яны нікога не забівалі асабіста, самі. На сёньня значэньне гэтых аўтарытэтаў, вядома, прыніжана. А маладняк — ужо іншай фармацыі. Зьявіліся «беспредельщики» маладыя, я іх ужо ня ведаў, я пятнаццаць гадоў не пры справах.

66-гадовы палкоўнік унутранай службы Алег Алкаеў больш за 30 гадоў прапрацаваў у пэнітэнцыярнай сыстэме СССР, а ад пачатку 1990-х — Беларусі. У СІЗА № 1 у Менску кіраваў камандай, якая выконвала сьмяротныя прысуды. У 2001-м выступіў з выкрыцьцём адносна выкраданьня і меркаванага забойства вядомых беларускіх палітыкаў, пасьля чаго эміграваў у Нямеччыну, дзе атрымаў палітычны прытулак.

Касты і масьці


Ад былога рэцыдывіста

Адзін з герояў ды кансультантаў «Свабоды ў турмах», у мінулым неаднойчы суджаны Зьміцер Вольны тлумачыць каставую герархію турмы:

— Турма — гэта кансэрватыўная структура, а таму, нават пры фактычнай адсутнасьці прызнаных крымінальных аўтарытэтаў («зладзеяў»), за кратамі ў Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх краінах, існуе своеасаблівая каставая герархія. Так, самую высокую прыступку ў ёй займаюць прафэсійныя злачынцы, або «блатныя» (яны называюць сябе «брадзягамі»).

Блатны павінен прызнаваць турэмны закон, прытрымлівацца «правільных паняцьцяў», мець «чыстае», не зьвязанае з працай на ўладу мінулае, не працаваць у зоне. Раней дапускалася, што блатныя могуць выходзіць на працу ў тым выпадку, калі яна не дае афіцыйнай улады над астатнімі вязьнямі. Але і гэтае правіла перастала сёньня быць безумоўным.

Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску. Фота Васіля Сямашкі
Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску. Фота Васіля Сямашкі


— Далей ідзе асноўны працоўны касьцяк усіх лягераў — «мужыкі», то бок не прафэсійныя злачынцы, а звычайныя зьняволеныя, якіх большасьць.

Потым тыя, хто адкрыта супрацоўнічае з адміністрацыяй — «казлы», ад турэмнікаў яны атрымліваюць пасады кшталту днявальных, заўгасаў і г. д. У «чырвонай» беларускай зоне гэтая «масьць» паступова пачынае выцясьняць «блатных» з вышэйшай прыступкі ў турэмнай герархіі.

І, нарэшце, найніжэйшая, самая бяспраўная і недатыкальная каста — «апушчаныя», або «петухі». Яны мусяць займацца самай прыніжальнай з гледзішча арыштанцкай маралі працай — мыць прыбіральні ды чысьціць сьметніцы, сталавацца асобна ад іншых зьняволеных, спаць ды жыць за кратамі на адмыслова прызначаных ім месцах. Прадстаўнікі гэтай «масьці», калі яны маюць нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю, могуць адпаведным чынам абслугоўваць іншых зэкаў.

Існуюць яшчэ розныя прамежкавыя групы, куды ўваходзяць тыя вязьні, якія парушылі «паняцьці». Напрыклад, «шныры» — своеасаблівыя служкі прадстаўнікоў вышэйшых кастаў. Яны за плату мыюць за іншымі посуд, адзеньне і г. д. Ёсьць «адсаджаныя» — часова прызнаныя недатыкальнымі, пакуль пытаньне іх пераводу ў найніжэйшую касту ня вырашыцца канчаткова. Характэрная асаблівасьць гэтай герархіі тая, што статус можа толькі паніжацца. І што істотна: за кратамі ўсе зэкі паміж сабой адзін да аднаго зьвяртаюцца выключна на «ты».

Зьміцер, 40-гадовы мужчына, які цяпер жыве на Захадзе і вядзе абсалютна іншае, законапаслухмянае жыцьцё, ня мае ніякай настальгіі ні па тых часах, ні па пазьнейшых. Ён толькі кажа, што, на жаль, «значная частка турэмнай публікі ўсё больш „збыдляецца“. Аднак, напэўна, тут справа ня толькі ў турэмных парадках, але і шмат у чым яшчэ».


«Гражданин начальник»


Ад журналіста, былога зэка

У канцы мінулага стагодзьдзя журналіст Васіль Сямашка быў асуджаны за хуліганства. Сядзець давялося ў калёніі, якой цяпер ужо няма — УЖ 15/1 у Менску на Кальварыйскай, а таксама ў СІЗА на Валадарскага.
Цягам апошніх 20 гадоў практычна ўсё за кратамі захавалася ў нязьменным выглядзе, мяркуе Васіль Сямашка.

Васіль Сямашка
Васіль Сямашка

Калёнія на Кальварыйскай, паводле журналіста, мела выключна чырвоную афарбоўку. Яна мала адрозьнівалася ад цяперашніх зон. Хіба вонкава нешта зьмянілася. Ад 2000-х для абіўкі гнілых турэмных сьценаў пачалі выкарыстоўваць танныя сучасныя аддзелачныя матэрыялы кшталту плястыкавага сайдынгу. Лямпачкі пачалі ўкручваць энэргазьберагальныя, плястыкавы посуд замяніў алюмініевы. У астатнім — безь пераменаў.

Многія «блатныя», адчуўшы каньюнктуру, рабіліся «казламі». Уладкоўваліся заўгасамі, брыгадзірамі. Разам з астатнімі ЗК голасна віталі турэмнае кіраўніцтва словамі: «Здравия желаю, гражданин начальник!»

Маючы паўнамоцтвы ад турэмнага начальства, прымушалі зэкаў выконваць патрабаваньні адміністрацыі. Нягледзячы на чырвоную афарбоўку, каставасьць як была, так і застаецца. Аднак замест «паняцьцяў» усе разам з экс-«блатнымі» падпарадкоўваюцца нормам паводзінаў асуджаных папраўчых установаў.

Журналіст узгадвае, як падчас ягонага сьледзтва на «Валадарцы» ў 1997–1998 гадах «грамадзянінам начальнікам» быў палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, зэкі зьвярталіся да яго толькі так.

Насельнікаў камэр загадзя папярэджвалі, што зойдзе кіраўніцтва. Камэру трохі прыбіралі. Шыхтаваліся. Віталі начальства хорам, але не раўлі, як у войску.

— Не было на «Валадарцы» вайсковай паказухі. Чуў, што вайскова-парадны стыль вітаўся ў СІЗА ў Жодзіне, але я там ня быў. Турэмныя начальнікі бываюць розныя — хваткія, жорсткія, хітрыя, цынічныя. Шчасьце, калі чалавек на гэтай пасадзе яшчэ і разумны ды добра ведае закон — бо, як паказвае практыка, ва ўмовах беларускай турмы нават апошняе не абавязкова.

Як кажа журналіст, зьняволеныя са стажам, параўноўваючы ранейшае і пазьнейшае кіраўніцтва «Валадаркі», казалі, што Алкаеў сярод ЗК лічыўся нядрэнным турэмнікам. Прынамсі, да яго ў менскім СІЗА рэжым утрыманьня быў значна больш жорсткім:

Сьледчы ізалятар №1 на вуліцы Валадарскага
Сьледчы ізалятар №1 на вуліцы Валадарскага


— Канец 1990-х стаў для «Валадаркі» часам найбольшых пераменаў. За кратамі апынулася багата камэрсантаў, палітычных дзеячоў, дзяржаўных чыноўнікаў. Яны моцна зьмянілі традыцыйны кантынгент арыштантаў — дзесяцігодзьдзямі гэта збольшага былі дробныя зладзеі ды рабаўнікі, часам бытавыя забойцы, публіка, якая ня можа пахваліцца высокім інтэлектам. Сур’ёзных злачынцаў тады на «Валадарцы» было мала.

Аднак потым сярод зьняволеных зьявіліся вядомыя, уплывовыя людзі, праблема жудасных турэмных умоваў трапіла ў прэсу. Давялося нешта рабіць. Пэўныя пытаньні разьвязаць было вельмі проста, чым і скарыстаўся начальнік турмы Алег Алкаеў. Ён проста адмяніў некаторыя зьдзеклівыя забароны і здабыў сабе гэтым славу «справядлівага гаспадара».

Паколькі дзяржава не магла нармальна карміць зьняволеных, Алкаеў даў такое права іх сваякам. Вага дазволеных да перадачы прадуктаў павялічылася з васьмі кіляграмаў на месяц да трыццаці. Кілё ежы на дзень плюс тое, што яшчэ даюць у турме — гэта ня толькі магчымасьць лепш харчавацца, гэта іншая псыхалягічная абстаноўка ў камэры, бо сыты чалавек — дабрэйшы.

Дагэтуль зрабіць дадатковую харчовую перадачу для свайго сямейніка можна было праз апэратыўнага афіцэра за 20 даляраў на месяц. Гэта пры тым, што пры такой таксе апэратыўнікі яшчэ і «надкусвалі» гэтыя левыя перадачы. Натуральна, большасьць службоўцаў турэмнай сыстэмы ў штыхі ўспрынялі алкаеўскую харчовую рэформу.

Вялікай палёгкай для сваякоў стала і іншае новаўвядзеньне «грамадзяніна начальніка». Алкаеў распарадзіўся прымаць перадачы цягам усяго працоўнага тыдня. Раней на гэта адводзіліся строга вызначаныя дні і гадзіны. Перад турмой утвараліся велізарныя чэргі. Многія, у тым ліку хворыя, пажылыя, іншагароднія, займалі ў іх месца яшчэ з ночы.

Чарга на перадачу ў ізалятар на Акрэсьціна
Чарга на перадачу ў ізалятар на Акрэсьціна

Вельмі важным для зьняволеных было рашэньне зьняць з вокнаў камэраў «расьнічкі» — своеасаблівыя жалюзі з мэталічных палос таўшчынёй два-тры мілімэтры, так што лапік неба можна было ўбачыць, толькі прысеўшы перад акном на кукішках. «Расьнічкі» мала таго, што не прапускалі дзённага сьвятла, але і не давалі насельнікам перапоўненых камэр нармальна дыхаць.

Праўда, пасьля ад’езду Алкаева ў Нямеччыну ягоны наступнік, «грамадзянін начальнік» Мікалай Саевіч, распарадзіўся зноў навесіць «расьнічкі».


Крах «паняцьцяў»


Ад былога «мужыка»

Мянчук Алег Б., як і Васіль Сямашка, сядзеў аднойчы. Але ўжо ў другой палове нулявых — пачатку дзясятых. Паводле яго, ён трапіў за краты «ў той цікавы час, калі відавочныя перамены адбываліся ня толькі ў грамадзтве, але і на зоне». Замест «зладзейскіх паняцьцяў» усталявалася міліцэйская ўлада, усё меншай станавілася ўласьцівая для савецкіх турмаў згуртаванасьць сярод ЗК.

Шмат сядзельцаў, расказваў Алег, «адкрыта супрацоўнічалі з адміністрацыяй і не хавалі гэтага», а «мянты» стварылі такую сытуацыю, калі «для зьняволеных страўнік зрабіўся важнейшы за ідэю», людзі пачалі «стукаць», «пляваць адны на адных». Асабліва гэта пачало заахвочвацца пасьля таго, як у калёніі зьявіліся палітвязьні.

Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску. Фота Васіля Сямашкі
Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску. Фота Васіля Сямашкі


— У калёніі, куды я сеў за бойку, я ніколі не належаў да так званых «блатных», сьвядомых крымінальнікаў. На зоне я быў, як і большасьць зэкаў, «мужыком», працаваў на промцы. Але лічу: пакуль у пэнітэнцыярнай сыстэме не праведзеныя кардынальныя рэформы, нельга зьнішчаць «паняцьці» (ва ўсякім разе, большасьць зь іх), якія існуюць у асяродзьдзі зьняволеных. Гэта свайго кшталту кодэкс правілаў ЗК, каб ніхто нікому не перашкаджаў жыць у адной клетцы.

Напрыклад, калі ты ня мыесься, калі ты смуроднік, то, калі ласка, жыві ня разам з усімі ў бараку, а на ўваходзе. Ня лезь у спальню, дзе людзі будуць пакутаваць ад тваёй прысутнасьці. Тое самае — ня крадзь у іншых сядзельцаў з прычыны ўласнага кішкаблудзтва. Інакш за гэта будзеш строга пакараны. Паводзь сябе прыстойна, як належыць ва ўмовах мікрасоцыюму, паважай іншых.

Падчас апошняй нашай размовы Алег зазначыў, што турэмная гаспадарка ў Беларусі квітнее, што ў той самай «Віцьбе», напрыклад, будуюцца новыя карпусы, рамантуюцца старыя.

— Усё робіцца дзеля таго, каб было больш месцаў. Таму калі нехта спадзяецца, што па яго ня прыйдуць, скажу: не спадзявайцеся! Пакуль ня возьмем у свае рукі ўласную будучыню і пакуль наш лёс будуць вырашаць марыянэткавыя суды.

Што стала з Алегам потым — невядома.

Былы асуджаны А. перадаў Свабодзе некалькі фотаздымкаў зь «Віцьбы»
Былы асуджаны А. перадаў Свабодзе некалькі фотаздымкаў зь «Віцьбы»

Як былы блатны стаў «мужыком»


Ад Аляксандра К.

Аляксандар упершыню за краты трапіў падлеткам, яшчэ пры Саветах, сядзеў, паводле ягоных словаў, ледзь не ва ўсіх турэмных установах

— Што рабілася ў месцах пазбаўленьня волі ў 1990-я ды нулявыя, сёньня нават і ўявіць сабе немагчыма. Карупцыя квітнела. Той самы Алкаеў пры той сыстэме таксама ня мог быць «белым ды пухнатым». Чаго толькі не было! Зэкі працавалі на адміністрацыю, як рабы на гаспадароў. Рабілі для іх мэблю з высакаякаснага дрэва, рамантавалі машыны, пілавалі, рэзалі, зварвалі і г. д. Нарката гуляла. За добрыя грошы можна было набыць алькаголь, зброю, замовіць прастытутку.

У адной з калёній строгага рэжыму начальніца мэдсанчасткі мела сапраўдны гарэм з маладых, здаровых ды прывабных зэкаў. Гэтыя фаварыты атрымлівалі стымулятары без усялякіх праблемаў. Ведаю, бо сам быў удзельнікам тых падзеяў. Калі па шчырасьці, то апошнім часам шмат што на зоне, асабліва ў бытавым пляне, сапраўды стала лепш.

Аляксандар некалі сам належаў да касты «блатных». Аднак потым перагледзеў уласныя жыцьцёвыя пазыцыі і стаў «мужыком». Такое здараецца.

Падчас апошняй адседкі працаваў, імкнуўся не парушаць правілаў унутранага распарадку. З адміністрацыяй, аднак, не супрацоўнічаў. Сядзеў за правіны ў штрафных ізалятарах.

Горацкая калёнія
Горацкая калёнія

Паводле яго, «пра многае з таго, што бачыш на зоне цяпер, раней і падумаць ня мог».

— Напрыклад, тыя самыя «апушчаныя» на зоне некалі былі цішэй вады, ніжэй травы. Але ж цяпер... Вядома, турэмнікі па-ранейшаму накіроўваюць іх «у петушатню» — кубрыкі ў атрадах, дзе асобна ад іншых зэкаў месьціцца ніжэйшая каста. Але ж цяпер гэтая катэгорыя адчувае сябе нашмат больш упэўнена. Каб раней хто зь іх паспрабаваў не прапусьціць уперад у сталоўку «мужыка»! Цяпер гэта лёгка. Яны ведаюць, як сябе з кім паводзіць. Аблізваюць адміністрацыю, некаторых іншых, каго баяцца.

Зэк старой фармацыі, Аляксандар ставіцца да «апушчаных» гэтаксама, як і большасьць. Ня можа сабе ўявіць, як гэта — дакрануцца да такога чалавека ці ягоных рэчаў, есьці зь ім з аднаго посуду. Так, былі спробы саджаць людзей з гэткім статусам разам з усімі за адзін стол. Мыць прыбіральню прымушалі ня толькі «петухоў», а ўсіх. І людзі ў выніку «ўскрываліся» (рэзалі вены ці жывот). Гэта традыцыі, якія ўсё яшчэ жывуць. Тым ня менш само жыцьцё прымушае сёньня шмат што пераглядаць.

— Раней, калі я трапляў у месцы пазбаўленьня волі маладым, то блатаваў, быў прасякнуты той рамантыкай. Але сьвята верыць у прынцыпы «блатных», якія цяпер таксама працуюць на адміністрацыю, сёньня я б ужо не сьпяшаўся. Усё мяняецца на зоне. Таго аўтарытэту, які ў іх быў раней сярод крымінальнікаў, яны ўжо ў Беларусі з самых розных прычын ня маюць.

Паводле Аляксандра, асноўныя правілы жыцьця за кратамі для чалавека, які хоча захаваць годнасьць, тыя самыя, што і на волі:

— Жыві сабе ды выконвай вядомыя агульначалавечыя прынцыпы: не забіваць, ня красьці, не чыніць шкоды іншаму. Гэтага нельга пераступаць і ў вялікім сьвеце, і ў войску, і ў турме.

На пачатку 2018-га, праз год пасьля вызваленьня з-за кратаў, Аляксандар ажаніўся і ўпершыню стаў бацькам. Назад у турму абсалютна ня хоча.


Маральны гвалт


Ад праваабаронцы

Колішні кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка адбываў турэмнае пакараньне ўжо ў «посталкаеўскі» час. Гэта было ў 2009–2011 і 2014–2017 гадах. У інтэрвію розным выданьням ён, параўноўваючы абодва пэрыяды, кажа, што ўмовы ўтрыманьня за кратамі, уключна з сангігіенай ды харчаваньнем, заўважна паляпшаюцца ва ўсіх турэмных установах. Істотна горш з мэдычным абслугоўваньнем.

Суд над Андрэем Бандарэнкам. Магілёў, 29 сакавіка 2017 году
Суд над Андрэем Бандарэнкам. Магілёў, 29 сакавіка 2017 году


— Самая вялікая праблема беларускай мужчынскай зоны — гэта так званы «маральны ГУЛАГ», дзе мэта пакараньня — не перавыхаваць асуджанага і вярнуць яго ў грамадзтва паўнавартасным чалавекам, а маральна прынізіць, нават маральна забіць чалавека і ператварыць яго ў жывога робата, гатовага падпарадкоўвацца любым загадам.

Да маральнага прыніжэньня ў сучасных мужчынскіх зонах Андрэй адносіць зьдзекі і зьбіцьцё, якое, як ён лічыць, «санкцыянаванае турэмным начальствам», а таксама бязьлітасныя «каставыя» рытуалы, наданьне таму або іншаму вязьню ніжэйшага турэмнага статусу. Сёньня ў беларускай турме гэта, праўда, не выглядае так па-дзікунску, як, напрыклад, у расейскай «чорнай зоне», дзе чалавека могуць сэксуальна гвалтаваць; тым ня менш «праз каставую сыстэму вязьня могуць раздушыць», кажа ён.

— На беларускай зоне ў гэтым пляне цяпер крыху лягчэй, бо ўжо няма так званых «блатных», якія прапаведуюць крымінальны лад жыцьця. Такіх прафэсійных крымінальнікаў збольшага накіроўваюць на турэмны рэжым, дзе адміністрацыя мусіць у пэўнай ступені падладжвацца пад гэты спэцкантынгент, які супрацьстаіць уладзе і міліцыі. У любым выпадку нейкі папраўчы працэс цалкам адсутнічае і ў турме, і ў калёніі. Тут можна толькі жадаць, каб чалавек, які трапіў за краты, выйшаў адтуль ня горшым, чым заехаў.

Пасьля вызваленьня Андрэй Бандарэнка стаў адным з сузаснавальнікаў арганізацыі «Нью-Плятформа інавэйшн», якая займаецца адстойваньнем правоў зьняволеных у беларускіх турмах.

Папярэднія публікацыі

«Турма, мужчына і жанчына». Тэрыторыя ЗК

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG