Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Заіка: «Рост цаны на нафту — гэта праклён для Беларусі»


Леанід Заіка
Леанід Заіка

Нафта пераадолела плянку 80 даляраў за барэль. Цэны на нафту растуць ужо некалькі месяцаў, і экспэрты мяркуюць, што гэта не мяжа: напрыклад, у нядаўняй справаздачы Bank of America Merrill Lynch аналітыкі дапусьцілі павышэньне да 100 даляраў за барэль. Гэта шмат — яшчэ ў студзені 2016 году нафта каштавала менш за 30 даляраў.

Што абяцае рост цаны на нафту для беларускай эканомікі? На думку кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміста Леаніда Заікі, гэта выйгрыш толькі для намэнклятуры.

«Гэта выгадна для некалькіх кампаній, назвы якіх вы ня знойдзеце ні ў адным сьпісе буйных прадпрыемстваў Беларусі (а там невялікія прадпрыемствы, таму ў нас удзельная вага малых прадпрыемстваў у замежным гандлі надзвычай высокая). Гэта толькі выйгрыш намэнклятуры, больш нічога. Але гэта праклён для краіны. Бо ніякіх рэформаў не адбываецца, краіна нічога ня робіць. Мы нават венікі купляем у Кітаі — нядаўна з калегам Яраславам Раманчуком паглядзелі пералік імпарту зь Кітаю, доўга сьмяяліся: усе бытавыя дробязі, анучкі для кухні купляем у Паднябеснай.

Гэта вядзе да калясальнай эканамічнай (не пабаюся сказаць) разбэшчанасьці».

Леанід Заіка прывёў лічбы: Беларусі неабходна для ўнутраных патрэб 7 мільёнаў тон нафты на год. А купляе краіна 22-23 мільёны тон.

«Калі не задумвацца, можна казаць, што Беларусь зарабіла на нафце: купіла па 240 даляраў, а прадала бэнзін за 480 даляраў. Але гэта ўсё ня так. Ключавое пытаньне для беларуса — гэта цана на бэнзін. Бэнзін у Беларусі каштуе даражэй, чым у ЗША. Палова цаны на бэнзін — гэта падаткі. Цэны на бэнзін уздымаюць на капейку ледзьве ня кожны тыдзень. Таму зарабляюць на гэтым некалькі дзясяткаў чалавек, якіх мы ня ведаем, а нават калі і ведаем, казаць ня трэба, бо яны пакрыўдзяцца і нас з вамі засудзяць.

Таму, паўтаруся, павышэньне цэнаў на нафту — гэта праклён, праклён для беларускага народу», — лічыць эканаміст Леанід Заіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG