Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Успамін пра 14 траўня 1995-га — дзень нашага агульнага пройгрышу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сеціве зьявілася відэа акцыі пратэсту, прысьвечанай замене нацыянальнай сымболікі на крыху мадыфікаваную савецкую 14 траўня 1995 году. Хто і якой бачыў тады будучыню краіны, чаму прыхільнікі Лукашэнкі ўрэшце прайгралі? Разважаю цяпер пра гэта як удзельнік той акцыі.

— Дай патрымаць!

Гэта я папрасіў сьцяг БССР, які хтосьці прынёс на ганак гістфаку. Тут ужо сабралася група маладых людзей, і падыходзяць усё новыя, у асноўным студэнты, хоць бачу і сяброў Партыі аматараў піва, у тым ліку Андрэя Рамашэўскага, яе «фронтмэна».

З размоваў са сваімі знаёмымі я зразумеў, што ў кожнага нязгода са сваім «акцэнтам», бо ўсіх пытаньняў было чатыры. Але прысутных, безумоўна, аб’ядноўвае абурэньне паводзінамі тагачаснага «заўгаса» Лукашэнкі: кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Іван Ціцянкоў на камэру падраў БЧБ-сьцяг і ставіў ахвочым аўтографы на шматках.

Студэнты-гісторыкі разумеюць, што адбылася ня толькі сымбалічная перамена. Краіну цягнуць назад у БССР/СССР.

Я кручу ў руках БССРаўскі сьцяг, чыя копія зь невялікімі адрозьненьнямі вярнулася ў жыцьцё Беларусі. Студэнты-гісторыкі разумеюць, што адбылася ня толькі сымбалічная перамена. Краіну цягнуць назад у БССР/СССР. Сытуацыю разумеюць у тым ліку і тыя, хто падтрымаў Лукашэнку. Каля 56% дарослага насельніцтва краіны, альбо каля 80% ад тых, хто прыйшоў на рэфэрэндум. Для апошніх гэта надзея на «сытыя» ў іх разуменьні савецкія часы.

Я апусьціў сьцяг БССР долу і пачаў адбіваць крок. Такі жэст бачыў у кадрах хронікі, так калісьці несьлі захопленыя штандары нацысцкіх і фашысцкіх войскаў. Я проста забаўляўся. Раптам убачыў, што за мною выстраілася адзін за адным людзі. Хтосьці занёс рукі за патыліцу, хтосьці за сьпіну, нібы арыштаваныя пад наглядам канвою. Сымбалізм відавочны — краіна вяртаецца ў лягер за калючым дротам.

Хоць людзей з падобным разуменьнем у грамадзтве меншасьць, будучыня ў траўні 1995 году выглядала не зусім безвыходнай. І сапраўды, праз год будзе «Менская вясна», поўная вулічных пратэстаў. Таксама гарачая восень 1996-га з пратэстамі і надзеяй на імпічмэнт Лукашэнкі. А пакуль мы падышлі да прыбіральні, помніка гісторыі і культуры насупраць Адміністрацыі прэзыдэнта (цяпер тут касы Купалаўскага тэатру). Сьцяг БССР быў прымацаваны да прыбіральні, быў выкананы гімн БССР, а пасьля некалькі хлопцаў той сьцяг падралі — дакладна так, як зрабіў зь бел-чырвона-белым Іван Ціцянкоў.

Разгон, затрыманьні, пасадкі за краты? Не, такога ў незалежнай Беларусі юнакі з акцыі тады яшчэ ня ведалі.

Хоць беларуская міліцыя яшчэ больш за год хадзіла з нацыянальнай сымболікай на форме, па нас, удзельнікаў акцыі, АМАП прыехаў з новымі чырвона-зялёнымі стужкамі на бэрэтах. Прыехаў позна, усе разыходзіліся, хтосьці балбатаў, разьвітваючыся. Вось тых разьняволеных людзей і затрымалі — каля сарака чалавек. Разгон, затрыманьні, пасадкі за краты? Не, такога ў незалежнай Беларусі юнакі з акцыі тады яшчэ ня ведалі.

Пасьля на дзесяцёх, у тым ліку на мяне, завялі крымінальную справу «за злоснае хуліганства з асаблівым цынізмам», мы хадзілі пад падпіскай пра нявыезд. Пасьля спынілі справу, бо сьцяг БССР фармальна не новапрыняты, а таму не дзяржаўны. Улада доўга яшчэ вагалася, як сябе паводзіць. Яшчэ была грамадзянская супольнасьць, уплыў незалежных СМІ. Розныя палітычныя сілы сярод чыноўнікаў, у тым ліку ў міліцыі.

Праз год забралі за краты лідэра ПАП Андрэя Рамашэўскага, фармальна за акцыю, але ўсе разумелі, што за ўплыў на моладзь з гарадзкіх ускрайкаў і рабочых пасёлкаў, якую ПАП адбіваў у прыхільнікаў Лукашэнкі. Праз тры месяцы Андрэя выпусьцілі, неўзабаве ён эміграваў. Як і шмат з удзельнікаў акцыі і тых, хто яе падтрымліваў. У тым жа 1996-м Лукашэнка і яго прыхільнікі канчаткова захапілі ўладу ў краіне.

Дзень Дзяржаўнага Сьцяга і Дзяржаўнага Герба, як па мне, гэта дзень пэрсанальнай перамогі Лукашэнкі. А для большасьці ягонага электарату гэта дзень паразы, Дзень Пройгрышу.

Дзень Дзяржаўнага Сьцяга і Дзяржаўнага Герба адзначаецца ад 1995 году кожную другую нядзелю траўня. Сёлета 13 траўня, за дзень перад угодкамі першага рэфэрэндуму. Як па мне, гэта дзень пэрсанальнай перамогі Лукашэнкі. А для большасьці ягонага электарату гэта дзень паразы, Дзень Пройгрышу.

«Працьвітаньне» было ня надта доўгім. «Запушчаныя» заводы працуюць ухаластую, часта на датацыі. Дзяржаўная сельская гаспадарка ў асноўным на датацыі, бясплатная мэдыцына вымагае ў людзей грошы. Рэальныя даходы вярнуліся да ўзроўню пачатку «працьвітаньня» ў канцы 1990-х — пачатку «нулявых». Я кажу найперш пра вёску і малыя гарады, якія калісьці і склалі бальшыню тых 80%, што прыйшлі на выбары. Калі больш як 20 гадоў таму ў тых выбарнікаў былі надзеі, якія ім дарыў малады энэргічны прэзыдэнт, то цяпер, апроч як «трэба трымацца», ён нічога не абяцае.

Чырвона-зялёны сьцяг быў створаны ў 1951 годзе. Пад ім ніхто не перамагаў у савецкія часы. А часы незалежнасьці перамог толькі адзін чалавек — Лукашэнка, які нават спартовыя перамогі асацыюе са сваёй палітыкай.

А пад БЧБ перамагаюць штодня. Перамагаюць страх і паняверку. Рэалізоўваюць свае жыцьцёвыя праекты, часта насуперак палітыцы таго самага адзінага пераможцы на рэфэрэндуме 1995 году.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG