Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекарку зь Берасьця звольнілі пасьля мітынгу супраць акумулятарнага заводу


Падчас мітынгу «Берасьцейцы супраць сьвінцу»
Падчас мітынгу «Берасьцейцы супраць сьвінцу»

Урача-нэўроляга Тацяну Фесікаву, якая актыўна змагаецца супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ТАА «АйПаўэр», звольнілі з цэнтральнай гарадзкой бальніцы Берасьця.

Паводле адміністрацыі лякарні, загад аб звальненьні падпісаны 4 траўня «ў сувязі з прыняцьцем на працу асноўнага работніка».

Тацяна Фесікава мяркуе, што прычынай стаў яе выступ на мітынгу «Берасьцейкі супраць сьвінцу» ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў 29 красавіка. Пра гэта яна распавяла ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды.

«Я ў бальніцы працавала 16 гадоў»

— Я ў бальніцы працавала 16 гадоў: з 2002 па 2008 год на поўную стаўку, а з 2008-га на паўстаўкі як сумяшчальніца. Брала дзяжурствы, бо маё асноўнае месца працы з мэдыцынай практычна не зьвязанае, але я хацела падтрымліваць сваю кваліфікацыю, катэгорыю. Таму за капейкі, якія там плацяць, я дзяжурыла, каб ня страціць свой дыплём і стаж.

У нядзелю адбыўся гэты мітынг, на якім я выступіла. А ў панядзелак 30 красавіка мне патэлефанавалі, што я магу на працу не выходзіць. 2 траўня я сустрэлася з галоўным урачом, які сказаў, што прыходзіць асноўны работнік і ў маіх паслугах больш няма патрэбы.

— То бок вы зьвязваеце сваё звальненьне з вашай актыўнасьцю супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу?

— Я так мяркую, бо стаўкі ў аддзяленьні ёсьць і не было неабходнасьці мяне звальняць, каб прыняць новага чалавека.

— Ці будзеце вы абскарджваць сваё звальненьне?

— Я зьвярнулася па дапамогу да адвакатаў, яны рыхтуюць запыты ў бальніцу. Буду дамагацца свайго аднаўленьня.

«Сказалі ў кулюарах, што лезла на ражон»

— Як адрэагавалі вашы калегі?

— Падтрымкі мэдычных работнікаў, на жаль, не адчуваю. Мне нават сказалі кулюарна, што я, маўляў, сама вінаватая і калі б ня лезла на ражон, то нічога гэтага ня здарылася б. І што мне ня знойдзецца месца ў ніводнай дзяржаўнай установе Берасьця, бо выступаю супраць заводу і чыноўнікаў.

Адразу мы мелі надзею, што будаўніцтва можна прыпыніць. Але цяпер бачым, што ніякія нашы ўказаньні на недахопы, фальсыфікацыі нікому не цікавыя.

Мітынг «Берасьцейцы супраць сьвінцу»
Мітынг «Берасьцейцы супраць сьвінцу»

​Таму мы сталі зьвяртацца да чыноўнікаў больш жорстка і выказваць сваю незадаволенасьць і недавер да таго, што яны робяць. Я думаю, з гэтым зьвязанае і маё звальненьне. І гэта ж не адзіны выпадак. Некаторых калегаў па ініцыятыўнай групе папярэджвалі на працы, аднаму працягнулі кантракт, але толькі на адзін месяц.

Некаторых калегаў па ініцыятыўнай групе папярэджвалі на працы, аднаму працягнулі кантракт, але толькі на адзін месяц.

Людзей, якія зьбіралі подпісы супраць будаўніцтва, і мяне таксама запрашалі ў пастарунак. 10 траўня зноў людзей выклікаюць за тое, што зьбіралі подпісы за адстаўку чыноўнікаў. Але ж мы дзейнічаем законна, нічога не парушаем, мы выказваем сваю думку.

— Чаму вы выступаеце супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу?

— Я адстойваю свае інтарэсы і інтарэсы іншых грамадзянаў, якія будуць жыць непасрэдна каля яго. Я жыву за чатыры кілямэтры ад гэтага злашчаснага прадпрыемства. Там у мяне дом, у які ўкладзеныя сродкі, сілы, час і аддадзена палова жыцьця. Таму я заўзята абараняю свой дом і буду працягваць гэта рабіць, бо там жыве мая сям’я. У мяне дарогі назад няма.

«Ад сьвінцу цярпіць рэпрадуктыўная сыстэма»

— Пра што вы казалі ў сваім выступе на мітынгу «Берасьцейкі супраць сьвінцу»?

— Я зьвярталася да чыноўнікаў з просьбай спыніцца і адумацца, што нельга разьмяшчаць такое прадпрыемства ў непасрэднай блізкасьці да гораду, які паводле генпляну будзе разьвівацца ў тым кірунку. І гэты завод апынецца ў цэнтры, то бок шматкватэрныя дамы, грамадзка-культурны цэнтар будуць яго акружаць.

Мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу»
Мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу»

​Я таксама распавяла пра шкоду сьвінцу для здароўя, пра тое, што ад яго цярпіць рэпрадуктыўная сыстэма. І што трэба абараніць наш горад ад гэтага заводу.

«Гэта будзе сур’ёзная пагроза»

— У чым, на ваш погляд, асноўная небясьпека акумулятарнага прадпрыемства?

— Актывісты знайшлі шматлікія парушэньні, нестыкоўкі ў дакумэнтах. І ніхто не дае ніякіх тлумачэньняў. Мы накіравалі каля дзевяноста запытаў у розныя інстанцыі, але адказы адусюль аднолькавыя: парушэньняў ня выяўлена, усё ў парадку.

Мы падавалі ў суд, але прайгралі. Цяпер рыхтуем яшчэ адзін пазоў.

Там праблема ў тым, што ўсе разьлікі зробленыя па незразумелых даведках, якія былі атрыманыя нібыта ад аналягічнага заводу ў Італіі. Італьянская даведка пра выкіды чамусьці падпісаная дырэктарам пінскага заводу, які ўваходзіць у групу кампаній «ПАК». А на падставе гэтай даведкі робяцца ўсе разьлікі, што небясьпекі няма. Але мы мяркуем, што небясьпека будзе, бо маркі фільтраў у праектнай дакумэнтацыі не ўказаныя, незразумелая даведка па расьсейваньні выкідаў.

У тым, што зьявіцца сур’ёзная пагроза, нас пераконвае вопыт аналягічных прадпрыемстваў у іншых краінах і ў Беларусі.

Прадпрыемства «БІТ-сплаў» у Белазёрску, якое таксама належыць да 1AK-GROUP, складуе адкіды цягам трох гадоў каля пасёлку Зялёны Бор. Але ніякага руху зь імі няма. Побач за 800 мэтраў — дзіцячы садок, школа і стадыён.

У гэтую групу кампаній уваходзіць і наш завод пад Берасьцем, які таксама будзе ствараць у даволі вялікай колькасьці адкіды першай і другой клясы небясьпекі. Куды яны будуць накіроўвацца, бо ў Беларусі няма прадпрыемстваў па іх перапрацоўцы?

Намесьніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ія Малкіна, калі прыяжджала да нас, сказала, што гэтае пытаньне вырашаецца і завод ня будзе ўведзены ў эксплюатацыю, пакуль ня вызначаць месцы разьмяшчэньня адкідаў. А завод тым часам будуецца, і нам кажуць, што ўсё, маўляў, у парадку.

«Ідзе вялікі ціск на людзей»

Камэнтуючы сытуацыю, праваабаронца Раман Кісьляк сказаў Свабодзе, што для звальненьня Тацяны Фесікавай знайшлі фармальную нагоду, хоць яна шмат гадоў адпрацавала ў лякарні і ніколі не было пытаньняў.

«Тое, што Тацяна працавала ў прыватнай фірме і на паўстаўкі ў лякарні, нікому не перашкаджала. Але тое, што яе звольнілі адразу пасьля мітынгу, — відавочны ціск. Гэта адзіны лекар, які асьмеліўся выступіць. Ідзе вялікі ціск на людзей, якія працуюць у дзяржаўных установах, каб яны ня ставілі свае подпісы і не выступалі на акцыях», — кажа Кісьляк.

Мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу»
Мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу»

Паводле Рамана Кісьляка, грамадзкая кампанія супраць будаўніцтва заводу працягваецца, хоць улады ігнаруюць довады берасьцейцаў.

«Таксама мы выступаем супраць іншых парушэньняў, якія дапускае група кампаній „ПАК“, яе прадпрыемствы. Гэта захаваньне і складаваньне сьвінцовых адкідаў у розных месцах Берасьцейскай вобласьці. Цяпер працягваецца збор подпісаў за адстаўку мясцовага кіраўніцтва, таксама распаўсюджваецца інфармацыя пра шкоду сьвінцу, яго злучэньняў, пра небясьпеку заводу».

«Ня хочам, каб нас патруцілі». 37 тысяч жыхароў Берасьця пратэстуюць супраць будаўніцтва новага заводу

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.​

Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёну Берасьця адмовіў грамадзянам і грамадзкаму аб’яднаньню «Экадом» у задавальненьні пазову супраць ТАА «АйПаўэр» і Берасьцейскага аблвыканкаму.

Пазоўнікі прасілі спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу, пакуль ня будзе праведзена паўторнае грамадзкае абмеркаваньне актуальнай справаздачы па ацэнцы яго ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG