Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10-ы дзень галадоўкі «Маці 328»: чакаюць адказу ад Качанавай


Тацяна Канеўская, удзельніца галадоўкі руху «Маці 328», на сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта. 2 траўня 2018
Тацяна Канеўская, удзельніца галадоўкі руху «Маці 328», на сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта. 2 траўня 2018

10-ы дзень у Беларусі галадаюць актывісткі руху «Маці 328», якія дамагаюцца лібэралізацыі антынаркатычнага артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу, а таксама перагляду спраў сваякоў і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Што адбываецца з галадоўніцамі сёньня, 6 траўня?

Што важна ведаць:

  • 14 жанчын працягваюць галадоўку ў Калінкавічах, Востраве і Віцебску. Іх стан здароўя пагаршаецца, частка зь іх, верагодна, спыніць галадоўку 7 траўня.
  • Да галадоўкі абяцаюць далучыцца жанчыны з Горадні.
  • Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі, якая мусіла адбыцца 4 траўня, адкладзеная на няпэўны час.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

Пухавіцкі раён, вёска Востраў

Лідар руху «Маці 328» Ларыса Жыгар распавяла пра сытуацыю ў лягеры галадоўніцаў у Пухавіцкім раёне.

«Тут нас галадае, як і ўчора, 7 чалавек, але ўжо вельмі цяжка і заўтра нас пэўна стане меней. Людміла Кулініч выйдзе з галадоўкі і паедзе дамоў, магчыма, яшчэ і Натальля Старавойт. Ёй ужо было блага, губляла прытомнасьць, будзем для яе выклікаць хуткую і вырашаць, што рабіць. Астатнія трымаюцца і не саступаюць».

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

Паводле Ларысы Жыгар штодня ў лягер прыяжджаюць актывісткі руху «Маці 328», каб маральна падтрымаць галадоўніцаў.

«Вось і зараз у нас госьці. Сказалі, што 7 траўня яны зьбіраюцца аднесьці ў адміністрацыю зварот з пытаньнямі, што робяць улады, каб выканаць нашы патрабаваньні», — распавяла Ларыса Жыгар.

Паводле Ларысы Жыгар да акцыі намераныя далучыцца актывісткі ў Гародні, але колькі пэўна возьмуць удзел у галадоўніцы яна пакуль ня ведае.

Калінкавічы

6 жанчын працягваюць галадаваць і ў Калінкавічах. Пра стан здароўя распавяла Тацяна Канеўская.

«З нас ніхто раней не галадаў, ня ведалі, што гэта такое. Аказалася, горш, чым маглі ўявіць. На 10 дзень рэальна цяжка: слабасьць, апатыя. У нас былі лекары і параілі дадаваць у ваду крыху мёду і яблычнага воцату, дык мы пачалі піць такую ваду, стала лягчэй. Але зразумела, што далей лепш ня будзе. Трымаемся».

Галадоўніцы ў Каленкавічах
Галадоўніцы ў Каленкавічах

​Паводле Тацяны Канеўскай, цяпер галадоўніцы ў Калінкавічах вызначылі для сябе рубеж — дачакацца адказу кіраўніцы адміністрацыі Натальлі Качанавай.

«Яна ж нас абнадзеіла, што будзе нешта рабіць», — кажа Канеўская.

Ліяна Шуба распавяла пра тое, чым галадоўніцы ў Калінкавічах бавяць час.

«Адзін добры чалавек наладзіў тут тэлевізар, дык вось жанчыны глядзяць фільм, першы, на які патрапілі — „Шыпшына чырвоная“. Гэта блізка да нашай тэматыкі, сумнай, турэмнай. Але я не гляджу, вось пішу ліст сыну ў калёнію».

Паводле Ліаны Шубы яе сын, які сядзіць у калёніі «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі, ужо ведае пра галадоўку маці.

«Яго і сябра выклікалі на размову ў адміністрацыю з нагоды нашай галадоўкі, прычым не да сваіх міліцыянтаў, а нехта прыяжджаў да іх. Але пра ціск дзеці не казалі. Мы адразу папярэджвалі, каб праз дзяцей на нас не ціснулі, гэта было б звыш меры», — сказала Ліана Шуба.

Паводле Ліаны Шубы актывісткі «Маці 328» разам з актывісткамі ініцыятывы «Наша права» працуюць над зваротам ў Вярхоўны суд і пракуратуру Беларусі. Ідэя — заклікаць правесьці пазачарговы пленум Вярхоўнага суду, на якім бы разглядзелі практыку ўжываньня ў краіне артыкулу 328.

«Гэта можа дапамагчы зьніжэньню тэрмінаў і па нашых справах, бо зьмены, якія пакуль прапаноўваюцца для карэктыроўкі дзейнага артыкулу 328, будуць тычыцца толькі новых спраў, а нам гэтага недастаткова», — мяркуе Ліана Шуба.

Віцебск

У Віцебску чацьвёрты дзень трымае галадоўку Натальля Шарыпа. Жанчына аказалася адзінай у горадзе, хто адважыўся на такую акцыю пратэсту.

«Усіх гэтак запалохалі, што нават не тэлефануюць», — паведаміла Натальля пра сябровак, якія раней не выключалі, што далучацца да рэспубліканскай галадоўкі.

Заўтра Натальля зьбіраецца спыніць галадоўку, бо заплянавала выхад у горад і наведваньне шэрагу ўстаноў.

Натальля Шарыпа
Натальля Шарыпа

«Пайду ў КДБ, у аблвыканкам, да памочніка Лукашэнкі і ў тэлефонную кампанію МТС, якая абслугоўвае мой мабільны. Хачу іх спытаць, на якой падставе праслухоўваюць мой тэлефон — хіба я якая злачынца?» — абураецца Натальля Шарыпа.

Пра стан здароўя галадоўніца сказала: «Слабасьць ёсьць, так, але ёсьць і сілы змагацца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG