Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыста беларускі сюжэт, або Што стаіць за фэномэнам галадоўкі «Маці 328»


Галадоўка «Маці 328» у Калінкавічах
Галадоўка «Маці 328» у Калінкавічах

Што стаіць за фэномэнам галадоўкі маці людзей, асуджаных паводле наркатычных артыкулаў? Гэта чыста беларускі сюжэт, які цяжка зблытаць з досьведам іншых краін.

Найперш, чаму ўвогуле зьявілася праблема, якую спрабуюць вырашыць гэтыя грамадзяне? Тут існуе некалькі чыньнікаў.

У Беларусі людзей судзяць ня толькі за распаўсюд, але і, фактычна, за спажываньне наркотыкаў, што даволі рэдкая зьява ў сьвеце. Паводле дэкрэту № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў» ад 29.12.2014 г. за зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў стане наркатычнага ап’яненьня ўводзіцца адміністрацыйная адказнасьць у форме штрафу. А калі наркамана на працягу году «возьмуць» другі раз, ён атрымае ўжо два гады абмежаваньня волі.

Звыш 10 гадоў толькі за спажываньне — гэта занадта

А вось за «захоўваньне» наркатычных сродкаў даюць вялікія тэрміны зьняволеньня. Але як можна спажываць, не патрымаўшы наркотык у кішэні ці руках? А гэта лічыцца захоўваньнем. Таму колькасьць асуджаных за наркатычны артыкул даволі вялікая.

Па-другое, уражвае жорсткасьць пакараньня. Звыш 10 гадоў толькі за спажываньне — гэта занадта.

Жорсткага пакараньня па «наркатычных» артыкулах запатрабаваў сам Лукашэнка. На адмысловай нарадзе 4 сьнежня 2014 г. ён казаў:

«Для іх трэба стварыць невыносныя ўмовы ў месцах адбываньня гэтых тэрмінаў... Усталюем ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калёніі, прама скажу, сьмерці прасілі... Каб у яго не было часу думаць ні пра што, акрамя сну і працы... Галовы, як качанятам, можна было скруціць ужо даўно некаторым, не спасылаючыся на тое, што не хапае нейкай нарматыўна-прававой базы».

Таму ні пракуратура, ні Сьледчы камітэт, ні суд ня могуць нічога зрабіць, ня могуць пярэчыць кіраўніку дзяржавы.

Па-трэцяе, у краіне няма сыстэмы правасудзьдзя. Бо, як вядома, суды ў Беларусі амаль не выносяць апраўдальных прысудаў, яны проста штампуюць прапановы сьледчых органаў. А тыя, у сваю чаргу, выконваюць і перавыконваюць «пляны» па раскрываньні злачынстваў.

Усё гэта разам стварае кактэйль жорсткасьці, неправавых прысудаў, прававога беззаконьня. У выніку ў Беларусі каля 16 тысяч асуджаных за наркотыкі.

Мэханізмаў уплыву звычайных грамадзян на ўладу проста няма

Некалькі гадоў таму быў створаны рух «Маці 328». Бацькі асуджаных па «наркатычным» артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу пачалі змагацца за сваіх дзяцей. Для беларускага грамадзтва гэта рэдкі выпадак самаарганізацыі людзей. Бо звычайна ў Беларусі кожны памірае ў адзіночку.

І перад гэтымі людзьмі адразу ж узьнікла праблема, як дастукацца да ўлады. Праз пэўны час яны высьветлілі для сябе, што ў краіне няма ня толькі сыстэмы правасудзьдзя, але і зваротнай сувязі паміж грамадзтвам і дзяржаўнымі інстытутамі. Мэханізмаў уплыву звычайных грамадзян на ўладу проста няма. Яны могуць пісаць скаргі, але без асаблівых вынікаў. Бо на ўсе іх звароты ў праваахоўныя органы, суды, іншыя дзяржаўныя ўстановы прыходзілі адпіскі.

Таму актывісты руху «Маці 328» былі вымушаныя выкарыстоўваць неінстытуцыйныя, публічныя спосабы змаганьня: пікет, галадоўка. Толькі цяпер, калі пра галадоўку загаварылі ўсе незалежныя мэдыі, іх нарэшце прынялі ў Адміністрацыі прэзыдэнта.

Улады карыстаюцца тым, што ўдзельнікі руху «Маці 328» ня могуць разьлічваць на шырокую падтрымку насельніцтва. Бо словы «наркотыкі», «наркаманы» выклікаюць у беларусаў моцны нэгатыў. Яшчэ Лукашэнка спрабуе эфэктыўна гуляць на архаічных стэрэатыпах свайго электарату, перакананага ў тым, што гвалт і жорсткасьць — унівэрсальны сродак вырашэньня ўсіх праблем.

Улады выказалі гатоўнасьць трохі лібэралізаваць «наркатычнае» заканадаўства, у прыватнасьці зьмякчыць пакараньне для спажыўцоў наркотыкаў. Але аднавіць сыстэму правасудзьдзя ў краіне ўдзельнікам галадоўкі (іх ужо 14 чалавек) не пад сілу. Бо дзеля гэтага трэба мяняць палітычны рэжым.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Галадоўніцы з Калінкавіч выклікалі «хуткую» і міліцыю. Адна зь іх вырашыла спыніць акцыю пратэсту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG