Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропу праз Кіеў лоўкостам. Як Украіна стварае ўмовы для транзытных турыстаў зь Беларусі


Аэрапорт Барыспаль у Кіеве
Аэрапорт Барыспаль у Кіеве

Павелічэньне другі год запар колькасьці беларускіх турыстаў, якія наведваюць Украіну, ператвараецца ў сталую тэндэнцыю.

Украіна прываблівае беларусаў ня толькі таннымі шоп-турамі і славутымі турыстычнымі цікавінкамі. Апошнія два гады Кіеў і Львоў сталі яшчэ і цэнтрамі найбольш танных авіяпералётаў у Эўропу. Таму, агучваючы ў штогадовым пасланьні да парлямэнту і народу пытаньне, чаму беларусы лятаюць зь Вільні, Кіева, Варшавы, але ня зь Менску, Аляксандар Лукашэнка на яго і адказаў: таму што больш выгадна.

Сёлета такія транзытныя магчымасьці Ўкраіны яшчэ больш павялічацца: у канцы лета — пачатку восені на авіярынку зьявіцца яшчэ адзін перавозчык — найбуйнейшая эўрапейская бюджэтная авіякампанія Ryanair з Ірляндыі. Яна будзе выконваць рэйсы ў 10 кірунках з Кіева і ў 5 зь Львова.

Як адкрывалася ўкраінскае неба

Паводле экспэртаў, разьвіцьцё танных авіяперавозак стрымлівала манаполія кампаній украінскага алігарха Ігара Каламойскага, які дзякуючы сваім сувязям з уладамі блякаваў адкрыцьцё ўкраінскага неба для заходніх лоўкостэраў. Авіяцыйная група бізнэсоўца да 2012 году кантралявала больш як 48 адсоткаў авіяперавозак у краіне. Цяпер жа зь пяці ягоных кампаній на рынку засталася адна — Міжнародныя авіялініі — найбуйнейшая ва Ўкраіне.

Самалёт Wizz Air Airbus прызямляецца ў міжнародным аэрапорце Жуляны ў Кіеве ©Shutterstock
Самалёт Wizz Air Airbus прызямляецца ў міжнародным аэрапорце Жуляны ў Кіеве ©Shutterstock

Першапраходцам на ўкраінскім рынку ў 2013 годзе стала вугорская кампанія Wizz Air. Што праўда, яе даччыная кампанія доўга не пратрымалася і была закрытая, хоць бяз рэйсаў гэтага лоўкостэра Ўкраіна не засталася. Цяпер Wizz Air ажыцьцяўляе рэйсы толькі з Кіева ў восем эўрапейскіх краін. У Гішпанію ды Італію прасьцей і таньней пакуль што дабрацца з гішпанскай кампаніяй Vueling Airlines.

Новым штуршком для актывізацыі рынку стаў пераход Украіны на бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам. Менавіта дзякуючы гэтым абставінам найбуйнейшы эўрапейскі перавозчык — ірляндзкая Ryanair — пачала прабівацца ва Ўкраіну. Цяпер ад яе чакаюць шырокіх прапаноў, нягледзячы на тое, што гісторыя прыходу гэтай кампаніі суправаджалася скандалам — летась кіраўніцтва кіеўскага аэрапорту «Барыспаль» адмовілася падпісваць кантракт, бо не пагаджалася на ўмовы перавозчыка. Падпісаньне стала магчымым толькі ў сакавіку, а ўжо праз паўгода маюць адбыцца першыя рэйсы з Кіева ды Львова.

Спрабавалі сябе ва ўкраінскім небе нарвэская Norwegian ды італьянская OneAir. Але яны не змаглі вытрымаць канкурэнцыю з вугорскай Wizz Air і пакінулі ўкраінскі рынак.

Азіяцкі кірунак «закрываюць» Air Arabia ды Flydubai — абедзьве кампаніі базуюцца ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Авіяперавозкі б’юць рэкорды

Лоўкостэр Ryanair
Лоўкостэр Ryanair

​Нягледзячы на адмову ад авіяцыйных зносін з Расеяю, украінскія аэрапорты ды авіякампаніі летась дасягнулі рэкордных паказчыкаў у пасажырскіх перавозках — іхнымі паслугамі скарысталіся 10,5 мільёна грамадзян.

Гэта стала адной з крыніц папаўненьня мясцовых бюджэтаў. Напрыклад, у Львове даходы ад турызму ў 2017 годзе павялічыліся на 81% да 128 мільёнаў грыўняў. Паводле іншых дадзеных, 260 тысяч турыстаў, якія наведалі гэты горад, патрацілі 615 мільёнаў эўра. У сярэднім на аднаго вандроўніка прыпадае 75 эўра на дзень.

Лідэрамі па пасажырапатоках ёсьць чатыры ўкраінскія аэрапорты — кіеўскія «Барыспаль» і «Кіеў», а таксама «Адэса» і «Львоў». Паводле экспэртаў, існуючая авіяцыйная інфраструктура можа забясьпечыць і большыя аб’ёмы перавозак.

Стаўка на міжнародныя перавозкі і лоўкосты

Міжнародны аэрапорт Барыспаль у Кіеве
Міжнародны аэрапорт Барыспаль у Кіеве

​Кіраўніцтва кіеўскага аэрапорту «Барыспаль» выбрала галоўныя элемэнты стратэгіі разьвіцьця свайго прадпрыемства: найперш матывацыя авіяперавозчыкаў, каб шукалі новыя напрамкі, і выкарыстаньне лоўкостэраў.

Для заахвочваньня працуе адмысловая сыстэма зьніжак на пасажырскі збор: кампанія, якая перавозіць ад 100 да 300 тысяч пасажыраў, аўтаматычна атрымлівае 10 % зьніжкі, ад 300 да 600 тысяч — 15 %, і ад 600 тысяч — 20%.

У выпадку актывізацыі дзейнасьці лоўкостэраў у «Барыспалі» абяцаюць адвесьці ім асобны тэрмінал. «Мы ўжо падрыхтавалі плян раскансэрвацыі тэрміналу F для абслугоўваньня танных перавозчыкаў. Як толькі зразумеем, што ёсьць 15 рэйсаў на дзень, мы адкрыем для іх тэрмінал F, інакш гэта будзе стратны тэрмінал. Верагодна, яго адкрыцьцё адбудзецца ў летняй навігацыі 2018 году, але для гэтага рэйсы павінны быць забясьпечаныя», — паведаміў кіраўнік міжнароднага аэрапорту «Барыспаль» Паўло Рабікін.

Ва Ўкраіне будзе і свой лоўкостэр

Пакуль асноўным украінскім авіяперавозчыкам зьяўляюцца Міжнародныя авіялініі Ўкраіны
Пакуль асноўным украінскім авіяперавозчыкам зьяўляюцца Міжнародныя авіялініі Ўкраіны

​Летась ва Ўкраіне была зарэгістраваная авіякампанія SkyUp, якая будзе фармаваць кошт квітка паводле лоўкост-мадэлі без багажу і дадатковых паслуг. Ён будзе залежаць ад кірунку і часу набыцьця квіткоў. Спачатку гэты перавозчык будзе ажыцьцяўляць унутраныя рэйсы па Ўкраіне, а пазьней абяцае пачаць і міжнародныя палёты. Сёлета яна плянуе набыць пяць самалётаў «Боінг» і стартаваць ужо ў траўні.

Паводле экспэртаў, украінскі рынак, нягледзячы на ўжо дастатковую прадстаўнічасьць танных перавозчыкаў, застаецца прывабным для іншых кампаній. І не выключаюць, што неўзабаве ўдзельнікі рынку прадэманструюць жорсткую канкурэнцыю. Але ад яе ў выніку выйграюць пасажыры. Ва ўмовах жа жорсткай манаполіі спажывец едзе па больш танныя паслугі ў іншыя суседнія краіны. Як беларусы ў Вільню, Кіеў ці Варшаву.

У Літве абверглі беларускага міністра: няпраўда, што дзяржава датуе Віленскі аэрапорт, каб завабіць лоўкостэраў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG