Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СБУ здаўся ўкраінец, якога нібыта вэрбавала КДБ Беларусі


КДБ Беларусі, ілюстрацыйнае фота
КДБ Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла пра выкрыцьцё чарговай спробы спэцыяльных службаў Беларусі завэрбаваць грамадзян Украіны, жыхароў памежных тэрыторый, для выведніцкай дзейнасьці.

Украінскія праваахоўнікі ўстанавілі, што жыхар аднаго з памежных населеных пунктаў Чарнігаўскай вобласьці пэрыядычна выяжджаў у Беларусь, каб наведаць сваякоў.

«Падчас чарговай паездкі ўкраінец быў затрыманы праваахоўнымі органамі гэтай краіны за нібыта парушэньне правілаў гандлю. Пры гэтым прадстаўнікі КДБ Беларусі, пагражаючы крымінальным перасьледам, патрабавалі ад мужчыны перадаваць інфармацыю аб вайсковых аб’ектах, разьмешчаных на прымежнай тэрыторыі. Атрыманыя зьвесткі неабходна было перадаваць прадстаўніку беларускай спэцслужбы падчас выездаў у Беларусь», — паведамілі ў прэсавым цэнтры СБУ.

Па вяртаньні дадому грамадзянін Украіны зьвярнуўся да СБУ і паведаміў абставіны ягонай вярбоўкі і пастаўленых перад ім задач.

«Згодна з артыкулам 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, дзяржаўная здрада караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да 15 гадоў. Улічваючы той факт, што грамадзянін Украіны ня выканаў злачынных заданьняў замежных спэцслужбаў і добраахвотна заявіў праваахоўнікам пра сваю сувязь зь імі, суд вызваліў яго ад крымінальнай адказнасьці», — адзначылі ў СБУ.

Сёлета ў студзені адбыўся аналягічны выпадак зь яшчэ адным жыхаром Чарнігаўскай вобласьці: украінец пасьля 11 гадоў пражываньня ў Беларусі і вяртаньня ва Ўкраіну прыйшоў ва ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны Чарнігаўскай вобласьці з прызнаньнем аб вэрбаваньні Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі Беларусі і таксама быў вызвалены ад крымінальнай адказнасьці.

«Гэта ня першы і нават не другі выпадак. Такія факты мы фіксуем амаль сыстэматычна», — падкрэсьлілі ў прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG