Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнтка Латвіі: кволыя жанчыны — садамазахісцкі стэрэатып


Першай жанчынай-прэзыдэнтам на постсавецкай прасторы была Вайра Віке-Фрэйбэрга. Яна ўзначаліла Латвію ў 1999 годзе і займала гэтую пасаду два тэрміны, да 2007 году. Пазьней яе вылучылі на пасаду генэральнага сакратара ААН, але палітык адклікала сваю кандыдатуру. Пасьля адстаўкі Віке-Фрэйбэрга вярнулася да выкладаньня: выступае зь лекцыямі па ўсім сьвеце.

Вы правялі сваё дзяцінства ў лягеры для бежанцаў у Нямеччыне, дзе вы бачылі ахвяр згвалтаваньня, якіх прымушалі нараджаць нежаданых дзяцей. Падлеткам вы жылі ў Марока, дзе вашага бацьку прасілі прадаць вас як нявесту, калі вам было ўсяго адзінаццаць гадоў. Пазьней вы пераехалі ў Канаду. Як досьвед сталеньня ў розных краінах з рознымі культурнымі традыцыямі і сацыяльнымі нормамі фармаваў вашыя погляды на правы жанчын?

— У мяне была магчымасьць убачыць бясьсільле жанчын у часы войнаў і канфліктаў, калі згвалтаваньні станавіліся адным са сродкаў вядзеньня вайны. Яны застаюцца такімі дагэтуль — напрыклад, у некаторых частках Афрыкі. Калі я шэсьць гадоў працавала ў Фондзе справядлівасьці для ахвяр пры Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе, у нас было шмат жанчын з траўмамі пасьля жорсткіх ці групавых згвалтаваньняў. Гэтыя жанчыны былі ў жахлівым стане і мелі патрэбу ў апэрацыях.

Калі мая маці нараджала майго брата ў лягеры для бежанцаў у Нямеччыне, на суседнім ложку была 18-гадовая дзяўчына — ахвяра згвалтаваньня. Я прыходзіла адведаць маці кожны дзень, і гэтая дзяўчына заўсёды ляжала тварам да сьцяны і плакала, яна адмаўлялася браць на рукі свайго дзіцяці. Вядома, гэта зрабіла на мяне ўражаньне — гэта адчуваньне ўразьлівасьці.

Вы атрымалі магістэрскую ступень па псыхалёгіі ў 1960 годзе, на сьвітанку другой хвалі фэмінізму. Але ў самым пачатку вашай кар’еры прафэсійных псыхолягаў-мужчын было значна больш. Што для вас было самым цяжкім тады?

— Прадузятасьць супраць жанчын глыбока ўкараніліся ў грамадзтве. Калі я вучылася ў дактарантуры, крытэрам адбору студэнтаў былі вынікі экзамэнаў, а не іх пол. Але часам дарослыя прафэсары казалі мімаходзь нешта накшталт: «Як шкада, што ў групе столькі жанчын, якія займаюць месцы, якія маглі дастацца некаму, хто стаў бы сапраўдным навукоўцам». Таму што, вядома ж, жанчыны выйдуць замуж, народзяць дзяцей і кінуць карʼеру. Я рада сказаць, што ўсе з нас — а на той момант трое з нас ужо былі замужам — зрабілі выдатныя карʼеры. У той час як пра некаторыя аднакурснікаў-мужчын мы з тых часоў нічога ня чулі.

Нядаўна вы выступалі ў Арызонскім дзяржаўным унівэрсытэце. Вы сказалі, што ключавая задача для жаночага руху — «набраць крытычную колькасьць прыхільнікаў, каб стварыць шырокі ўсепранікальны рух, які сфармуе аснову для пераменаў». Дзе, на вашу думку, гэтыя перамены адбудуцца?

— Думаю, перамены ўжо адбываюцца ў прафэсійнай сфэры. Паглядзіце на амэрыканскія ўнівэрсытэты: у Гарвард сталі браць жанчын-прафэсараў — гэтая перамога зусім нядаўняя. Жанчыны толькі нядаўна змаглі служыць ва ўзброеных сілах. Мы зараз знаходзімся ў каледжы Барэт пры ўнівэрсытэце Арызоны. Барбара Барэт, у гонар якой ён названы, прайшла падрыхтоўку ў астранаўты. Яна так і не паляцела ў космас, але тое, што жанчын сталі прымаць у падрыхтоўчыя атрады — гэта было вялікай перамогай. Так крок за крокам мяняліся ўсе прафэсіі.

Зьяўляліся жанчыны, якія асьвятлялі шлях астатнім, падавалі прыклад. Для гэтага нам патрэбныя таленавітыя працавітыя і добра падрыхтаваныя жанчыны, якія гатовыя спаборнічаць у сваёй прафэсіі з кім заўгодна — і з жанчынамі, і з мужчынамі. І яны не павінны думаць, што іх посьпехі прыменшаць іх жаноцкасьць.

Я веру, што самая вялікая перашкода ў дасягненьні гендэрнай роўнасьці ў грамадзтве — гэта прамываньне мазгоў з раньняга ўзросту. Наша грамадзтва стагодзьдзямі верыла, што ёсьць жаночыя заняткі і мужчынскія заняткі. Як пісалі ў кнігах XIX стагодзьдзя, жанчыны — мяккія, маленькія, кволыя, слабыя, бездапаможныя. І калі яны не такія, яны прыкідвацца такімі, каб прыцягнуць мужчын. Для гэтага яны будуць лапатаць, прасіць джэнтэльмэнаў падтрымаць іх і так далей.

Гэта садамазахісцкі стэрэатып. Згодна зь ім усё, што асацыюецца з сілай, уладай, актыўнасьцю, інтэнсіўнасьцю, шчырасьцю — усё гэта мужчынскае. Гэта мэнтальная ўстаноўка распаўсюджваецца практычна на ўсё, гэта цэлы мэнтальны сусьвет. І калі жанчына яе прымае, калі яе мозг убірае гэта з навакольнага грамадзтва, то гэта зломіць яе разьвіцьцё знутры. Бо гэта не шкляная столь, якую нам ставіць грамадзтва. Гэта ўнутраная шкляная столь, збудаваная яе сьвядомасьцю. Бо яе прымусілі паверыць у тое, што калі яна засвоіць якія-небудзь з так званых мужчынскіх рысаў, то гэта будзе пагрозай яе жаноцкасьці.

Для мяне жаноцкасьць — гэта законная частка самавызначэньня жанчыны. Калі яна, напрыклад, хоча займацца навукай, то няма ніякіх прычын для таго, каб яна станавілася больш маскуліннай, не выкарыстоўвала касмэтыку, апраналася па-мужчынску і гэтак далей. Навошта? Калі яна лічыць сябе жанчынай, то яна мае права ў сваім асабістым жыцьці — у дачыненьні да сваёй зьнешнасьці і свайго цела — прытрымлівацца канонаў жаноцкасьці.

Дарэчы, у сучасным сьвеце іх мноства — ёсьць магчымасьць выбару, якім ужо нікога не зьдзівіш. І жанчынам варта зразумець, што яны не павінны дазваляць гэтаму страху страціць жаноцкасьць кіраваць сваім жыцьцём.

Адзін з інструмэнтаў дасягненьня роўнасьці — стварэньне гендэрных квот, гэта ўжо ёсьць у некалькіх эўрапейскіх краінах. Хоць крытыкі кажуць, што гэта мала дапамагае, а часам стварае іншую форму дыскрымінацыі, калі жанчынам кажуць, што яны атрымалі працу толькі з-за квот. Як вы ставіцеся да такой практыкі?

— Гендэрныя квоты — гэта апошні сродак. У тых сфэрах, у якія жанчын не дапускаюць па вызначэньні, квоты могуць дапамагчы. Але гэта апошні сродак. Таму што мужчыны заўсёды будуць гаварыць за сьпінамі жанчын: «Ха, мяне ўзялі з-за маёй кваліфікацыі, а іх — па квотах».

Мне падабаецца прыклад Венскага аркестру, які да нядаўняга часу заставаўся выключна мужчынскім. Ён лічыцца адным з самых прэстыжных у сьвеце і, натуральна, у яго першапачаткова ўключалі толькі музыкаў-мужчын. Але ня так даўно адной жанчыне — не памятаю, была гэта скрыпачка ці арфістка, — адмовілі ў прыняцьці ў аркестар. Яна ведала, што яна неверагодна добра іграла, і зьвярнулася ў суд. І суд парэкамэндаваў — здаецца, зь яе падказкі — каб падчас праслухоўваньня новых кандыдатаў экспэртнае журы сядзела за шырмай, так, каб яны ня бачылі кандыдата. Тады журы не будуць бачыць, хто перад імі — ці жанчына гэта, колькі ёй гадоў і гэтак далей. Яны будуць вымушаныя спадзявацца толькі на свой музычны слых. Падчас такога праслухоўваньня гэтай жанчыне ўдалося даказаць, што яна іграе лепш, і аркестар быў вымушаны яе прыняць. З тых часоў праслухоўваньня там праходзяць толькі так. І гэта выдатна працуе.

Паводле апошніх дадзеных, у Латвіі 65% людзей, якія атрымалі вышэйшую адукацыю — жанчыны, гэта ўдвая больш, чым мужчын з вышэйшай адукацыяй. І толькі 16% жанчын-дэпутатаў. Чаму гэта так, як вы лічыце? Колькі было жанчын у парлямэнце, калі вы сталі прэзыдэнтам? Як вы думаеце, Латвія дабілася значнага посьпеху ў гэтай галіне?

— Зараз у парлямэнце Латвіі менш жанчын, чым падчас майго прэзыдэнцтва. І для гэтага ёсьць простая прычына. У парлямэнцкіх рэспубліках, такіх як Латвія, ва ўсім, што ідзе ня так, вінавацяць урад. Людзі выплюхваюць сваю незадаволенасьць на парлямэнтарыяў. У прэсе дастаецца ўсім — і мужчынам, і жанчынам — ад канкуруючых партый, ад расчараваных выбаршчыкаў і гэтак далей. Для таго, каб быць дэпутатам у такой атмасфэры, трэба мець тоўстую скуру. Гуляюць ролю і 50 гадоў пад савецкай акупацыяй: тады дэпутаты проста прызначаліся партыяй. Іх баяліся, але іх не абавязкова любілі ці паважалі. Зараз, калі ў людзей ёсьць магчымасьць крытыкаваць парлямэнтарыяў, яны ёю ох як карыстаюцца. І многія жанчыны-дэпутаты адчуваюць, што да іх асабліва пільную ўвагу — іх крытыкуюць больш.

Як часта вы сутыкаліся з забабонамі ў адносінах да жанчын сярод палітычных лідэраў?

— Я магу шчыра сказаць, што за свае 8 гадоў прэзыдэнцтва я не сустракала нікога, хто адважыўся б рабіць сэксісцкія камэнтары мне ў твар. Але быў адзін выпадак, у самым пачатку, на наступны дзень пасьля майго абраньня. Я была ў Латвійскім інстытуце, дзе я на той момант працавала. Да мяне прыйшоў міністар абароны з букетам кветак, што здалося мне джэнтэльмэнскім жэстам. Ён сказаў: «Мадам прэзыдэнт, цяпер вы будзеце галоўнакамандуючым нашых войскаў, але вы ж нават не служылі ў войску». Я адказала: «Спадар міністар, вам ня варта пра гэта турбавацца, ня думаю, што ў абавязкі прэзыдэнта ўваходзіць капаньне акопаў».

Кіраўнік дзяржавы — гэта палітычная фігура. А армія падпарадкоўваецца абранаму ўраду. І нават калі прэзыдэнтам становіцца ваенны чалавек, ён павінен пакінуць службу і стаць нэўтральным, прадстаўляць на сваёй пасадзе ня войска, а ўвесь народ.

Назавіце самую актуальную гендэрную праблему? Што можна зрабіць для яе вырашэньня?

— Усё яшчэ існуючы разрыў у зарплаце мужчын і жанчын на аднолькавых пазыцыях. У сьвеце вельмі мала краін, у якіх можна з упэўненасьцю сказаць, што лекары і іншыя спэцыялісты атрымліваюць роўныя зарплаты незалежна ад іх полу.

Калі я выкладала ва ўнівэрсытэце Манрэаля, я была адным з прафэсараў, якія арганізавалі прафсаюз. Многія нашыя калегі казалі: унівэрсытэцкія выкладчыкі — гэта незалежныя мысьляры, а прафсаюзы патрэбныя завадзкім працоўным. На што мы адказалі: калі адміністрацыя разьмяркоўвае зарплаты як ёй заўгодна, то з намі абыходзяцца ня лепш, чым з рабочымі і працоўнымі.

Мы даведваліся пра ўсе больш выпадкаў, калі жанчынам плацілі менш, чым мужчынам за тую ж працу — тая ж колькасьць публікацый, тыя ж дасягненьні. А пры прафсаюзе ўвялі зарплатную шкалу і што ацэньвае камітэт — такім чынам зарплата стала залежаць толькі ад таго, наколькі энэргічным быў чалавек.

Жанчынам усё яшчэ даводзіцца змагацца за магчымасьць атрымліваць сумленнае і заслужанае прызнаньне. Нам усё яшчэ трэба змагацца за гэта. Пакуль мы гэтага не маем — гэта проста факт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG