Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пазбавіцца ад мэтэазалежнасьці


Адной з праблем, зь якой вельмі часта сутыкаюцца людзі рознага ўзросту, зьяўляецца мэтэазалежнасьць. Пад ёй разумеецца стан, калі пры зьмене надвор’я ў чалавека пагаршаецца самаадчуваньне, а пры наяўнасьці хранічных хвароб — іх абвастрэньне ці дэкампэнсацыя.

Што з намі адбываецца пры мэтэазалежнасьці

Найбольш часта пры зьмене надвор’я людзі скардзяцца на галаўны боль, адчуваньне агульнай млявасьці, у некаторых назіраецца павышанае потааддзяленьне, мурашкі ў канцовінах, хістаньні ўзроўню артэрыяльнага ціску.

Такія зьмены ў самаадчуваньні зьвязаны з генэтычнымі асаблівасьцямі рэакцыі вэгетатыўнай нэрвовай сыстэмы на вонкавыя раздражняльнікі, галоўнымі зь якіх зьяўляюцца атмасфэрны ціск, вільготнасьць паветра і яго тэмпэратура.

Пры іх вялікіх зьменах вэгетатыўная нэрвовая сыстэма ня можа хутка прыстасавацца, і таму такія людзі адчуваюць на сябе працэс перабудовы арганізму, які прыстасоўваецца да функцыянаваньня ў новых умовах надвор’я.

У каго яшчэ мэтэазалежнасьць сустракаецца

Акрамя генэтычных асаблівасьцяў, мэтэазалежнасьць сустракаецца пры пэўных хваробах, такіх, напрыклад, як артэрыяльная гіпэртэнзія, захворваньні судзінаў атэрасклератычнага кшталту (напрыклад, ішэмічная хвароба сэрца з прыступамі стэнакардыі).

У маладым узросьце мэтэазалежнасьць можа сустракацца ў модніц, якія імкнуцца да празьмернага пахудзеньня

У маладым узросьце мэтэазалежнасьць можа сустракацца ў модніц, якія імкнуцца да празьмернага пахудзеньня — іх арганізму цяжка прыстасоўвацца да зьменаў надвор’я летам пры навальніцах, калі назіраецца вільготнае надвор’е з высокай тэмпэратурай паветра.

Часам нэгатыўныя рэакцыі арганізму на перамены надвор’я могуць мець месца пры празьмернай стомленасьці, напрыклад, у той жа летні час перад вакацыямі, калі за працоўны год чалавек настолькі «выклаўся», што зьнясіленаму арганізму становіцца цяжка прыстасоўвацца да зьменаў надвор’я. Пасьля адпачынку такія праблемы застаюцца ў мінулым.

Што рабіць, калі вы маеце мэтэазалежнасьць?

Найперш трэба зьвярнуцца да лекара, бо сама па сабе метэазалежнасьць можа быць праявай якога-небудзь захворваньня, напрыклад, павышанага артэрыяльнага ціску. Лячэньне хранічнай паталёгіі, калі яна сапраўды будзе выяўлена, само па сабе здольнае вызваліць чалавека ад мэтэазалежнасьці.

трэба высыпацца, не злоўжываць тлустай ежай, алькагольнымі напоямі і мець дастатковы ўзровень фізычнай актыўнасьці

Важнае значэньне мае выкананьне агульнагігіенічных парадаў. Яны досыць простыя, але часам іх бывае цяжка выканаць: высыпацца, не злоўжываць тлустай ежай, алькагольнымі напоямі, асабліва моцнымі, мець дастатковы ўзровень фізычнай актыўнасьці.

Нагадаем, што ў тыдзень трэба рухацца ня меней чым 150 хвілінаў, прычым гэта павінна быць аэробная фізычная актыўнасьць — хуткая хада, бег, плаваньне, катаньне на ровары. Сюды жа адносіцца гуляньне з сабакам, праца на дачы — галоўнае, каб вы пачалі рухацца мінімальная працягласьць гэтай дзеі павінна быць ня меншай за 10 хвілінаў.

Разумна пры мэтэазалежнасьці прымаць кантрастныя душы, бо яны маюць агульнатрэніруючы эфэкт.

Пазытыўны эфэкт ад зьмены дыеты

Апошнім часам досыць важнае значэньне ў прафіляктыцы мэтэазлежнасьці надаецца дыеце, а менавіта ўжываньню прадуктаў, якія ў сваім складзе маюць бурштынавую кіслату. Гэтае рэчыва здольнае ўплываць на дзейнасьць вэгетатыўнай нэрвовай сыстэмы і падвышаць узровень прыстасаваньня арганізму да зьменаў надвор’я.

Бурштынавая кіслата знаходзіцца ў найбольшай колькасьці ў такіх прадуктах як грэцкія арэхі, фасоля, арахіс, грэйпфрут, гранат, салат і брусэльская капуста

Бурштынавая кіслата знаходзіцца ў найбольшай колькасьці ў такіх прадуктах як грэцкія арэхі, фасоля, арахіс, грэйпфрут, гранат, салат і брусэльская капуста. Калі ў вас ёсьць залежнасьць стану здароўя ад надвор’я, мы раім уключаць у штодзённы рацыён гэтыя харчовыя прадукты.

Пэўным эфэктам пры наяўнасьці мэтэазалежнасьці могуць валодаць сродкі, якія адносяцца да так званых адаптагенаў. Іх існуе вялікае мноства, прывядзем некаторыя — радыёла ружовая, экстракт элеўтэракока, араліі маньчжурскай і іншыя. Пры іх выкарыстаньні трэба памятаваць, што адаптагены прымаюцца ў першай палове дня, бо маюць узбуджальны ўплыў на галаўны мозг, прыём іх увечары можа прывесьці да бяссоньня.

Падсумаваньне

Калі ў вас ёсьць мэтэазалежнасьць, то ў многіх выпадках зьменшыць яе адмоўныя бакі можна пры дапамозе разумнага ладу жыцьця. Ня трэба таксама ігнараваць лекараў, бо пры адэкватным лячэньні хранічных хваробаў узровень мэтэазалежнасьці значна зьніжаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG