Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб вывучаць у школе беларускую мову — дастаткова 7 дзяцей. Як суседнія краіны спрыяюць беларускай мове


Беларускую мову ў замежных навучальных установах вывучаюць некалькі тысячаў чалавек. Найчасьцей гэта садкі, школы і ВНУ у краінах-суседках. Як адбываецца гэты працэс і хто за ўсё плоціць?

Літва

У Літве працуе адна беларускамоўная сярэдняя навучальная ўстанова — Віленская гімназія імя Францішка Скарыны. Яна адкрылася ў 1994 годзе намаганьнямі мясцовых беларусаў. У ёй вучацца дзеці зь першай па 12-ю клясы. Таксама ёсьць падрыхтоўчая група дашкольнікаў.

Цяпер тут 203 вучні і 15 дзетак у падрыхтоўчай групе. Колькасьць вучняў расьце. Гэта дзяржаўная літоўская школа, якую поўнасьцю ўтрымлівае літоўская дзяржава. Школу фінансуюць Міністэрства адукацыі Літвы і Віленскае самакіраваньне. Калектыў склаўся даўно, настаўнікаў дастаткова. Гэта рэальна беларуская школа, бальшыня прадметаў выкладаецца па-беларуску.

Адчыніць беларускую клясу ў Літве нескладана, калі набярэцца неабходная колькасьць дзяцей — мінімум 15 чалавек. Нядзельныя школы раней былі ў Вісагінасе і Клайпедзе, але разьвіцьця яны не атрымалі. Таксама была спроба адчыніць нядзельную школку ў Новай Вялейцы (Naujoji Vilnia), але там не набралі дастаткова вучняў.

Школа імя Скарыны ў Вільні
Школа імя Скарыны ў Вільні

Выпускнікі беларускай гімназіі ў Вільні маюць магчымасьць бясплатна вучыцца ў ВНУ Беларусі. Яны на першым месцы сярод прэтэндэнтаў.

Віленская гімназія імя Францішка Скарыны лічыць сябе спадкаемцай Віленскай беларускай гімназіі, адкрытай у 1919 годзе. У 1944 годзе яе закрылі, і цягам 50 год у Вільні не было адукацыі па-беларуску. Стагодзьдзе школы плянуюць адзначыць у новым будынку ці з праектам новага будынку. Колькасьць вучняў пакуль ня можа вырасьці, бо школа знаходзіцца ў будынку былога дзіцячага садку.

Частка прадметаў па-беларуску выкладаецца ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, які мае падтрымку ад літоўскай дзяржавы.

Амаль два гады таму зачыніўся Цэнтар беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры пры Літоўскім адукалягічным унівэрсытэце (раней катэдра ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце). Паўстала праблема з фінансаваньнем.

Латвія

У Латвіі беларускую мову вывучаюць у рыскай Беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы і нядзельнай школе ў Дзьвінску (Daugavpils).

Рыская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы — адзіная беларуская школа ў Латвіі. Яе адкрылі ў 1994 годзе дзякуючы актыўнасьці тамтэйшых беларусаў. Цяпер у 9 клясах школы вучацца 175 чалавек. Ёсьць падрыхтоўчая група з 20 чалавек — гэта дзеці, якія ў наступным навучальным годзе пойдуць у першую клясу.

Таксама ў Дзьвінску цягам амаль 25 гадоў існуе беларуская нядзельная школа, дзе цяпер вучацца 18 дзяцей рознага ўзросту.

Каб адкрыць беларускую клясу ў латыскай школе, павінны быць 18 дзяцей. Настаўнікі маюць выдатна ведаць беларускую і латыскую мовы. Гэта большая праблема, чым знайсьці дзяцей. Калі ёсьць дзеці і настаўнікі, тады можна ісьці да гарадзкога самакіраваньня з заявай аб стварэньні клясы.

Беларуская мова і літаратура — абавязковыя прадметы ў школе. Пазаклясныя імпрэзы ладзяцца на беларускай мове. Матэматыку пачалі выкладаць па-расейску, а цяпер, магчыма, перавядуць на латыскую.

Рыскую беларускую асноўную школу імя Янкі Купалы плянавалі зрабіць сярэдняй (пакуль яна базавая). Але для гэтага трэба напісаць праграмы і мець дастаткова (600-700 чалавек).

Беларуская школа імя Янкі Купалы ў Рызе
Беларуская школа імя Янкі Купалы ў Рызе

Рыская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы — дзяржаўная ўстанова, таму ўсе фінансавыя выдаткі ляжаць на Латвійскай дзяржаве. Ніякіх фінансавых зносінаў зь Беларусьсю няма. Настаўнікаў шукае дырэктар школы.

У сьнежні летась Даўгаўпілская гарадзкая дума выдала ліцэнзію беларускай нядзельнай школе, і яна стала афіцыйнай. Атрыманьне ліцэнзіі — крок наперад. Пакуль ліцэнзія дае статус гуртку па інтарэсах. Заняткі там адбываюцца бясплатна.

У ВНУ Латвіі беларуская мова не вывучаецца.

Польшча

Беларускую мову ў Польшчы вывучалі як прадмет летась у 25 сярэдніх школах, 17 гімназіях і 3 ліцэях — у Гайнаўцы, Бельску Падляскім і Беластоку. У Беластоку працуе польска- і беларускамоўны садок з дадатковым вывучэньнем беларускай мовы, а таксама групы з дадатковым вывучэньнем беларускай мовы ў садку № 1 у Гайнаўцы. Агулам беларускую мову ў Польшчы вывучаюць каля 3 тысяч чалавек.

Нягледзячы на дэмаграфічны спад, беларускае школьніцтва ў Польшчы стабільнае. За 10 год лічбы практычна не зьмяніліся, а ў некаторых месцах сыстэма нават удасканальваецца. Напрыклад, у Беластоку ў сярэдзіне 90-х увогуле не было ўрокаў беларускай.

Каб адкрыць беларускамоўную клясу ў польскай школе, дастаткова 7 дзяцей з польскім грамадзянствам.

Ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску
Ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску

У Варшаве бацькі летась дамагліся стварэньня пры школе трох групаў для вывучэньня беларускай мовы. На іх штосуботу ходзяць 15 чалавек. Каб стварыць адну групу, дастаткова 3 ахвочых. Нядаўна там запрапанавалі па-беларуску нават заняткі па кераміцы.

За ўсё плоціць польская дзяржава. Цікава, што ў Польшчы фінансавы мэханізм больш спрыяе школам нацменшасьцяў, асабліва ў вёсках. Школы з дадатковым вывучэньнем мовы меншасьці атрымліваюць больш грошай, чым звычайныя польскія клясы. Галоўную ролю тут адыгрываюць мясцовыя ўлады.

Беларускую мову, гісторыю і культуру выкладаюць у Варшаўскім, Беластоцкім і Люблінскім унівэрсытэтах. Бясплатныя курсы беларускай мовы ў Варшаве праводзіць Культурны цэнтар Беларусі, які працуе пры пасольстве.

Расея

У Расеі няма ніводнай беларускай школы. У 2002 годзе ў сямі расейскіх школах беларуская мова выкладалася як прадмет. Новых зьвестак няма.

Адзіная ў Расеі ўстанова, дзе сыстэмна выкладаецца беларуская мова, працуе ў Екацерынбургу. Яна працуе з 2012 году як нядзельная школа. Гэта грамадзкая ініцыятыва мясцовых беларусаў, дзе ахвочыя вучацца ў вольны ад асноўных заняткаў час. У школе вядзецца бясплатнае навучаньне беларускай мове, гісторыі і культуры.

Летась у Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Ламаносава адкрылі Цэнтар беларускай мовы, літаратуры і культуры, дзе адпаведна выкладаюцца беларуская мова, літаратура і культура.

МДУ
МДУ

У сьнежні 2017 году кіраўніцтва Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту паведаміла аб намеры вярнуць беларускую мову як прадмет выкладаньня. Цяпер шукаюць выкладчыка, які зможа яго весьці.

Украіна

Ва Ўкраіне няма школаў зь беларускаю моваю навучаньня. У Міністэрстве адукацыі сьцьвярджаюць, што за ўсе гады незалежнасьці не атрымлівалі зваротаў ад бацькоў з просьбаю арганізаваць беларускамоўную клясу. У той жа час пад Кіевам у лінгвістычнай гімназіі Ірпеня беларуская мова вывучаецца як замежная, але на факультатыўнай аснове.

Нацыянальныя суполкі беларусаў у розных рэгіёнах Украіны пэрыядычна ствараюць нядзельныя ці вячэрнія школы вывучэньня беларускай мовы. Але гэты працэс ня ёсьць масавым, таму для папулярызацыі роднай мовы беларусы пераважна ладзяць культурніцкія захады.

Ад 2009 года ў Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце імя Тараса Шаўчэнкі з ініцыятывы афіцыйнага беларускага боку працуе Цэнтар беларускай мовы і культуры імя Ўладзімера Караткевіча. Яго стварэньне прафінансаванае зь дзяржаўнага бюджэту Беларусі.

Кіеўскі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі
Кіеўскі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі

Зь 2010 года пад яго эгідай Інстытут філялёгіі КНУ набірае студэнтаў на адукацыйную праграму «Ўсходнеславянская філялёгія і ангельская мова: тэарэтычныя і прыкладныя студыі. Беларуская і ўкраінская мовы і літаратуры». Сёлета спэцыяльнасьць абралі 40 студэнтаў. Усе яны вучацца за кошт дзяржаўнага бюджэту. За ўвесь час існаваньня гэтай праграмы Інстытут філялёгіі падрыхтаваў па гэтай спэцыяльнасьці 31 бакаляўра і 9 магістраў.

Сёлета ўпершыню ва Ўсходнеэўрапейскім нацыянальным унівэрсытэце імя Лесі Ўкраінкі (Луцк) беларускую мову пачалі выкладаць як дысцыпліну. На факультэце філялёгіі й журналістыкі як другую ўсходнеславянскую мову цяпер яе вывучаюць 25 студэнтаў, якія вучацца як на бюджэтнай, гэтак і на кантрактнай праграмах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG