Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская фэдэрацыя футболу пажыцьцёва дыскваліфікавала 11 гульцоў і трэнэра за ўдзел у дамоўных матчах


Ілюстрацыйнае фота. Футбольны матч «Прамень» — «Тарпэда», 2017 год
Ілюстрацыйнае фота. Футбольны матч «Прамень» — «Тарпэда», 2017 год

11 гульцоў і аднаго трэнэра пажыцьцёва дыскваліфікаваў камітэт кантрольна-дысцыплінарны і па этычных пытаньнях Беларускай фэдэрацыі футболу (БФФ).

За арганізацыю дамоўных матчаў былы прафэсійны футбаліст Вячаслаў Замара і трэнэр-адміністратар Юры Сыраквашка (футбольны клюб «Прамень», Менск) абвешчаныя пэрсонамі нон грата (асобамі, непажаданымі для дзейнасьці БФФ). Пакараньныя пажыцьцёвай дыскваліфікацыяй футбалісты Аляксандар Цішкевіч, Аляксандар Лебедзеў, Андрэй Парываеў, Юры Рыжко (усе — з ФК «Іслач»), Сяргей Шуманаў, Ігар Жураўлёў (абодва — «Прамень»), Віталь Жалудок, Вячаслаў Палазьнік, Ягор Гудзель, Аляксей Саковіч (усе — «Ашмяны-БДУФК»), Ільля Гаўрылаў ( «Граніт») і трэнэр Уладзімер Макоўскі ( «Іслач»), адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Дыскваліфікацыяй на два гады пакараныя футбалісты Іван Дзенісевіч, Аляксандар Алумона, Аляксандар Папуш (усе — «Іслач»), Аляксандар Тарлікоўскі, Андрэй Напорка, Дзяніс Мядзьведзеў, дырэктар Дзьмітры Карпоўскі (усе — «Прамень»), Дзяніс Жбанкоў («Ашмяны -БДУФК»), а таксама былы прафэсійны футбаліст Дзьмітры Макар і былы арбітар Станіслаў Савіцкі.

«У дачыненьні да так званага „матчу-фантому“ чальцы камітэту прынялі рашэньне пажыцьцёва дыскваліфікаваць супрацоўнікаў Паўла Качановіча (» Шахцёр «, Салігорск) і Уладзіслава Каранеўскага („Слуцак“), а таксама грамадзян Лысакова А. В. і Гарбунова Д. С.». Таварыскі матч «Шахцёр» — «Слуцак» нібыта адбыўся ў Пінску і завяршыўся зь лікам 2:1 на карысьць «Слуцка». Замежныя букмэкерскія канторы прымалі стаўкі на гульню і «трансьлявалі» яе ход.

19 сьнежня 2017 году набыў моц прысуд суду Першамайскага раёну Менску па першай у краіне справе аб удзельніках дамоўных футбольных матчаў. Калегія па крымінальных справах Менскага гарадзкога суда, разгледзеўшы справу ў апэляцыйным парадку, пакінула прысуд раённага суду бязь зьменаў.

Прысуд суду Першамайскага раёну ў дачыненьні да 15 фігурантаў — былых і дзейсных футбалістаў, трэнэраў (футбольныя клюбы «Граніт», «Іслач», «Ашмяны», «Прамень») быў абвешчаны 12 кастрычніка 2017 году. Дзевяць чалавек абвінавачвалі ў подкупе ўдзельнікаў і арганізатараў прафэсійных спартовых спаборніцтваў і відовішчных камэрцыйных конкурсаў, зьдзейсьненым паўторна (чч. 1 і 2 арт. 253 Крымінальнага кодэксу ), астатніх — паводле ч. 1 арт. 253 КК (без паўторнасьці).

Найбольшае пакараньне — 3 гады абмежаваньня волі, так званай «хіміі», — атрымалі былыя футбалісты клюбаў першай футбольнай лігі Беларусі Вячаслаў Замара і Юры Сыраквашка (Замара быў адзіным з падсудных, хто не пагадзіўся з часткай выстаўленых яму абвінавачаньняў). Сыраквашка, паводле матэрыялаў справы, выконваў ролю непасрэднага арганізатара часткі дамоўленых матчаў. Ім, а таксама трэнэру з Маладэчна Ўладзімеру Макоўскаму цягам 5 гадоў было забаронена ўдзельнічаць у спартовых спаборніцтвах.

Астатнія 13 падсудных, у тым ліку грамадзянін Украіны Яраслаў Лемык і грамадзянін Расеі Ільля Гаўрылаў, атрымалі штрафы ад 4 тысяч да 400 базавых велічынь (ад 92 000 да 9200 рублёў).

Паводле сьледзтва, велічыня ставак на дамоўленыя матчы беларускага футболу ў букмэйкерскіх канторах Эўропы і Азіі вымяралася сумамі ад 1 да 4 тысяч у першай лізе і да 18 тысяч у найвышэйшай лізе альбо ў Кубку Беларусі. Злачынны даход ад такіх ставак мог быць значна большым, меркавала сьледзтва. Паводле матэрыялаў справы, арганізатары беларускіх матчаў атрымлівалі да некалькіх тысяч даляраў за гульню, шараговым футбалістам плацілі па некалькі соцень даляраў. Часам дамовы зрываліся, сьведчылі футбалісты ў судзе.

«Футбаліста можна падкупіць і за 100 даляраў». Як у Беларусі праводзяць дамоўленыя матчы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG