Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спускаюць справу на тармазах». Сьвятлана Коржыч упершыню расказала пра расьсьледаваньне сьмерці сына


Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана
Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана

У размове са Свабодай маці загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча распавяла, як сустракалася з абвінавачанымі, колькі каштаваў «целаахоўнік» для яе сына ў войску, і чаму сьледчыя не адказваюць на яе званкі другі месяц.

Цела пінчука Аляксандра Коржыча знайшлі на тэрыторыі вайсковай часткі ў барысаўскіх Печах 3 кастрычніка 2017 году. Першапачаткова справа разглядалася як шараговы суіцыд. Аднак пасьля розгаласу ў СМІ і асабістага ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі ў Сьледчым камітэце (СК) стварылі асобную групу для расьсьледаваньня сьмерці салдата. Прэзыдэнт загадаў, каб Сьвятлана Коржыч — маці салдата — атрымала доступ да некаторых сьледчых дзеяньняў.

За краты трапілі каля 15 сяржантаў і афіцэраў, кіраўніцтва часткі Аляксандра Коржыча страціла свае пасады, СК аднавіў расьсьледаваньне іншых выпадкаў сьмерці і траўматызму ў войску.


Маці не атрымлівае навінаў пра расьсьледаваньне сьмерці сына са сьнежня

Аднак з часам навінаў пра расьсьледаваньне гібелі Аляксандра Коржыча стала значнай меней, тэрміны расьсьледаваньня неаднаразова падаўжаліся. Апошні раз гэта адбылося 6 лютага. У той дзень старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў журналістам, што «падчас расьсьледаваньня выявіліся новыя факты нестатутных дачыненьняў як у частцы, дзе загінуў Коржыч, так і ў іншых».

Чатыры месяцы пасьля сьмерці Коржыча. Што ўлады абяцалі і што зрабілі

Як стала вядома Свабодзе, маці загінулага салдата не атрымлівае навінаў пра расьсьледаваньне сьмерці сына са сьнежня. Па яе словах, сьледчыя не адказваюць на яе тэлефанаваньні, яе больш не запрашаюць на допыты абвінавачаных. Сьвятлана Коржыч расказвае, што ёй удалося даведацца з размоваў з абвінавачанымі ў сьмерці сына, а таксама пра свае чаканьні ад расьсьледаваньня.

«Прыяжджала маці затрыманага афіцэра, пыталася, за што яе сын сядзіць»

«Я ведаю, што расьсьледаваньне сьмерці сына працягнулі. Наскевіч (старшыня Сьледчага камітэту. — РС) сказаў, калі быў у Берасьці. Але я ніякіх дакумэнтаў не атрымлівала. Я ня ведаю, да якога чысла, мне ніхто нічога не сказаў. Паведамлялася, што нейкія новыя факты, а якія? Апошні раз кантактавала са сьледчымі ў канцы сьнежня. Пісала ліст, прасіла вярнуць мне рэчы сына. Там тэлефоны, іншыя асабістыя рэчы. Але мне нічога не вярнулі, паведамілі, што да канца сьледзтва ня могуць аддаць. А цяпер я званю ім, але ніхто не здымае трубкі. Далі нумары мне для сувязі і не адказваюць. Не здымаюць трубкі. Ні ў СК, ні ў пракуратуры. І самі ня звоняць».

Я ёй адказала, каб яны самі цяпер з усім гэтым разьбіраліся. Хай грызуцца, як ваўкі



«Да мяне прыяжджала маці затрыманага ротнага афіцэра, знайшла неяк. „За што мой сын павінен сядзець?“, — пыталася. Я ў яе ў адказ спытала, за што мой гніць павінен? Гаварыла, што яе сыну зараз за бязьдзейнасьць пагражае 12 гадоў. Але ж ён усё адно выйдзе, а мой... Кажа, што яе сын не вінаваты, што за ўсё маёр адказваў. Што ўсе афіцэры саскочылі, а яе сын зараз будзе адказваць за сьмерць майго. Я ёй адказала, каб яны самі цяпер з усім гэтым разьбіраліся. Хай яе сын за сабой усіх цягне: палкоўніка, маёра. Хай грызуцца, як ваўкі. Я думаю, яны там усе грошы атрымлівалі. У канцы тыдня яны забіралі карткі і ва ўсіх здымалі грошы. Не адзін Саша там такі быў».

Аляксандар Коржыч
Аляксандар Коржыч

«Салдат, які знайшоў Сашу мёртвым, выказваў спачуваньні, плакаў»

«Я ў прапаршчыка гэтага (аднаго з затрыманых у справе аб сьмерці Коржыча. — РС) спыталася на допыце, якога банка ў яго асабістая картка. А ён ня ведае, ён ужо заблытаўся ў гэтых картках... Я думаю, што калі б у іх не было там добрага „даху“, то сяржанты „ляцелі“ б, прабачце, адразу... На допытах прысутнічала яшчэ ў лістападзе. Вазілі мяне і ў Печы, і на допыты сяржантаў, афіцэраў на Валадарцы. У іх там у кожнага свой адвакат, яны добра падрыхтаваліся. Адвакат камандуе: „Не гавары нічога, маўчы, маўчы“. Яны і маўчаць. Нічога ня ведаем, нічога ня бачылі, Сашу такога з мэдроты прывезьлі».

«Я бачыла таго салдата, які знайшоў мёртвым майго сына, мне прывозілі яго яшчэ ў лістападзе. Здаецца, з Навінак альбо зь СІЗА. Ён быў не ў сабе, падскокваў. Пагаварыць адзін на адзін зь ім у мяне не было магчымасьці, прысутнічаў сьледчы. Пытаньні можна было задаваць у межах разумнага. Яны яго дапытвалі, а ўжо ў канцы я магла нешта спытаць. Ён сядзеў, плакаў. Прасіў прыняць яго спачуваньні. Гаварылі, што ён мае нейкае дачыненьне (да сьмерці Аляксандра Коржыча. — РС), была такая інфармацыя... Гэты хлопец, які знайшоў Сашу, пяць разоў паўтарыў, што Коржыч сам ня мог залезьці туды, дзе павесіўся. Гаварыў, што крэсла не было на месцы, што падумаў, быццам вісіць манэкен».

Прастытутку мне прыводзілі, паказвалі... У Сьледчым камітэце. Аказалася, яна маці траіх дзяцей

«Прастытутку мне прыводзілі, паказвалі... У Сьледчым камітэце. Я зьдзівілася, што гэта за жанчына. Аказалася, яна маці траіх дзяцей. Адзін з затрыманых у справе сьмерці сына быў у яе першым каханкам, яшчэ адзін — другім. „Хто больш заплаціць“, — сказала яна мне. Я ёй кажу: „Сьмелая вы жанчына“. Сашу яна ня ведала, навошта ёй мой Саша. Ёй трэба той, хто грошы мае».

«З прапаршчыкам, у якога знайшлі плястыкавую картку Сашы, я таксама гаварыла. Спытала, чаму картка сына была ў яго. Адказаў, што пазычаў грошы. А картка ў яго выпадкова засталася, у кішэні. Ня ведаў, што Саша мне расказваў усё. І пра тое, што яго картка ў прапаршчыка, які ёю камунальныя паслугі аплочваў. Аказваецца, прапаршчык здымаў кватэру ў Менску, праскочыла такая інфармацыя. Я яму і сказала пра гэта, пра камунальныя паслугі. Ён адразу зьбянтэжыўся, закрыў рот».


«У банку адмовіліся даваць выпіску з рахунку сына»

«Адвакат аднаго з затрыманых сяржантаў гаварыў, што той у Сашы быў як целаахоўнік, і Саша плаціў за гэта. Аказваецца, што ў арміі прыходзілася плаціць целаахоўніку, каб выжыць. Кажа: „Саша заключыў са мной дамову аб ахове“. 20 рублёў такая паслуга каштавала. Я спытала ў яго, чаму ён тады ня справіўся з аховай сына. Паглядзеў на мяне і сказаў, што аддасьць 20 рублёў. Я кажу, мне 20 рублёў ня трэба, прынясіце на могілкі, пакладзіце на магілку...»

«Сама адваката не наймала, навошта мне адвакат. Зараз буду глядзець. Але вунь у Арцёма Басьцюка маці ёсьць адвакат, а справу закрылі».

«Паглядзім, як яны сьледзтва павядуць. Можна ж узяць банкаўскую картку Сашы і паглядзець рух сродкаў. Там жа ўсё відаць. Можна было па камэрах банкаматаў паглядзець, хто грошы здымаў. Я сама пайшла ў „Пріорбанк“, хацела папрасіць зьвесткі па банкаўскай картцы сына. Мне там ніхто нічога ня даў. Сказалі, што Сьледчы камітэт забараніў даваць мне выпіскі. Па тэлефоне таксама не далі».

«Я не магу ўсё расказаць, напэўна. Але калі пабачыла ўсіх гэтых сяржантаў, то падумала, дзе яны іх толькі сабралі? Хто іх выхоўваў? Ні адукацыі, анічога. Адзін толькі выказаў спачуваньні. Я запыталася, ці не спрабавалі яны неяк выратаваць Сашу, дапамагчы яму? Адказаў, што выклікалі капітана і больш нічога ня ведаюць. Потым я з капітанам размаўляла, ён кажа, што ў яго 2000 падначаленых і ён нічога ня ведае, а Сашу майго ў вочы ня бачыў».

Вайсковая частка ў Печах
Вайсковая частка ў Печах

«Забойства ў Магілёве за ноч раскрыў. Паглядзім, як зараз разьбярэцца»

«Калі б затрыманых сяржантаў добра ўзялі, то, я думаю, яны б усё расказалі. Што і як там было. Да мяне падыходзілі на пахаваньні і сказалі, што мы, маўляў, баімся расказваць, але адзін зь сяржантаў прыходзіў да Сашы ў мэдроту і сказаў, што ён павінен ім грошы за яе. За 10 дзён мэдроты — 150 рублёў. Уяўляеце? І гэта армія».

Я генэральнаму пракурору гаварыла, што калі б у яго забраць тэлефон і пасадзіць у падвал бязь ежы, без вады, то як бы ён засьпяваў?



«Я генэральнаму пракурору гаварыла, што калі б у яго забраць тэлефон і пасадзіць у падвал бязь ежы, без вады, то як бы ён засьпяваў? Яны майго сына закінулі ў падвал пабітага, а потым паслалі аднаго паглядзець, жывы ён альбо не, я так думаю. Вось таму ў іх такія вэрсіі, што ў 17 гадзін знайшлі, а ў 17.40 толькі паведамілі ў Барысаў. Там усё пакрыта цемрай. Я думаю, што замяшаны ўвесь афіцэрскі склад».

«Мне гаварылі, што справа на асабістым кантролі, што будуць дапамагаць. Але ніхто нічым не дапамог. Хадзіла ў ваенкамат, яны хацелі даведку аб складзе сям’і. Спытала ў ваенкама, навошта я сына адпраўляла ў армію? Адзінага сына, гавару, забралі ў маці. Каб яго парвалі на кускі? Глядзеў на мяне, апусьціў вочы... Усе маўчаць, чакаюць».

«Прыходзіла да мяне дэлегацыя жанчын, чые дзеці служаць. Сказалі, што мой сын — герой, што выратаваў іншых салдат. Што яму абэліск трэба паставіць. Я кажу: „Стаўце“. Я ж, як прапаршчык, ня буду з працягнутай рукой хадзіць грошы зьбіраць на абэліск».

«Асабістая справа на Сашу ляжала ў палкоўніка. У мяне ўсё запісана, што яны гаварылі. Кажуць, тайна сьледзтва. Што мне тайна сьледзтва? Справа ў галоўнакамандуючага, чакаюць, што ён скажа. Вунь забойства ў Магілёве за ноч раскрыў. Сказаў, што самыя жорсткія меры будуць прынятыя. А якія меры? Адхілілі палкоўніка. Гэта што, будуць справу спускаць на тармазах? Галоўнакамандуючы сказаў, што разьбярэцца. Ну паглядзім, як ён разьбярэцца».

СК: расьсьледаваньне працягваецца

Як паведамілі Свабодзе ў Сьледчым камітэце, расьсьледаваньне справы Аляксандра Коржыча працягваецца, новая інфармацыя будзе данесеная да грамадзкасьці адразу, як толькі гэта будзе магчыма.

Справа салдата Аляксандра Коржыча (відэа)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG