Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ушанавальніка ахвяраў «віцебскіх Курапатаў» паўторна пакаралі за незаконнае пахаваньне чалавечых парэшткаў


Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў

У судзе Віцебскага раёну паўторна разьбіралі справу супраць стваральніка ініцыятывы «Хайсы — Віцебскія Курапаты» Яна Дзяржаўцава. Першы раз ён быў аштрафаваны на 115 рублёў, а пасьля адмены прысуду і паўторнага разгляду справы — ужо на 122, 5 рублёў.

Ян Дзяржаўцаў у судзе
Ян Дзяржаўцаў у судзе

Судзьдзя Натальля Трацьцякова разьбірала справу, распачатую паводле артыкула 23.43 КоАП, цягам двух дзён. Інцыдэнт, які стаўся прычынай судовага разбору, адбыўся 29 кастрычніка летась. У той дзень Ян Дзяржаўцаў і група ягоных аднадумцаў пахавалі ў сымбалічнай магіле чалавечыя парэшткі, якія ў лясным масіве каля вёскі Хайсы мясцовыя жыхары знаходзяць ужо некалькі гадоў. Старажылы сьцьвярджаюць, што ў гэтых мясьцінах адбываліся масавыя расстрэлы, а ў лесе знайшлі свой апошні спачын ахвяры сталінскага тэрору 1937-38 гадоў.

Парэшткі, пакінутыя ў лесе
Парэшткі, пакінутыя ў лесе

​Паводле Яна Дзяржаўцава, увосень удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — Віцебскія Курапаты» пахавалі парэшткі, што засталіся незаўважанымі падчас працы 52-га пошукавага батальёну, які праводзіў тут эксгумацыю. Актывіст неаднаразова тлумачыў суду, што сябры ініцыятывы «Хайсы — Віцебскія Курапаты» шмат разоў зьвярталіся да мясцовых уладаў з просьбай правесьці добраўпарадкаваньне ў гэтых мясьцінах і надаць ім статус мэмарыяльнай тэрыторыі.

Ян Дзяржаўцаў каля труны з парэшткамі
Ян Дзяржаўцаў каля труны з парэшткамі

Аднак старшыня Мазалаўскага сельвыканкаму, таксама выкліканы ў суд, цьвердзіў адваротнае: што лістоў улады не атрымлівалі. А што да ўшанаваньня памяці забітых пад Хайсамі людзей, то мясцовая адміністрацыя чакае вынікаў сьледчых экспэртызаў. Маўляў, па выніках дасьледаваньня будзе зразумела, што за людзі тут пахаваныя.

Мясцовыя ўлады адмаўляюцца прызнаць, што расстраляныя — ахвяры сталінскага тэрору, не зважаючы на сьведчаньні мясцовых жыхароў. Сьведка Дубіна паведаміў у судзе, што натрапіў у інтэрнэце на відэаролік пра пахаваньне чалавечых парэшткаў, ініцыяванае спадаром Дзяржаўцавым і зьвярнуўся з гэтым у райвыканкам. Па ягонай заяве кіраўніца аддзелу ЖКГ Віцебскага райвыканкаму Кацярына Воінава склала пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Адміністрацыйная справа ўпершыню разглядалася судом Віцебскага раёну 21 сьнежня мінулага году. Тады судзьдзя Міхаіл Зубеня прызнаў сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава вінаватым і прысудзіў яму штраф памерам 5 базавых велічынь, што на той час складала 115 рублёў. Але Яну Дзяржаўцаву ўдалося аспрэчыць гэты вырак у абласным судзе, бо справу разглядалі без адваката. Пастанова была адмененая, справу накіравалі на паўторны разгляд, які і зьдзейсьніла судзьдзя Натальля Трацьцякова.

Двухдзённае разьбіральніцтва з удзелам адваката і сямі сьведак, запрошаных Янам Дзяржаўцавым, скончылася для яго ранейшым вынікам: актывісту ізноў прысудзілі штраф памерам 5 базавых велічынь. Але сёлета базавая велічыня была павялічаная, і спадар Дзяржаўцаў мусіць заплаціць ужо большы штраф — 122, 5 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG