Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дажыць да «трэцяй мэліярацыі». Хроніка зьнішчэньня адной ракі

Лесаўтваральны пяцігектарны арэал восеньскай нерушы ў поймавай забалаці — пад нож, пад нішто! Дый баброў... — куды? — а туды ж!.. Крык душы на сумежжы гадоў — так назваў свае эканататкі зь месца «рэканструкцыі мэліярацыйнай сыстэмы ракі Гавязьнянкі», што на Стаўпеччыне, Валер Дранчук. Аўтарская фатахроніка 1998–2018.

Валер Дранчук
Валер Дранчук

Пакуль я гэта пішу, седзячы перад ноўтбукам, недзе там у прырэчнай забалаці падаюць долу дрэва за дрэвам, мэтар за мэтрам агаляецца вусьціш затульнай мясьціны. Яшчэ месяц таму яна зачароўвала вока полымем жаўталісьця, бярозавым беластвольлем. Застаецца трава, вербалозьзе ды забуялы высокі трысьнёг. Затым прыйдуць гусенічныя карчавальнікі, магутныя бульдозэры, трактары, у бабровую затоку боўтне каўшом экскаватар, — зрэшты, што будзе далей, нават самі рабочыя цьмяна сабе ўяўляюць. «Лепш было ўсё пакінуць, чым рабіць», — кажа адзін. «На марны дзень! Тут нічога ня вырасьце» — дадае другі. «Нашто было лезьці? Дарма патрачаныя грошы!..» — мяркуе трэці.

Водаахоўная зона рэчкі Гавязьнянкі ў ваколіцах вёскі Вішнявец (гістарычнай Гавязны). Стаўпецкі раён, 19 кастрычніка 2017. Аўтарская хроніка
Водаахоўная зона рэчкі Гавязьнянкі ў ваколіцах вёскі Вішнявец (гістарычнай Гавязны). Стаўпецкі раён, 19 кастрычніка 2017. Аўтарская хроніка
Празь месяц, 11 лістапада 2017. Аўтарская хроніка
Празь месяц, 11 лістапада 2017. Аўтарская хроніка
Бабры аднаўляюць панішчаныя сялібішчы, назапашваюць ваду, якую ад іх нечакана забралі. Гэтыя плаціны зьявіліся за тры ночы пасьля разбурэньняў (бабры актыўныя ноччу). 5 сьнежня 2017. Аўтарская хроніка

18 сьнежня 2017. Аўтарская хроніка
18 сьнежня 2017. Аўтарская хроніка
Прырэчны краявід пасьля «ачысткі» і рэстаўрацыі, фрагмэнт панарамы. 2 студзеня 2018. Аўтарская хроніка
Прырэчны краявід пасьля «ачысткі» і рэстаўрацыі, фрагмэнт панарамы. 2 студзеня 2018. Аўтарская хроніка

...Заўчора, калі стаяў і глядзеў, было нашмат цяжэй. Асабліва калі вось так: наўзвоч гэта бачыш і ведаеш пэўна — прафанацыя й фальш, ад невуцтва і дурноты, за сьляпыя казённыя грошы, ня вартыя ані жаднай травіны, што вырасьце тут дзеля мітычнае «сенажаці», каб гэтак намарна зводзіць гектары адроджанай поймы, гэтак па-чорнаму рэзаць, глуміць жыцьцяносныя водаахоўныя краявіды.

А вось так было яшчэ зусім нядаўна.

Зарослы ставок у поймавай нерушы. 7 лістапада 2017. Аўтарская хроніка
Зарослы ставок у поймавай нерушы. 7 лістапада 2017. Аўтарская хроніка
Зёлкавая аптэка ў пойме Гавязьнянкі. Зарасьнікі валяр’яну. 10 ліпеня 2016. Аўтарская хроніка
Зёлкавая аптэка ў пойме Гавязьнянкі. Зарасьнікі валяр’яну. 10 ліпеня 2016. Аўтарская хроніка
У «год турызму» будзе што ўспомніць: надоечы гэты куточак зьнішчаны мэліяратарамі. Ліпень 2016. Аўтарская хроніка
У «год турызму» будзе што ўспомніць: надоечы гэты куточак зьнішчаны мэліяратарамі. Ліпень 2016. Аўтарская хроніка
Гняздо-рукавічка рэмеза звычайнага (Чырвоная кніга Беларусі). 10 ліпеня 2016. Аўтарская хроніка
Гняздо-рукавічка рэмеза звычайнага (Чырвоная кніга Беларусі). 10 ліпеня 2016. Аўтарская хроніка
Было... На другім пляне праваслаўная царква Іаана Прадцечы (былая ўніяцкая, 1782). Чэрвень 2011. Аўтарская хроніка
Было... На другім пляне праваслаўная царква Іаана Прадцечы (былая ўніяцкая, 1782). Чэрвень 2011. Аўтарская хроніка
...і стала. Аўтарская хроніка
...і стала. Аўтарская хроніка

«Бог вам судзьдзя, пустадомкі і барбары!»

Гэта мой вэрдыкт-пажаданьне ўсім, хто спрычыніўся да Гавязьнянкі, хто яе моцна пакрыўдзіў, як крыўдзяць дзяцей ці нямоглых старых.

І тым, хто падпісаў вынішчальны прысуд гэтаму арэалу восеньскай нерушы, я таксама пасылаю свой гнеўны вэрдыкт. Бо разумею месца пад сонцам як абавязак яго бараніць. Мне Бог не даруе, калі не заступлюся, калі адседжуся моўчкі...

Гавязьнянка на мапе
Гавязьнянка на мапе

Рака Гавязьнянка была панявечана першай асушальнай мэліярацыяй 60-х. Яе каналізавалі цалкам — ад вытоку ў лясным урочышчы пад Нясьвіжам, дзе вёскі Завітая і Стрыхараўшчына, аж да самага вусьця насупраць Коласавай Мікалаеўшчыны на Стаўпеччыне. Яе перасякалі дзясяткі ці сотні разоў Уладзіслаў Сыракомля і Канстанцін Міцкевіч... Усяго 24 кілямэтры, зь якіх сьмела адкідаем сёньня два: вярхоўе з году ў год перасыхае, сьцёку амаль не відаць. Аднак ніжай рачулка пачынае жвава пятляць, ашывацца, утвараць перакаты ды так званыя мэандры, сям-там — неглыбокія міні-затокі. Гэта вельмі цікава назіраць: як рэчка адраджаецца, вяртае людзям свае маленькія чары, а ўлоньне робіцца вабнейшым ды весялейшым.

На трэцім кілямэтры ўніз ад вытоку. Ваколіцы вёскі Старыя Навасёлкі, Нясьвіскі раён. Жнівень 2017. Аўтарская хроніка
На трэцім кілямэтры ўніз ад вытоку. Ваколіцы вёскі Старыя Навасёлкі, Нясьвіскі раён. Жнівень 2017. Аўтарская хроніка
На сярэдзіне шляху. Стаўпецкі раён. Верасень 2017. Аўтарская хроніка
На сярэдзіне шляху. Стаўпецкі раён. Верасень 2017. Аўтарская хроніка
Верасень 2017. Аўтарская хроніка
Верасень 2017. Аўтарская хроніка

Далёка ня ўсім вядома, як, якім коштам гэта рацэ даецца — пятляць-ашывацца, утвараць затокі ды лукі... Першая «мэліярацыя» кінула рэчку на павольную сьмерць. Трох-пяцімэтровыя схілы-адхоны каналаў схавалі ня толькі былую красу, але паралізавалі адвечны рух, асалоду плыць, даваць схоў і прытулак флёры і фаўне, быць багатай на рыбу. Яе паклалі ў труну, зааралі берагі, выкарчавалі прыбярэжныя дрэвы, агалілі ды асушылі пойму.

Разьлік рабіўся на хуткі канец. Але рака хацела жыць.

Ластаўка надзеі — гадоў празь дзесяць пасьля першай мэліярацыі паўстаў зь небыцьця ды пачаў разрастацца белакапытнік гібрыдны — прыкрынічны лек-чырванакніжнік, які ў народзе называюць цар-травой, а поймавая мясьціна набыла статус «асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі» (80-я гады). Цьвіце белакапытнік. 11 красавіка 2010. Аўтарская хроніка

Эфэктыўным сродкам рэнатуралізацыі і ажыўленьня асяродзьдзя сталася зьяўленьне на Гавязьнянцы бабровых сялібішчаў. Было ўражаньне, быццам баброў падсялілі дзеля ўратаваньня рэчкі, якая прагнула жыцьця і пераменаў. Першыя бабровыя збудаваньні ў ваколіцах вёскі Ахрэмавічы. Стаўпецкі раён, 1998. Аўтарская хроніка

Бабровая плаціна пад сьнегам выглядае шыкоўна. Ваколіцы вёскі Ахрэмавічы, студзень 2010. Аўтарская хроніка
Бабровая плаціна пад сьнегам выглядае шыкоўна. Ваколіцы вёскі Ахрэмавічы, студзень 2010. Аўтарская хроніка
Да Нёмана рукой падаць. Гавязьнянка на 21-м кілямэтры ўніз па цячэньні. Стаўпецкі раён, дзе вёскі Паласьня і Мікалаеўшчына. Травень 2008. Аўтарская хроніка
Да Нёмана рукой падаць. Гавязьнянка на 21-м кілямэтры ўніз па цячэньні. Стаўпецкі раён, дзе вёскі Паласьня і Мікалаеўшчына. Травень 2008. Аўтарская хроніка

Задача нумар адзін — дашчэнту зьвесьці бабра

Экскаватар разбурае бабровую плаціну ў водаахоўнай зоне. Ваколіцы вёскі Ахрэмавічы, Стаўпецкі раён. Кастрычнік 2017
Экскаватар разбурае бабровую плаціну ў водаахоўнай зоне. Ваколіцы вёскі Ахрэмавічы, Стаўпецкі раён. Кастрычнік 2017

Мне ўдалося прасачыць ці не галоўную задачу цяперашніх «мэліяратараў». Бадай, уся стратэгія і тактыка іхніх парываньняў палягае на гэтай «звышзадачы» — выкурыць бабра, і каб ніякіх шанцаў вярнуцца назад яму не пакінуць. Ачыстка каналаў — гэта ачыстка іх ад бабровай прысутнасьці. Выбіць, зьнішчыць дарэшты. Разбурыць плаціны, берагавыя сховішчы, хаты, атокі расьліннасьці, што ідуць на пракорм, — усё даастатку. Каб духу яго не засталося. Яму тут ня месца — і справе канец! Калі ў спрэчках даходзіла да гэтай, бабровай, тэмы — я хутка пачынаў цяміць, што вобраз ворага знойдзены. І калі спрабаваў запярэчыць, на мяне ўжо глядзелі зусім безнадзейна: маўляў, з табою ўсё зразумела.

Тады я выстаўляў нечаканы і малавядомы факт. Называў краіну, дзе бабра ў вялікай колькасьці экспартавалі дзеля ажыўленьня і ачышчэньня малых забруджаных рэчак і ручаёў. Маўляў, бабры — выратавальнікі панішчаных водных артэрыяў, а ня ворагі нам, і не выцірайце аб іх ногі, ня біце па галаве, не пускайце на марнае мяса. Маліцеся! Прамаўляйце словы мэдытацый. Вучыцеся жыць з прыродай, рабіце яе партнэрам, а не хапайцеся за палку. Ня сьмешкі ж — рэальная, жывая і эфэктыўная, аэрацыя! І ні капейкі зь бюджэту!.. Мае апанэнты на час прымаўкалі. Факт, як-ніяк, азадачваў.

Невялікі вадаспад на бабровай затоцы. Рэчка Гавязьнянка, жнівень 2016. Аўтарская хроніка
Невялікі вадаспад на бабровай затоцы. Рэчка Гавязьнянка, жнівень 2016. Аўтарская хроніка

Прыгадваю, як на раздольнай поймавай лугавіне, бліжэй да вёскі Вішнявец, бабры стварылі возера памерам з гектар. Яно пашыралася, хутка і хораша зарастала ў берагах, сюды ехалі рыбакі ажно з Клецку, Дзяржынску і Капыля, а мясцовыя жыхары сьпяшаліся набыць гумова-надзіманую лодку. На справу баброў прыходзілі паглядзець старыя і малыя, плаціна ўяўляла досыць мудрагелістае збудаваньне шырынёй каля 50 мэтраў і выклікала павагу, нават захапленьне.

24 ліпеня 2011. Аўтарская хроніка
24 ліпеня 2011. Аўтарская хроніка

Неўзабаве на Гавязьнянцы зьявіліся праектанты зь Менску. Пэўна, гэта ім і надало імпэту менавіта тут, на галоўным рэзэрвуары ракі, запраектаваць, а затым мэліяратарам бліжэйшай ПМК разгарнуць у гэтай «геніяльнай мясьціне» зь яе водарэсурсавым біянапаўненьнем ці ня самы шырокі фронт работ. Больш дакладна — не пакінуць жывога месца, расьцерці ў пясок, укрыжаваць.

Хочаш зьнішчыць прыроду — ствары монстра, або Вялікі звод вады

Пасьля таго як першая інстанцыя — Мінпрыроды — адфутболіла нас з Аленай Анісім (адказ на наш сумесны зварот не пакідаў ніякіх шанцаў адстойваць аб’ект прыроды ў галоўным прыродаахоўным ведамстве, сьведчыў пра адно: вам не сюды), я напісаў свой асабісты ліст у Дзяржкантроль. Злосны ліст, з гранатай у руцэ.

«...З гледзішча экалёгіі, прыродааховы — пісаў я, — гэта неадэкватны жорсткі праект (уходаньне рэчкі, зьнішчэньне рэкрэацыі, уніфармізм і біягенацыд); з гледзішча эканомікі і мясцовага маркетынгу — цалкам стратныя працы, закопваньне грошай намарна. Тое, што тут адбываецца, неабходна рахункаваць і аблічваць; дзяржпраграма, пэўна ж, разьлічаная на тое, што капейка будзе ўкладзена ў патрэбнае месца...

Аддачу зямлі, а насамрэч прыбярэжнай водаахоўнай зоны ракі, дзеля чаго ўкладваюцца вялізныя сродкі, уявіць немагчыма. Ветах сена, вобразна кажучы. А што далей? Дзе бізнэс? Ніякага бізнэсу ня будзе. Гэта вам скажа шараговы пастух. Зь ім пагодзіцца мясцовы аграном. Гатовы пацьвердзіць і я, нераўнадушны назіральнік з 60-гадовым стажам...

Панарама бітвы і ўсё, што тут адбываецца, — даводзіў я старшыні Анфімаву, — заслугоўвае і маральнай ацэнкі. На мой погляд, гэта ня проста шкодніцтва, неабачна аплочанае казною. Буду блізкі да ісьціны: гэта злачынства, здрада Радзіме. Бо ўсе — ад заказчыка, праектанта, дзяржаўца мясцовай улады да апошняга выканаўца — павінны былі разумець, якімі каштоўнасьцямі рызыкуюць. Ляндшафт, пэйзаж, расьлінны і жывёльны сьвет, прырода ў сваёй разнастайнасьці — генэтычны рэсурс краіны, найгалоўныя складнікі паняцьця Радзіма. Так разбураць, апустэльваць, зьбядняць, перайначваць вобраз роднай зямлі, не дапамагаючы прыродзе, а выбіваючы, гвалтуючы яе, заганяючы мясцовых жыхароў у роспач і дэпрэсію ад выгляду на ваколіцы, можа толькі вырадак і запраданец...»

Да ліста я прыклаў неабходныя паперы і дзесяць фатаздымкаў.

На што я мог разьлічваць? На свой голас і розгалас. Магчыма, на дзясятак ключавых словаў, на фотададатак, які пацьвярджаў мае словы... Збольшага я не памыліўся: мой ліст і ўся папярэдняя перапіска па Гавязьнянцы ўжо назаўтра ляжалі на стале аднаго з намесьнікаў кіраўніка менскай абласной структуры дзяржкантролю, куды я завітаў у той дзень на прыём...

Што б мы ні казалі, тлумачыў я, трэцяя мэліярацыя, якая зноў балюча ўдарылася ў «маю рэчку», — гэта рэальная вайна супраць прыроды, гэта брутальны захоп і звод вады (даўно і змрочна жартую, што аб’яднаньне-заказчык мэліярэканструкцый «Белводгас» заслугоўвае іншае назвы — «БелЗВОДгас»). Паглядзіце, хваля ў Гавязьнянцы ператварылася ў горны ручай. Бяжыць вада ў чужы далёкі сьвет — у мора і за мора — замест таго, каб насычаць родныя нетры, акумулявацца ў прасторы, фільтраваць каштоўныя запасы.

Хіба не злачынства супраць нацыі, калі мець на ўвазе той факт, што сёньня назіраем чарговае падзеньне грунтовых водаў? Мы бачым глыбозныя каналы, часам па два-тры поруч — на два чалавечыя росты, руйнаваньне ацалелых крынічак, разбурэньне гнёздаў прыбярэжнай зоны, генацыд жывых арганізмаў. Сетка каналаў па берагах разьлягаецца да самых грудкоў і пагоркаў, мяжуе з полем. Тое, што называлася лугам, поплавам, поймай, ператварылася ў вобраз цела, блізкі да патолягаанатамічнага...

Мэліярацыйны канал з пэрспэктывай на гаспадарчы двор агракамбінату «Вішнявецкі». Стаўпецкі раён, жнівень 2017. Аўтарская хроніка
Мэліярацыйны канал з пэрспэктывай на гаспадарчы двор агракамбінату «Вішнявецкі». Стаўпецкі раён, жнівень 2017. Аўтарская хроніка

Хто адкажа за «кожны гектар»?

Добра памятаю, як гадоў дзесяць таму Аляксандар Лукашэнка даваў даручэньне навесьці парадак на землях, якія зь недагляду зарасьлі, але маглі б стаць карыснымі для сельскай гаспадаркі. Здавалася б, што кепскага? Але пагроза адчувалася ў тым, што парадак можа абярнуцца супраць прыроды, біялягічных запасаў, паплавоў ды маляўнічых забалацяў.

Прайшло часу, і ў Столінскім раёне, што на Палесьсі, Лукашэнка літаральна заявіў, гледзячы ў бок Сумара (цытую з афіцыйных крыніц): «А ты сам считал лично себестоимость их работ? Они же сами себе считают, сами сметы рисуют, сами выполняют и в итоге приходят к тебе за деньгами. У нас же нет независимых бухгалтеров и счётчиков. Нам надо обязательно создать группу специалистов и посчитать их себестоимость». І тут жа ў бок кіраўніка Брэсцкай аблмэліярацыі: «Не дай бог, он не сдаст хоть один гектар». Гэта пры ўмове, што мэліяратары атрымаюць стоадсоткавае фінансаваньне.

Яны яго атрымалі.

А сёньня ў мяне ёсьць падставы спытаць у прэзыдэнта: «Хто адкажа за кожны гектар зьведзенага з твару зямлі адвечнага айчыннага краявіду?.. І за кожны бяз дай рацыі патрачаны беларускі рубель?..»

Расчыстка рэчышча Гавязьнянкі, пры якой паўстаюць, быццам зь пекла, нежывыя каналы з цалкам парушаным дном, якое за два-тры дзясяткі гадоў пасьпела (дало рады!) умацавацца, аднавіць сваю жыцьцяносную разнастайнасьць, нарасьціць нораў, дэнатуралізавацца, — ня голы прыклад. Можна сказаць, стэндавае месца: што наперадзе, што далей? Самаакупнасьць празь сем гадоў, якую абяцае «група спэцыялістаў» зь Мінсельхарчу?

Шматлікія дасьледаваньні паказалі: рэчышчы пасьля такой «ачысткі» (тэрмін вельмі ўстойлівы ў паперазвароце мэліярацыйных службаў) даволі хутка, на працягу 7–10 гадоў, ушчэнт заглейваюцца і... Не хацелася б думаць! Ня стане сьцёку вады, пойма-поплаў-луг перасохнуць, і нават бяз выкліку «патолягаанатама» (з тых, д’яблавых службаў) «мэліярацыйную сыстэму „Гавязьнянка“» зааруць вялізнымі глыбокімі плугамі.

Жнівень 2017. Аўтарская хроніка
Жнівень 2017. Аўтарская хроніка

То бок, я — пра рэчку, якую ніхто не адмяняў. Ні берагоў яе, ні поймы. Ні прырэчных алешнікаў, ні мокрых балацінак, ні кветак у лузе. Ні права яе рэчкай звацца... Гавязьнянка застаецца ў Блакітнай кнізе Беларусі (Мінск, 1994).

Вадзяны млын у Пагарэлым. Травень 2008. Аўтарская хроніка
Вадзяны млын у Пагарэлым. Травень 2008. Аўтарская хроніка

У Пагарэлым, вёсцы на Гавязьнянцы, я нядаўна распытваў пра вадзяны млын, які з даўняга часу стаяў наводшыбе, нікому не замінаў і якога раптам за ноч ня стала — разабралі на дровы ацепліць мясцовую фэрму. Жанчыны, што гэта распавялі, выціралі хусткамі сьлёзы: «Як мы яго шкадуем, вам не перадаць! Такога ж ужо ня будзе. Унукі прыяжджаюць і пытаюцца: „Нашто вы яго аддалі?..“ Гэта ж, кажуць, быў брэнд вашай вёскі... Цяпер за Гавязьнянку во ўзяліся. Зноў прыгналі гэтую сьмерць, канавы кругом капаюць, глянуць няма куды...»

«Няўжо тут нечага не дабралі?» — задаў я рытарычнае пытаньне.

Ці не дабеглі і сьпяшаюцца каго дагнаць, дацягнуцца да ўзораў-вычварэнстваў той нечалавечай цывілізацыі, якую называюць тэхнагеннай? А мо ўсё прасьцей — каб у нейкіх ПМК нумар 74 ці 147 не прастойвала бульдозэрна-каўшовая тэхніка?

У Яніны Рамановіч даўнія рахункі з мэліяратарамі. «Былі крыніцы, рэчка, луг — усё было!.. Я пры самай рэчцы жыла, нарадзілася тут, як цяпер тое помню. А дзе яно, куды падзелася?..» Падчас інтэрвію Белсату. Вёска Пагарэлае, Стаўпецкі раён. Чэрвень 2016. Аўтарская хроніка

«Ім жа хочацца ў сьпёку хоць пяткі ў рэчцы памачыць... — патлумачыла свой клопат пра мясцовую дзятву жанчына, што з двума сваімі ўнукамі прыехала ў родную вёску на адпачынак. — Але пакупацца няма дзе...» Вёска Пагарэлае, Стаўпецкі раён. Чэрвень 2016. Аўтарская хроніка

«Не чапайце хоць вы!»

Ішлі ад вусьця, ад самага Нёмана, дзе Мікалаеўшчына, Паласьня, Пагарэлае, Крамец, Зарэчча... Намарна зьелі дзьве траціны рэчкі.

«Гэта ўжо трагедыя Гавязьнянкі. Таму ня рушце хоць вы на сваім баку, у вярхоўі, — сказаў я ў Нясьвіскім райвыканкаме кіраўніку „вэртыкалі“. — Пакіньце гэтую адну траціну з вытокам — мінімум вашае чалавечнасьці, калі ня сьпісваць рачулку з рахункаў дарэшты».

Старшыня паабяцаў прыгледзецца да праекту, па магчымасьці не чапаць рэчышча, правесьці грамадзкія слуханьні, «абавязкова» запрасіць мяне як аўтара пэтыцыі на Change.org і журналіста-абаронцу.

Бадай, гэта лепшае, што ён мог мне сказаць, гледзячы ў вочы. Шкада. Ад сказанага ўжо не засталося, бадай, аніводнага слова праўды.

Бабровая плаціна з глыбокай затокай-сажалкай на мэліярацыйным канале. Зьнішчана паводле праекту «рэканструкцыі» ў сьнежні 2017. Ваколіцы вёскі Петухоўшчына, Нясьвіскі раён. Верасень 2017. Аўтарская хроніка

Нож «трэцяй мэліярацыі» ў Нясьвіскім раёне. Ваколіцы вёскі Новыя Навасёлкі. Сьнежань 2017. Аўтарская хроніка
Нож «трэцяй мэліярацыі» ў Нясьвіскім раёне. Ваколіцы вёскі Новыя Навасёлкі. Сьнежань 2017. Аўтарская хроніка

1992: «штучна ствараць плёсы і перакаты...»

«І не хапае месца для буслоў цыбатых / На нашых перасохлых паплавах», — праўдзівыя радкі Пімена Панчанкі з далекаватых 70-х я заўсёды любіў цытаваць. Пераважна для самога сябе. Як мэмарандум аб каштоўнасьці беларускай прыроды. Нашых лугоў і поймавых краявідаў, нашых балотаў і рэк, прырэчных лясоў і крыніц. Дзякуй, паэт! Лірычны вобраз дацягваў да пляката, лёзунга, канстатаваў сумны вынік, заступаўся ня толькі за маю Гавязьнянку, але за сотні-тысячы малых рэчак і рэк, што склалі 80 адсоткаў (!) ад усёй іхнай колькасьці — тое значыць, падзялілі цяжкі лёс укрыжаваных пакутніц. Толькі ўдумацца ў лічбу, што люструе трагедыю беларускай прыроды!..

Заўжды сумняваўся ў шчырасьці адносін уладных структур да міжнародных экалягічных дакумэнтаў, што падпісвае і ратыфікуе Беларусь, — усё адно нейкая дуля з кішэні тырчыць. Сёньня, калі трэцяя мэліярацыя ў нас за акном, я зноў пра гэта ж. Падпісаны зь дзясятак дакумэнтаў, найперш Канвэнцыі аб біялягічнай разнастайнасьці, па барацьбе з апустыньваньнем, Рамсарская, дзе выразна актуалізаваныя перадусім такія паняцьці, як вада і вільгаць. А тут асушэньне парэшткаў! Нашых водных артэрыяў! Трэцім наваратам! Нягледзячы ні на што!

Ліпень 2017. Аўтарская хроніка
Ліпень 2017. Аўтарская хроніка
Жнівень 2017. Аўтарская хроніка
Жнівень 2017. Аўтарская хроніка
Абноўленае рэчышча. Сьнежань 2017. Аўтарская хроніка
Абноўленае рэчышча. Сьнежань 2017. Аўтарская хроніка
На гэтым «аркушы» ня згледзіш абрысаў рэчкі. «Архітэктурны праект «Гавязьнянка», як любяць пісаць мэліяратары, не прадугледжвае «кучаравасьцяў» на мясцовасьці... Зазімак, 5 сьнежня 2017. Аўтарская хроніка

Нарэшце — хоць з даўніны, чую ратаўнічы водгук, словы ў падтрымку прыроды: «Умела выкарыстоўваючы законы прыроды, тэхніку, якой раней спрамлялі рэчышчы (...), трэба штучна ствараць плёсы і перакаты... Такім чынам можна выратаваць тыя ручаіны, дзе яшчэ захаваўся маленькі сьцёк». Так напісаў пра неабходнасьць дапамагаць «мэліяраваным» рэкам часопіс «Родная прырода» (1992, № 10).

25 гадоў таму... Надзея ці безнадзейнасьць?

Валер Дранчук. Фота аўтара

Выкарыстаны фрагмэнт мапы latlon.org
OpenStreetMap contributors, CC BY-SA)

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG