Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінец прыйшоў у СБУ з прызнаньнем пра супрацу зь беларускім КДБ


Украінец пасьля адзінаццаці гадоў пражываньня ў Беларусі і вяртаньня ва Ўкраіну прышоў ва ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны Чарнігаўскай вобласьці з прызнаньнем аб вэрбаваньні Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Як вынікае з рашэньня Рэпкінскага раённага суду Чарнігаўскай вобласьці, дзякуючы добраахвотнаму прызнаньню, грамадзянін Украіны вызвалены ад крымінальнай адказнасьці ў справе пра дзяржаўную здраду. У судовым рашэньні адзначаецца, што ўкраінец на працягу 2006-2017 гадоў стала пражываў разам з жонкай у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Але ў чэрвені 2017 беларускія ўлады пазбавілі яго віду на жыхарства, і ён вымушана вярнуўся да бацькоў у паселішча Рэпкі Чарнігаўскай вобласьці, працягваючы пэрыядычна езьдзіць у Беларусь для наведваньня жонкі і для запраўкі гаручым аўтамабіля.

У ліпені 2017 года пад час чарговай паездкі ў Беларусь у пункце пропуску «Новая Гута» (Гомельская вобласьць) пад пагрозай дэпартацыі і забароны ўезду на беларускую тэрыторыю супрацоўнік КДБ Беларусі прапанаваў украінцу сакрэтнае супрацоўніцтва, і ён пагадзіўся, падпісаўшы адпаведныя дакумэнты. У судовым рашэньні адзначаецца, што ўкраінец мусіў атрымліваць заданьні і перадаваць сабраную інфармацыю падчас паездак у Беларусь падчас асабістых сустрэч з супрацоўнікам Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Беларусь у пункце пропуску «Новая Гута».

У прыватнасьці, гаворка ішла пра збор выведвальнай інфармацыі аб аўтамабільным транспарце і асабістым складзе Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны і праваахоўных органаў Украіны, што знаходзяцца на тэрыторыі Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці каля мяжы зь Беларусьсю, а таксама інфармацыі пра мясцовых жыхароў, якія бралі ўдзел у правядзеньні антытэрарыстычнай апэрацыі на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей.

«Асоба» бяз прозьвішча

У кастрычніку 2017 года супраць грамадзяніна Ўкраіны была адкрытая крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — дзяржаўная здрада. Гэтае злачынства караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 12 да 15 гадоў.

Аднак, паколькі ўкраінец добраахвотна зьвярнуўся да СБУ з заявай аб сваёй сувязі з прадстаўнікамі замежнайдзяржавы — Рэспублікі Беларусь, а сьледзтва не ўстанавіла рэальнай шкоды дзяржаўным інтарэсам Украіны, яго вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці.

У рашэньні суду прозьвішчы сьледчага і абвінавачанага ў справе не пазначаныя. Згодна з украінскім заканадаўствам, для абароны пэрсанальных дадзеных замест прозьвішчаў у судовых рашэньнях ужываецца слова «Асоба».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG