Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Польшчы пра разьвіцьцё двухбаковых адносінаў, электраэнэргію з Астраўца і катынскі сьпіс


Конрад Паўлік
Конрад Паўлік

Адмена санкцый Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі стала імпульсам для разьвіцьця польска-беларускіх адносінаў ва ўсіх сфэрах, заявіў у вялікім інтэрвію БелаПАН амабсадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік. Амабсадар расказаў пра станоўчыя бакі і праблемныя моманты ва ўзаемаадносінах Польшчы і Беларусі.

Таваразварот паміж Польшчай і Беларусьсю за апошні год вырас амаль на 20%, аб’ём польскіх інвэстыцыяў — на 40%

Паводле ацэнкі амабсадара Польшчы ў Беларусі Конрада Паўліка, двухбаковыя адносіны Польшчы і Беларусі становяцца ўсё больш ажыўленымі. Ён адзначыў актыўнае разьвіцьцё эканамічнага і трансгранічнага супрацоўніцтва, узаемадзеяньне ў сфэры культуры, аховы здароўя, адукацыі, транспарту, інфраструктуры, лягістыкі.

Я перакананы, што адна з прычын — паляпшэньне палітычных адносінаў паміж нашымі краінамі.

«Што датычыцца сфэраў, у якіх мы дасягнулі найбольшых посьпехаў, — гэта перш за ўсё эканоміка. Напрыклад, таваразварот паміж Польшчай і Беларусьсю за апошні год вырас амаль на 20%. Я перакананы, што адна з прычын — паляпшэньне палітычных адносінаў паміж нашымі краінамі», — сказаў Конрад Паўлік.

Паводле амбасадара, ёсьць прыклады пасьпяховых беларуска-польскіх сумесных праектаў па вытворчасьці прамысловых тавараў, мэблі, будаўнічых матэрыялаў, якія працуюць як на беларускім рынку, так і на рынку трэціх краін. Сярод такіх праектаў ён назваў кампаніі «Белпласт», «МадэрнЭкспа», «Тайфун Атлас», «Сьнежка».

«Можна сказаць, што дзелавы клімат у Беларусі паляпшаецца, гэта пацьвярджае аб’ём польскіх інвэстыцый, які дынамічна расьце. У гэтым годзе ў параўнаньні зь мінулым ён вырас на 40%», — адзначыў амбасадар Паўлік.

За два гады ўтрая вырасла колькасьць дазволаў на працу ў Польшчы, якія выдалі беларусам

За першае паўгодзьдзе 2017 году беларусам выдадзена каля 25 тысяч дазволаў на працу ў Польшчы, паведаміў Паўлік у інтэрвію БелаПАН. Паводле яго, за ўвесь 2016 год было выдадзена 23 тысячы дазволаў, а ў 2015-м — 8 тысяч. «Гэта паказвае маштаб зацікаўленасьці занятасьцю грамадзян Беларусі ў Польшчы», — дадаў амбасадар.

Штогод 400 тысяч беларусаў атрымліваюць візы ў польскіх консульствах.

Паводле дыплямата, штогод 400 тысяч беларусаў атрымліваюць візы ў польскіх консульствах — гаворка і пра нацыянальныя польскія, і пра шэнгенскія візы.

Колькасьць зваротаў па карты паляка апошнія гады трымаецца на стабільным узроўні — каля 10 тысяч чалавек у год. Пры гэтым выпадкі, калі беларусы атрымліваюць карту паляка, а потым эмігруюць у Польшчу, адзінкавыя. «Калі хто-небудзь хоча зьехаць за мяжу, ён зьедзе. Яму для гэтага не патрэбная карта паляка», — адзначыў Паўлік.

Пра малы прыгранічны рух: «Гэта карысьць для абодвух бакоў»

Польшча цалкам гатовая да запуску малога прыгранічнага руху і чакае канчатковага падпісаньня дакумэнтаў зь беларускага боку, заявіў Конрад Паўлік. Паводле яго, Польшча завяршыла ўсе неабходныя працэдуры яшчэ некалькі гадоў таму.

Многія палякі захацелі б наведаць Беларусь, што, безумоўна, прынесла б пэўную выгаду беларускай эканоміцы.

На думку дыплямата, малы памежны рух карысны для абодвух бакоў. У выпадку яго ўкараненьня «многія палякі захацелі б наведаць Беларусь праз усе пункты пропуску і на працягу ўсёй прымежнай зоны, што, безумоўна, прынесла б пэўную выгаду беларускай эканоміцы».

Дамову аб малым памежным руху Беларусь і Польшча падпісалі ў лютым 2010 году, сёлета бакі ратыфікавалі дамову. Тым ня менш Беларусь так і не пачала рэалізацыю дамоўленасьцяў з Польшчай. У лістападзе 2015 году старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Леанід Мальцаў заявіў, што малы памежны рух Беларусі з Польшчай запрацуе пасьля стварэньня неабходнай памежнай інфраструктуры.

Амбасадар таксама адзначыў прагрэс у пытаньні бязьвізавага рэжыму для замежных турыстаў у Беларусі. Паводле Паўліка, дзякуючы гэтаму да канца году Беларусь можа наведаць каля 50 тысяч палякаў.

«Нас хвалююць усе факты абмежаваньняў працы журналістаў у Беларусі»

«Нас хвалююць усе факты абмежаваньняў працы журналістаў у Беларусі», — заявіў Конрад Паўлік ў інтэрвію БелаПАН, адказваючы на пытаньне, ці адсочвае амбасада сытуацыю зь перасьледам журналістаў-фрылансэраў.

У Польшчы акрэдытацыя для ажыцьцяўленьня журналісцкай дзейнасьці не патрабуецца і ніхто не карае за яе адсутнасьць, у тым ліку беларускіх журналістаў.

«У Польшчы, напрыклад, акрэдытацыя для ажыцьцяўленьня журналісцкай дзейнасьці не патрабуецца, ніхто не карае за адсутнасьць акрэдытацыі, у тым ліку беларускіх журналістаў, якія працуюць у Польшчы. Але ў кожнай краіны свой падыход да гэтага пытаньня і сваё заканадаўства», — дадаў амбасадар.

Беларускіх журналістаў-фрылансэраў, якія супрацоўнічаюць без акрэдытацыі з польскім тэлеканалам «Белсат», які зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем Польскага тэлебачаньня, абвінавачваюць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ і караюць буйнымі штрафамі — ад 20 да 50 базавых велічынь. Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), агульная сума штрафаў у 2017 годзе склала каля 50 тысяч рублёў (каля 25 тысяч даляраў). Тэлеканал неаднаразова падаваў у беларускі МЗС дакумэнты для рэгістрацыі карпункту ў Беларусі, але атрымліваў адмовы.

Пра электраэнэргію з Астраўца

Польшча практычна самадастатковая ў вытворчасьці электраэнэргіі і ня мае намеру набываць яе за мяжой, заявіў БелаПАН Конрад Паўлік.

Мы не зьбіраемся купляць электраэнэргію з Астраўца, але ня хочам палітызаваць пытаньне будаўніцтва гэтай станцыі.

«Мы не зьбіраемся купляць электраэнэргію з Астраўца, але ня хочам палітызаваць пытаньне будаўніцтва гэтай станцыі (Беларускай АЭС у Астраўцы — РС). Пры гэтым, вядома, пытаньні бясьпекі маюць для нас вялікае значэньне», — падкрэсьліў амабасадар.

Паўлік адзначыў, што рашэньне аб дэмантажы лініі электраперадачы Беласток — Рось не накіравана супраць Беларусі ці каго-небудзь. «Польшча практычна самадастатковая ў вытворчасьці электраэнэргіі і ня мае намеру набываць яе за мяжой», — дадаў дыплямат.

Лінія электраперадачы Беласток — Рось была пабудаваная ў 1962 годзе і працавала да 1994-га. У 2000-2005 гадах РАТ «ЕЭС России» задзейнічала яе для транспарціроўкі электраэнэргіі па мосьце Расея — Беларусь — Польшча — Нямеччына.

Амбасадар Польшчы: Мы пакуль не змаглі ўбачыць беларускую частку катынскага сьпісу

У гістарычным дыялёгу паміж Польшчай і Беларусьсю пакуль застаюцца пытаньні, заявіў кіраўнік польскай дыпмісіі.

У гэтым пытаньні мы павінны рука аб руку шукаць рашэньне, а не выступаць адзін супраць аднаго.

Паводле амабсадара Паўліка, палякі, «як ніхто іншы, разумеюць, што на гэтых землях у той пэрыяд беларусы таксама падвергліся найбольшым рэпрэсіям». «Таму ў гэтым пытаньні мы павінны сумесна шукаць рашэньне, а не выступаць адзін супраць аднаго», — сказаў дыплямат.

Паўлік адзначыў, што пытаньне аб доступе да гістарычных дакумэнтаў абмяркоўваецца ў розных фарматах падчас розных візытаў, але пакуль польскі бок ня змог азнаёміцца зь беларускай часткай катынскага сьпісу.

Беларускі катынскі сьпіс — гэта дакумэнт, які зьмяшчае імёны ня менш за 3 870 палякаў, забітых НКВД на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе. У кастрычніку 2016 году міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію польскай газэце заявіў, што ў архівах Беларусі няма беларускага катынскага сьпісу. Беларускі гісторык Ігар Кузняцоў, а таксама шэраг польскіх спэцыялістаў лічаць, што расстраляныя ў 1940 годзе афіцэры польскай арміі могуць быць пахаваныя ў Курапатах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG