Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Палестынскай аўтаноміі не спыняюць акцыяў пратэсту


У сэктары Газа і на Заходнім беразе ракі Ярдан, а таксама ва Ўсходнім Ерусаліме працягваюцца пратэсты жыхароў Палестынскай аўтаноміі. Яны незадаволеныя рашэньнем прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраіля.

Сёньня быў абвешчаны «Дзень гневу». У выступах удзельнічалі сотні людзей.

У Ерусаліме акцыі пачаліся пасьля пятнічнай малітвы ў мячэці Аль-Акса. Натоўп рушыў па старым горадзе, скандуючы «Іерусалім — наш!». Паміж пратэстоўцамі і паліцыяй адбыліся сутыкненьні.

У Бэтлееме вайскоўцы ўжылі сьлёзацечны газ. У выніку сутыкненьняў пацярпелі некалькі дзясяткаў чалавек. ВВС паведамляе пра аднаго загінулага жыхара Палестынскай аўтаноміі.

Чаму выбухнулі пратэсты

6 сьнежня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп распарадзіўся пачаць падрыхтоўку да пераезду амэрыканскай амбасады з Тэль-Авіва ў Ерусалім. Працэдура можа заняць ад трох да чатырох гадоў.

Рашэньне Трампа рэзка скрытыкавалі лідэры арабскіх краін. Сам Трамп назваў сваё рашэньне «прызнаньнем рэальнасьці». Ён паабяцаў, што Вашынгтон і надалей будзе садзейнічаць дыялёгу паміж Ізраілем і Палестынcкай аўтаноміяй.

Сусьветная крытыка

Большасьць сусьветных краін раскрытыкавалі дзеяньні Трампа. Яны асьцерагаюцца, што яго рашэньне заблякуе мірнае ўрэгуляваньне канфлікту на Блізкім Усходзе.

Рада Бясьпекі ААН у пятніцу абмяркуе на экстраным пасяджэньні пазыцыю ЗША па Ерусаліме.

Ранейшая пазыцыя ЗША

У 1995 годзе Кангрэс ЗША прыняў закон аб пераносе амэрыканскай амбасады ў Ізраілі ў Ерусалім, але дыпляматычная місія засталася ў Тэль-Авіве з прычыны спрэчнага статусу гораду. Да нядаўняга часу ў Вашынгтоне лічылі, што Ерусалім пасьля заканчэньня брытанскага мандату ў 1948 годзе не належаў ні аднаму з бакоў, і статус гораду будзе вызначаны толькі пасьля падпісаньня мірнай дамовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG