Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Шаройкі як прарасейская «бурбалка» перад самітам «Усходняга партнэрства»


Паўло Шаройка
Паўло Шаройка

Прэсавая канфэрэнцыя КДБ наконт арышту ўкраінскага журналіста не расставіла ўсе кропкі на «і» у гэтай справе.

Банальны факт: Беларусь — дыктарская краіна, дыктатарскія рэжымы ва ўсім сьвеце хварэюць на шпіёнаманію, яны здольныя ляпіць шпіёнаў з каго заўгодна, ў тым ліку і з людзей, якія да шпіянажу ня маюць ніякага дачыненьня.

Зь іншага боку, разьведную дзейнасьць, шпіянаж, пакуль ніхто не скасоўваў. Больш за тое, Украіна зараз знаходзіцца ў стане вайны. Гібрыднай, млявацякучай, неклясычнай, але зусім не мэтафарычнай, не халоднай. На тэрыторыі Ўкраіны ідуць баявыя дзеяньні, ёсьць баявое супрацьстаяньне, прынамсі і з удзелам замежных вайскоўцаў і ўжо бясспрэчна пры наяўнасьці падтрымкі суседняй дзяржавы.

Ну а на вайне як на вайне. У яе заўсёды шмат франтоў і адзін зь іх — фронт нябачнай, таемнай вайны, вайны шпіёнаў. Так было заўсёды, так будзе, пакуль людзі ваююць, і так ёсьць.

Падчас вялікіх войнаў вельмі часта арэнай вайны шпіёнаў былі краіны-нэўтралы ці напалову нэўтралы.

І, дарэчы, падчас вялікіх войнаў вельмі часта арэнай вайны шпіёнаў былі краіны-нэўтралы ці напалову нэўтралы. Шпіёнілі і на тэрыторыі ворага, дастаткова прыгадаць адну «чырвоную капэлу» — сетку савецкага шпіянажу ў Нямеччыне. Але шпіёнскім раем у найбольшай ступені былі такія краіны, як, скажам, Швайцарыя.

Ну дык і сучасная Беларусь — паўнэўтрал. Як бы і саюзьнік Расеі, але як бы і не ў адным вайсковым шыхце. І сёе-тое цікавае пра Расею і расейскую ваенную машыну ў Беларусі, празь Беларусь можна і даведацца, я мяркую.

Было б дзіўна, калі б украінцы не займаліся разьведкай у такой сытуацыі і ў такім месцы.

Гэта ніяк не зьяўляецца аргумэнтам, што менавіта Павал Шаройка быў адным з салдатаў гэтай нябачнай вайны. Хаця і не выключае такую гіпотэзу.

Праца журналіста і выведніка шмат у чым падобная.

Рэч у тым, што праца журналіста і выведніка шмат у чым падобная. Кіно пра Джэймса Бонда, які мочыць ворагаў направа і налева і вызваляе красунь — гэта збольшага менавіта кіно. Звычайная праца разьведчыкаў — гэта найперш збор інфармацыі. Дык і ў журналістаў — таксама. І мяжа часта плыткая. Часам і журналісты ствараюць сеткі інфарматараў.

Вось абсалютна абстрактная гіпотэза. А калі, скажам, нейкі беларус ці нейкія беларусы падлічвалі расейскія эшалёны, якія прыбывалі на вучэньні «Захад-2017» і зьяжджалі з вучэньняў, і гэтая інфармацыя перадавалася ўкраінскаму журналісту.

Гэта шпіянаж? Ну як бы і не, нікому не забаронена сядзець на вакзале і лічыць хоць гурганоў, хоць цягнікі. А зь іншага боку, як бы і так, прынамсі, можна і так гэта інтэрпрэтаваць.

Магчыма, КДБ так і зрабіў, інтэрпрэтаваў як шпіянаж дзейнасьць, якую можна інтэрпрэтаваць і так і гэтак. А як інтэрпрэтаваць — гэта было ўжо палітычным рашэньнем, якое не КДБ прыняў.

Звычайна дыпляматы ня маюць звычкі вазіць на дыпмашынах калегаў з выведкі.

Прачытаў у дыскусіях у ФБ паведамленьне адной журналісткі, што некалькі разоў бачыла, як Паўло Шаройку падвозілі альбо вазілі на машыне украінскага пасольства. У рэчышчы справы аб шпіянажы гэта хутчэй абяляе, чым абвінавачвае журналіста. Звычайна дыпляматы ня маюць звычкі вазіць на дыпмашынах калегаў з выведкі.

Маглі і проста падвозіць знаёмага, вядомага па Кіеву, які ніякага дачыненьня да выведкі ня мае. Але ў прынцыпе не выключана, што Шаройка меў нейкі нефармальны статус, па змаўчаньні ўзгоднены з беларускім бокам. Статус не зусім журналісцкі ці ня толькі журналісцкі, скажам так.

Не зьдзіўлюся, калі ў парадку ўзаемнасьці і ў Кіеве працуе нейкі беларускі журналіст, пра якога СБУ ведае, што кола яго абавязкаў не абмяжоўваецца выключна журналістыкай.

Іншая справа, чаму справу з Паўло Шаройкам давялі да арышту і сьледзтва. Беларусь і Ўкраіна — не саюзьнікі, але і не чужыя адна адной. Мяркую, што выведкі абедзьвюх краінаў як працавалі, так і працуюць у краінах-сёстрах.

Раней шурпатасьці, якія ад гэтага ўзьнікалі, вырашаліся келейна і канфідэнцыйна, дыплямат ціхенька ехаў дадому, асоба без імунітэту — таксама.

Ну а дадзеным выпадку зрабілі інакш, зламаўшы джэнтэльмэнскае пагадненьне, якое доўгі час існавала.

Вось вам і «бурбалка», адмазка для Расеі за Брусэль.

Калі стала вядома, што Лукашэнку запрасілі на саміт «Усходняга партнэрства», я напісаў блог, у якім выказаў меркаваньне, што ён туды паедзе, але пры гэтым «надзьме» нейкую прарасейскую «бурбалку», прадэманструе, і ня словам, а справай, што ён хоць і паедзе ў «логава ворагаў Расеі», аднак усёй душой за Расею. Нешта такое кшталту сьцяга Расеі на Параалімпіядзе ў Рыа, узьнятага чальцом беларускай дэлегацыі.

У Беларусі арыштаваны ўкраінскі шпіён, здаецца, упершыню ў найноўшай гісторыі. Вось вам і «бурбалка», адмазка для Расеі за Брусэль.

Ці быў Паўло Шарэйка насамрэч шпіёнам ці не — а для стварэньня «бурбалкі» гэта мае значэньне? Для стваральнікаў — не.

Мяркую і спадзяюся, што ў беларускай турме Паўло Шаройка не затрымаецца надоўга. І ў выпадку калі ён не шпіён, і ў выпадку, калі шпіён.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG