Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спачатку быў вельмі натхнёны, потым — вельмі расчараваны». Як атрымаць Гедройця і застацца пісьменьнікам


Цырымонія ўручэньня прэміі Гедройця ў 2015 годзе.
Цырымонія ўручэньня прэміі Гедройця ў 2015 годзе.

31 кастрычніка журы літаратурнай прэміі назаве імя шостага пераможцы. Свабода паразмаўляла зь яго папярэднікамі пра тое, як гэта — атрымаць Гедройця.

«Я на гэтыя грошы з аднапакаёўкі пераехаў у двухпакаёўку»

Павал Касьцюкевіч
Павал Касьцюкевіч

2012 год. Павал Касьцюкевіч, «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту»

«Гэта выйгрыш у лятарэі. У першыя хвіліны так і падумалася. Усе прыкметы гэтага ёсьць. Я на гэтыя грошы з аднапакаёўкі пераехаў у двухпакаёўку. Яшчэ кніжкі сталі разьлятацца, як кулі з кулямёта. Купілі каля 1500 асобнікаў. Для нашай сытуацыі гэта вельмі шмат.

Зь іншага боку, пачалося дарослае жыцьцё. Раней быў пухнатым літаратурным хлопчыкам, а стаў дзядзькам, якога крытыкуюць, і крытыкуюць часам забойча. А здараецца, нават і абгаворваюць, як мне здаецца.

Выйшаў я ў адкрытае мора пасьля атрыманьня той прэміі. Ты становісься дарослым літаратарам, а зь яго, па вялікім рахунку, пытаюць па-іншаму. „Пуцёўка ў жыцьцё“.

Трэба ўсьведамляць, што пасьля прэміі шмат што зьменіцца. Зайздрасьць, ворагі, калі можна іх так назваць, — гэта ўсё варушыць літаратурны працэс. Нават ня зайздрасьць, а зацятасьць такая хутчэй. Нехта атрымаў прэмію, яго ўсім хочацца пераўзысьці, нешта лепшае зрабіць. У гэтым пляне прэмія моцна стымулюе. Але літаратурнае кола ў нас не такое шырокае, таму зьяўляецца і нэгатыў. Літаратары даволі чульлівыя людзі.

Калі зусім спрошчана сказаць, то прэмія разварушвае літаратурнае жыцьцё і разбурае самога літаратара. І выйсьця з гэтага няма. Але прэмія лепей хай будзе».

«На ганарарах не адбілася»

Ігар Бабкоў
Ігар Бабкоў


2014 год. Ігар Бабкоў, «Хвілінка»

«Я свае эмоцыі памятаю вельмі добра, гэта была радасьць. Так атрымалася, што мне ў той дзень споўнілася 50 год. Так што цяпер нават складана разьдзяліць пачуцьці ад юбілею і ад перамогі. Як бы літаратары ні спрабавалі выбудаваць дыстанцыю да ўсіх гэтых зьнешніх атрыбутаў посьпеху — накладаў, публічнай увагі, — але насамрэч існаваньне гэтай прэміі — гэта вельмі важна. І для самотных літаратараў, якія не зважаюць на публічнасьць, і для модных літаратараў. Гэта паказчык сьпеласьці грамадзтва.

Пасьля перамогі на дадатак да майго сталага чытача зьявіліся новыя людзі, якія натрапілі на маю кнігу дзякуючы прэміі, дзякуючы інфармацыі. Такое пашырэньне чытацкага поля адбылося.

Наколькі ўсё гэта прынесла прыбытак выдавецтву, гэта пытаньне да выдавецтва. На маіх ганарарах яно не адбілася.

Яшчэ частку „Хвілінкі“ пераклалі на славацкую мову, яна потым атрымала прэмію Вышаградзкай групы. Славацкія чытачы зьявіліся.

Вакол уручэньня прэміі імя Гедройця ўздымаецца хваля заўсёды. Але я б не перабольшваў узровень нэгатыву. Хутчэй я б сказаў, што арганізатары прэміі выконваюць спартанскую працу. Гэта людзі, якія ў безнадзейных умовах спрабуюць выцягнуць вельмі важныя рэчы. І ясна, што яны крыўдзяцца часам на спробы крытыкі, заўвагі, раздражненьне. А гэтыя крыўдныя рэчы людзі фармулююць часам проста ў дрэнным настроі. Рабіць гэтую прэмію вельмі складана, і яна вартая абсалютнай падтрымкі і павагі».

«Грошы ад прэміі я патраціў на помнік сваёй бабулі»

Віктар Казько
Віктар Казько


2015 год. Віктар Казько, «Час зьбіраць косьці»

«Гэта было адчуваньне прызнаньня. Што ты пішаш, што нехта цябе яшчэ чытае, нехта друкуе, і ты ў літаратуры прысутнічаеш.

Атрыманьне прэміі вельмі ўплывае на літаратара. Гэта як прышчэпкі ад хваробы. Ты спадзяесься, што яшчэ будзеш жыць. З большым імпэтам за стол сядаеш, раскладаеш перад сабой чысты аркуш паперы. Надае сіл усё гэта. У нас жа адзіная такая прэмія. Калі ў Расеі столькі розных прэмій, столькі людзей на цябе глядзяць, то ў Беларусі зусім цябе ня бачаць. І тут вялікі дзякуй тым, хто заснаваў гэтую прэмію.

Чаму столькі спрэчак вакол прэміі Гедройця? Гэта заўсёды так. Заўсёды павінны заставацца незадаволеныя. Ня ўсіх задавальняе выбар журы. Некаму Гедройць надае імпэту, некага прыніжае. Ня трэба думаць, што прэмія даецца найлепшаму. У наш час большасьць адзнак і ўзнагарод — гэта справа тусовачнасьці, груповак і выпадковасьці.

Грошы ад прэміі я патраціў на помнік сваёй бабулі. Яна выратавала мяне, надала жаданьне жыць. Бабуля пражыла 112 гадоў, усе яе дзеці загінулі ў вайну. Так атрымалася, што яна памерла, калі мяне тут не было. Вось на помнік я прэмію і патраціў».

«Я ўпаў у дэпрэсію і паўгода ня мог нічога ні пісаць, ні рабіць»

Макс Шчур
Макс Шчур


2016 год. Макс Шчур, «Завяршыць гештальт»

«Напачатку перамога ў мяне выклікала эмоцыі, якіх я раней ня ведаў і не перажываў. Нешта станоўчае. Нават дзіўна было, што гэта са мной адбываецца. Такое „з гразі ў князі“.

Але пасьля некалькіх дзён, магчыма, тыдня пэўнай увагі да кнігі, да факту атрыманьня прэміі, да таго, што ёсьць вось такі нейкі дзядзька, які сядзіць за мяжой і піша кніжкі па-беларуску, усё пайшло на спад. Пры гэтым не дасягнуўшы таго, што мне ўяўлялася сапраўднай мэтай гэтай прэміі. Бо яна ж не для таго, каб расставіць месцамі літаратараў — раз-два-тры. Гэта ж ня спорт, ня стаўкі.

Сэнс — прыцягнуць увагу да літаратуры, да таго, што ў нас розныя аўтары ёсьць, розныя пісьменьнікі з рознымі падыходамі да літаратуры, поглядамі. З розным жыцьцёвым досьведам. Пачаць сур’ёзную гутарку. І журы павінна абраць тэму гэтай гутаркі. І вось гэтага абсалютна не адбылося.

Я наіўна быў спачатку вельмі натхнёны, а потым вельмі расчараваны. Для прыкладу магу вам сказаць, што на працягу году мне паступіла роўна адна прапанова аб выданьні кнігі. Практычнага выніку прэмія, можна сказаць, для мяне ня мела.

Спачатку была вялікая эўфарыя, але ўжо неўзабаве зразумеў, што гэта ўсё такі вялікі сымулякр. Я ўпаў у дэпрэсію і паўгода ня мог нічога ні пісаць, ні рабіць. Але я спадзяюся, што сёлетняму пераможцу больш пашанцуе з увагай чытацкай і мэдыйнай.

Грошы? Гэта, відаць, быў адзін з найбольшых маіх аднаразовых заробкаў у жыцьці. І паколькі я не пляную ў будучыні рабіцца мільянэрам, то паклаў іх у банк дзіцяці на рахунак. Магчыма, яны ёй спатрэбяцца пасьля паўналецьця. Я да гэтых грошай стаўлюся як да падарунку, які зрабіў сваёй дачцэ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG