Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут сацыялёгіі НАН: больш за 50% апытаных падтрымліваюць будаўніцтва АЭС у Беларусі


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Паводле дасьледаваньня Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, каля 50% апытаных зьяўляюцца прыхільнікамі ядзернай энэргетыкі, траціна ўсё яшчэ ня можа вызначыцца, каля пятай часткі ўсяго насельніцтва Беларусі (22%) лічацца яе заўзятымі праціўнікамі.

Вынікі дасьледаваньня Інстытуа сацыялёгіі Акадэміі навук РБ.
Вынікі дасьледаваньня Інстытуа сацыялёгіі Акадэміі навук РБ.

​Падчас апытаньняў высьветлілася, што людзі крыху інакш ставяцца непасрэдна да будаўніцтва АЭС. Так, да будаўніцтва АЭС станоўча ставяцца 58,3% беларусаў. Адмоўна — 28,2% апытаных.

«Калі казаць пра абласное разьмеркаваньне, то сытуацыя з году ў год мяняецца. Пры гэтым Менск заўсёды зьяўляўся выключэньнем, яго жыхары „найменш за ўсё настроены ў гэтым пытаньні“. У цэлым, больш за ўсё праціўнікаў ядзернай энэргетыкі сярод менчукоў, а больш за ўсё прыхільнікаў знаходзіцца ў Астраўцы», — расказала навуковая супрацоўніца аддзелу сацыялёгіі сацыяльнай сфэры Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі Алена Марціншчанкова на круглым стале аб ядзернай энэргетыцы ў рамках XXII Беларускага энэргетычнага і экалягічнага форуму.

Тое, што найбольшая колькасьць станоўча настроеных да будаўніцтва АЭС знаходзіцца ў Астраўцы, яна патлумачыла разьвіцьцём інфраструктуры ў рэгіёне, зьяўленьнем новых працоўных месцаў, большай інфармаванасьцю насельніцтва.

Паводле маніторынгу грамадзкай думкі ў пытаньнях разьвіцьця ядзернай энэргетыкі, які праводзіць Інстытут сацыялёгіі з 2005 года, стаўленьне да ядзернай энэргетыкі сярод насельніцтва Беларусі кардынальна памянялася з адмоўнага на станоўчае.

Колькасьць прыхільнікаў ядзернай энэргетыкі ўвесь час расла да 2011 году, да аварыі на АЭС у японскай Фукусіме.

Пасьля гэтага назіралася зьніжэньне пазытыўных тэндэнцый да 2013 году. Пазьней сытуацыя нармалізавалася, паведаміла прадстаўніца Інстытуту сацыялёгіі.

Паводле Алены Марціншчанковай, асноўная прычына, зь якой рэспандэнты выступаюць супраць будаўніцтва АЭС зьвязана з праблемай пасьлячарнобыльскага сындрому. Беларусы адчуваюць страх перад узьнікненьнем новай тэхнагеннай катастрофы, паўтарэньня чарнобыльскай трагедыі ці аварыі, як на японскай АЭС «Фукусіма-1» (52%).

Акрамя гэтага, рэспандэнты адзначалі, што ўспрымаюць праект як экалягічную пагрозу, занепакоеныя ўплывам АЭС на сваё здароўе і на здароўе сваіх дзяцей (20,8%). Таксама ўдзельнікі апытаньня выказвалі свой недавер да будаўнікоў і навукоўцаў, задзейнічаных у будаўніцтве АЭС (13,7%). Пра эканамічную немэтазгоднасьць будаўніцтва заяўлялі 5,5%, а таксама 5,5% выказвалі сваю занепакоенасьць наконт захаваньня ядзерных адходаў.

Да асноўных плюсаў узьвядзеньня АЭС грамадзяне адносяць зьніжэньне кошту энэргіі для насельніцтва (48,4%), стварэньне новых працоўных месцаў (36,9%), зьніжэньне аб’ёмаў імпарту энэгарэсурсаў (21,7%) і павышэньне энэргабясьпекі (19%).

Апошняе апытаньне праводзілася ў траўні гэтага году, было апытана каля 2000 тысяч чалавек, 300 зь якіх — з Астравецкага раёну. Паводле дасьледнікаў, хібнасьць вынікаў адносна ўсёй краіны складае 2,5%, па Астравецкім раёне — 2,7%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG