Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самыя высокія і самыя нізкія прахадныя балы беларускіх ВНУ


Што такое прахадны бал?

Гэта агульная колькасьць балаў, набраных па трох прадметах
на цэнтралізаваным тэставаньні, плюс сярэдні бал атэстата. Сёлета абітурыентам дазволілі здаваць чатыры прадметы. Падаваць у экзамэнацыйныя камісіі трэба было тры сэртыфікаты. Адпаведна, абітурыент мог выбраць тры лепшыя вынікі з чатырох. А кожная ВНУ вызначала неабходны парог, зыходзячы з плянаў набору і колькасьці пададзеных заяваў.

Тэарэтычна максымальны прахадны бал можа складаць 400, мінімальны — 0. Свабода прасачыла, колькі балаў сёлета трэба было набраць, каб паступіць на розныя спэцыяльнасьці ў беларускія ВНУ.

1. Настаўнік беларускай мовы. 0 балаў.

У Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце на спэцыяльнасьць «Беларуская мова і літаратура» можна паступіць без іспытаў — пры ўмове, што вы абіраеце бюджэтную форму навучаньня. Калі ідзяце на платную, трэба мець ня менш за 192 балы. Тое самае, дарэчы, і з шэрагам іншых спэцыяльнасьцяў — «Руская мова», «Гісторыя і грамадзкія дысцыпліны», «Фізычная культура» ці «Сурдапэдагогіка». Конкурсу па ўсіх гэтых спэцыяльнасьцях няма.

2. Пажарны. 238 балаў для хлопцаў і 342 для дзяўчат

Рыхтуюць будучых ратавальнікаў ва Ўнівэрсытэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сытуацыях. Асаблівасьць паступленьня ў гэтую ВНУ ў тым, што конкурс для дзяўчат і для хлопцаў тут асобны, прычым вельмі розны. Сёлета за адно месца спаборнічалі ажно 11 дзяўчат (амаль як на спэцыяльнасьць «акторскае майстэрства» ў Акадэміі мастацтваў). У хлопцаў конкурс быў нашмат меншы — толькі 2,6 чалавека на адно месца.

3. Супрацоўнік АЭС. 241 бал.

Кадры для Астравецкай АЭС працягваюць рыхтаваць у БНТУ. Сёлета конкурсу на спэцыяльнасьць «Паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрастанцый» амаль няма — усяго 1,1 чалавека на месца. Набралі 20 чалавек, у тым ліку аднаго па мэтавым накіраваньні.

4. Памежнік. 246 для хлопцаў і 284 для дзяўчат.

У Інстытуце памежнай службы таксама паасобны конкурс для дзяўчат і для хлопцаў. Сёлета ён складаў 5 чалавек на месца для першых і толькі 1,4 для другіх. Усяго гэтая ВНУ набірала 90 чалавек.

5. Будаўнік. 232 балы.

БНТУ, будаўнічы факультэт, спэцыяльнасьць «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». Набіраюць сюды сёлета ажно 100 чалавек. Конкурс адносна невялікі — 1,28 чалавека на месца.

6. Лекар. 323 балы.

Столькі пунктаў трэба мець, каб паступіць на бюджэтнае аддзяленьне лячэбнага факультэта мэдыцынскага ўнівэрсытэту ў Горадні. Конкурс — 2,3 чалавека на месца. На такую ж спэцыяльнасьць мэдыцынскага ўнівэрсытэту ў Менску ў мінулым годзе прахадны бал складаў 348 балаў. Афіцыйнай інфармацыі на 2017 год пакуль няма.

7. Архітэктар. 334 балы.

Адна з самых дарагіх спэцыяльнасьцяў. Сёлетні конкурс у БНТУ на «Архітэктуру» — 4,61 чалавека на месца. Дзяўчат ад хлопцаў не аддзяляюць.

8. Юрыст. 347 балаў.

Столькі сёлета трэба было мець пунктаў, каб паступіць на «Правазнаўства» ў БДУ. Летась гэты ўнівэрсытэт быў крыху менш патрабавальны да будучых юрыстаў — тады прахадны бал складаў 344 пункты.

9. Праграміст. 380 балаў.

Столькі пунктаў трэба было набраць, каб прайсьці на спэцыяльнасьць «Інфарматыка і тэхналёгіі праграмаваньня» Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. У мінулым годзе было крыху менш — 373 балы. Агулам сярэдні прахадны бал у БДУІРы сёлета роўны 332. А вось сярэдні конкурс адносна невялікі — 1,4 чалавека на месца.

10. Дыплямат. 384 балы.

Столькі пунктаў трэба назьбіраць, каб вучыцца на бюджэтным аддзяленьні факультэта міжнародных адносінаў БДУ па спэцыяльнасьці «Міжнародныя адносіны». Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG