Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Звычайнае тусовачнае мерапрыемства зь вялікім шумам». У Менску праходзіць кангрэс расейскай прэсы


Аляксандар Лукашэнка на XIX кангрэсе расейскай прэсы
Аляксандар Лукашэнка на XIX кангрэсе расейскай прэсы

З 11 да 15 ліпеня ў Менску праходзіць ХІХ Усясьветны кангрэс расейскай прэсы. 238 удзельнікаў з 52 краін сьвету прадстаўляюць 213 расейскамоўных СМІ.

Сярод беларускіх удзельнікаў — кіраўнікі мэдыяхолдынгаў, дзяржаўных тэлеканалаў: старшыня праўленьня АНТ Марат Маркаў, кіраўнік каналу «Беларусь 24» Аляксандар Мартыненка, дэкан філязофскага факультэту БДУ і вядучы ток-шоў Вадзім Гігін, сацыёляг Сяргей Мусіенка ды іншыя.

Першы Ўсясьветны кангрэс расейскай прэсы адбыўся ў 1999 годзе ў Маскве і Сочы. Заснавальнікамі яго былі ТАСС, Расейскі інстытут прэсы і некаторыя замежныя расейскамоўныя газэты. З таго часу форумы праводзяцца штогод.

«Ідэя правядзеньня Кангрэсу належыць Віталю Ігнаценку, які з 1991 па 2012 гады быў генэральным дырэктарам ІТАР-ТАСС. Дарэчы, і на ХІХ форуме ў Менску ён прысутнічае ў якасьці прэзыдэнта Ўсясьветнай асацыяцыі расейскай прэсы, і разам зь першым намесьнікам гендырэктара Міхаілам Гусманам быў прыняты Аляксандрам Лукашэнкам.

Самая галоўная мэта Кангрэсу — пакруціцца і пасядзець побач зь першымі асобамі дзяржавы, бо звычайна на такія мерапрыемствы запрашаюць кіраўніцтва дзяржавы, міністраў А каб запрасіць — павінна быць ідэя, якая ў „струмені“. Вось і прыдумалі такі форум. А ніякай „рускай ідэі“ там няма. Звычайнае тусовачнае мерапрыемства зь вялікім шумам у прэсе», — сказаў Свабодзе адзін расейскі журналіст, які быў арганізатарам мерапрыемстваў у Маскве і Менску.

Тройчы ў Расеі, двойчы ў Беларусі

За ўсю амаль дваццацігадовую гісторыю кангрэс праводзіўся на тэрыторыі Расеі толькі тройчы: у 1999-м — у Маскве і Сочы, у 2008-м — у Маскве, Казані і Санкт-Пецярбургу, у 2015-м — у Маскве. У астатнія гады яго прымалі Астана, Баку, Бэрлін, Кіеў і Адэса, Люцэрн, Нэапаль і Капры, Нью-Ёрк і Вашынгтон, Сафія і Варна, Тэль-Авіў, Хэльсынкі і Стакгольм, Шанхай, Парыж.

Беларусь прымае гэты форум другі раз — у чэрвені 2013 году ён ужо праходзіў у Менску і Берасьці. І дбае аб сваіх інтарэсах: сёлета адна з мэтаў беларускага боку — прэзэнтаваць удзельнікам форуму ІІ Эўрапейскія гульні.

Якія інтарэсы прасоўвае Беларусь

«Карыстаючыся нагодай, мы раскажам, што ўжо абвешчаны адкрыты конкурс на распрацоўку талісмана ІІ Эўрапейскіх гульняў. Прапанаваць свой талісман можа кожны ахвотны», — пацьвердзіла міністар інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

Павязуць гасьцей форуму і на «Славянскі базар» у Віцебск.

На пленарным паседжаньні ХІХ Усясьветнага кангрэсу расейскай прэсы выступіў Аляксандар Лукашэнка. Ён казаў і пра расейскую мову, і пра гібрыдныя войны, і пра сацыяльныя сеткі і інтэрнэт-прастору.l

Даслаў прывітаньне ўдзельнікам і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

Заплянаваныя дзьве сэсіі: «Выклікі і магчымасьці: сувэрэнітэт, інтэграцыя, глябалізацыя» і «СМІ ва ўмовах лічбавай рэвалюцыі». 238 удзельнікаў з 52 краін сьвету прадстаўляюць 213 СМІ.

Хто фінансуе Кангрэс і колькі гэта каштуе

ХІХ Усясьветны кангрэс расейскай прэсы ў Менску, акрамя Ўсясьветнай асацыяцыі расейскай прэсы, арганізуюць Міністэрства інфармацыі Беларусі і Фонд супрацоўніцтва з расейскамоўнай прэсай пры падтрымцы Міністэрства культуры, МЗС, Менгарвыканкаму, Менскага і Віцебскага аблвыканкамаў, расейскага інфармагенцтва ТАСС, выканкаму СНД і Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы.

«Фінансуецца Кангрэс Масквой і вельмі часта — прымаючым бокам (калі гэта краіна постсавецкая — Беларусь, Казахстан ці, да прыкладу, Армэнія). Калі форум праходзіць у Парыжы, натуральна, урад Францыі яго не фінансуе. У Беларусі прымаючы бок звычайна бярэ на сябе выдаткі на пражываньне, харчаваньне, транспарт, бо ўдзельнікаў вязуць то ў Брэсцкую крэпасьць, то ў Віцебск на Славянскі базар. Грошы ідуць не з адной крыніцы, а зь некалькіх. Але грошы ня надта вялікія, таму што большая частка ўдзельнікаў — з Масквы, Беларусі. А з Баўгарыі, Аўстраліі ці ЗША — адзін-два ўдзельнікі. Дакладнай лічбы ня ведаю, але, мяркую, гэта некалькі сот тысяч даляраў», — сказала Свабодзе дасьведчаная крыніца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG