Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі гамбурскага саміту G20


Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, Гамбург, саміт G20
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, Гамбург, саміт G20

Якія вузлы міжнароднай палітыкі здолелі разьвязаць ці разрубіць удзельнікі сёлетняга саміту «вялікай дваццаткі»? Далей ці бліжэй адно да аднаго сталі ў выніку саміту ЗША і Эўразьвяз? Пра што дамовіліся Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў, аглядальнік радыё Свабода Валер Карбалевіч і экспэрт Нямецкага фонду Маршала Марына Рахлей. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Дракахруст: Якія рашэньні прыняў саміт «вялікай дваццаткі» ў Гамбургу? Нядаўні саміт «вялікай сямёркі» ў Італіі выявіў істотныя супярэчнасьці ў пытаньнях клімату і міжнароднага гандлю. Так выглядае, што і гамбурскі саміт прадэманстраваў той самы падзел паміж ЗША і ўсімі астатнімі, і ўжо ня толькі краінамі Захаду. Ці гэта ня так, і ніякага падзелу, а тым больш расколу няма?

Рахлей: Я б пачала з таго, што ў гэтага саміта не было звышамбітных мэтаў. Калі Мэркель падсумоўвала вынікі гэтай сустрэчы, яна сказала, што саміт адбыўся. І гэта зразумела, бо ўмовы былі вельмі складаныя — гэта першы саміт з амэрыканскім прэзыдэнтам Трампам, і сытуацыя ў сусьветнай палітыцы зьмянілася. Але мы бачым, што няма адкату назад.

Марына Рахлей
Марына Рахлей

Недахоп паразуменьня з ЗША — гэта магчымасьць для Эўропы эмансіпавацца, як зараз кажуць немцы, і стаць больш незалежнай.

Парыскае пагадненьне, зь якога будуць выходзіць ЗША, яны змогуць канчатковы пакінуць толькі праз чатыры гады, бо немагчыма адразу выйсьці, як толькі захацелі. Гэта ўжо будзе пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. Таксама мы бачым, што гэты саміт застаецца важным фарматам сталага дыялёгу, таму што тыя, хто рэпрэзэнтуе гэтыя краіны, сустракаюцца не адзін раз на год, а на працягу ўсяго году, калі да яго рыхтуюцца. І мы бачым, што гэты недахоп паразуменьня з ЗША — гэта магчымасьць для Эўропы эмансіпавацца, як зараз кажуць немцы, і стаць больш незалежнай.

Дракахруст: Павал, а як бы вы падвялі вынікі гэтага саміту? Ці можна сказаць, што нейкія падыходы, канцэпцыі былі абмеркаваныя, прынятыя падчас саміту? У нешта ўвасобілася гэтая ідэя эмансыпацыі Эўропы, пра якую казала Марына?

Вусаў: Нейкіх дэталёвых рашэньняў прынята не было, саміт хутчэй падкрэсьліў нейкую больш-менш агульную кансалідацыю сусьветнай эліты ў ключавых пытаньнях. Але гэта дэкляратыўная кансалідацыя, скажам так. Былі пастаўленыя важныя праблемы ў пытаньнях бясьпекі, эміграцыі, экалёгіі, якія відавочныя, але выглядае, што нейкіх канкрэтных рашэньняў у дзяржавах «першага сьвету» няма.

Нейкіх канкрэтных рашэньняў у дзяржавах «першага сьвету» няма.

Другі момант: звычайна такія сустрэчы больш характарызуюцца кулюарнымі размовамі і рашэньнямі. І тут былі відавочныя дзьве тэндэнцыі: тэндэнцыя эўрапейская, якая падкрэсьлівала, што паўстаў і фактычна кансалідаваўся новы Эўрапейскі Зьвяз. Гэтая «новая старая Эўропа», то бок вось Парыж-Бэрлін, якая, напэўна, будзе фармаваць карціну будучай эўрапейскай інтэграцыі.

І другая тэндэнцыя — гэта сустрэча Трамп-Пуцін. Ну і трэцяя — больш лякальныя сустрэчы, скажам, Мэркель-Эрдаган. І менавіта гэтая сустрэча падкрэсьліла, што адносіны паміж ЭЗ, і ў прыватнасьці Нямеччынай, і Турэччынай, у сэнсе палітычных кантактаў будуць пагаршацца.

Ну а ўвогуле, на маю думку, гэта ўсё выглядала, як добрая міна пры кепскай гульні, хаця падкрэсьліваўся той факт, што Эўропа пераадолела эканамічны крызыс. Эўропа была галоўным рухавіком гэтага саміту.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Валер, вось калегі ўжо сказалі, што ў пэўным сэнсе гэты саміт гэта быў магчымасьцью лідэрам дваццаці дзяржаваў паразмаўляць паміж сабой па сваіх тэмах, па сваіх колах.

Мы яшчэ пагаворым пра сустрэчу Трампа і Пуціна. А вось па нейкіх іншых момантах, скажам, па перамовах у складзе Пуцін-Макрон-Мэркель — ці былі нейкія зрухі? Ці мелі плён перамовы зь кітайскім лідэрам наконт Паўночнай Карэі?

Карбалевіч: Найперш я хачу сказаць, што адбываецца дэвальвацыя такіх самітаў — іх стала вельмі шмат: і G7, і G20, і азіяцка-ціхаакіянскі форум, і ШАС, і ААН, і АБСЭ. То бок сусьветныя лідэры сустракаюцца часта, але эфэктыўнасьць тых сустрэчаў невялікая, сусьветныя праблемы нарастаюць хутчэй.

Стары мэханізм вырашэньня сусьветных праблемаў разбураны, а новы пакуль не створаны

Стары мэханізм вырашэньня сусьветных праблемаў разбураны, а новы пакуль ня створаны. І таму такія саміты — гэта проста пляцоўка для абмеркаваньня, а вось з рашэньнямі праблема. Бо калі не ўдаецца дасягнуць кампрамісу паміж краінамі G7 — краінамі з аднолькавымі каштоўнасьцямі, аднолькавым эканамічным і палітычным ладам, то ў рамках G20 зрабіць гэта значна цяжэй, бо вельмі розныя краіны зь вельмі рознымі інтарэсамі. Удаецца дасягнуць кампрамісу ў пытаньнях, якія не зьяўляюцца галоўнымі.

Тэзіс пра адмову ад гандлёвага пратэкцыянізму — гэта проста дэклярацыя, якая гучала неаднойчы, але слаба выконваецца. Здаецца, наадварот, узмацняецца адваротная тэндэнцыя ў гэтым. А што тычыцца падзелу паміж ЗША і іншымі краінамі, дык гэта толькі па адным, далёка не галоўным пытаньні клімату.

Я ня думаю, што адбыўся нейкі вялікі зрух па вырашэньні ўкраінскага пытаньня, украінскага крызісу, таму што гэтыя сустрэчы ў нармандзкім фармаце адбываюцца рэгулярна, пэрыядычна, на ўзроўні міністраў замежных спраў, але справа не рухаецца, таму што, на мой погляд, менскія пагадненьні не здольныя вырашыць украінскі крызіс.

Наконт таго, ці гатовы Кітай неяк паўплываць на Паўночную Карэю. Цяжка адказаць на такое пытаньне, ці сапраўды ў Кітая ёсьць такія вялізныя мэханізмы ўплыву, ці гатовы Пхэньян падпарадкоўвацца, і ці ўвогуле хоча Кітай гэтым займацца ўсурʼёз. Тут вельмі шмат аспэктаў, таму пакуль казаць пра гэта рана.

Дракахруст: Ну а зараз да прынамсі адной з цэнтральных падзеяў гэтага саміту — да першай асабістай сустрэчы кіраўнікоў ЗША і Расеі Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна. Ну, практычны вынік гэта, здаецца, адно — спыненьне агню і стварэньне зонаў бясьпекі ў адным з рэгіёнаў у Сірыі. Але варта ацэньваць сустрэчу з усіх аспэктаў. Вось міжнародныя мэдыя зьвярталі ўвагу ня толькі на гэтыя пагадненьні, але нават і на тое, як бакі паціскалі адзін аднаму руку, як Трамп сказаў, які для яго гонар сустрэцца з Пуціным. Зьвярталі ўвагу на тое, што ў рэглямэнце прэзідэнта Трампа, у яго пляне на сайце, было пазначана, што сустрэча зойме трыццаць пяць хвілін, а яна заняла ў чатыры разы больш. З улікам усіх аспэктаў, усіх кантэкстаў гэтай сустрэчы, як бы вы яе ацанілі, Валеры?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Галоўны сэнс сустрэчы — дамовіцца аб правілах гульні, увесьці суперніцтва ў пэўныя рамкі, аб якіх варта дамовіцца. Такія рамкі былі ў супрацьстаяньні ЗША і Савецкага Саюзу. Цяпер іх няма. Магчыма, быў зроблены першы крок у гэтым кірунку. Думаю, што больш плюсаў атрымаў Пуцін.

Галоўны сэнс сустрэчы — дамовіцца аб правілах гульні, увесьці суперніцтва ў пэўныя рамкі

У чым галоўная ідэя замежнай палітыкі Крамля? Аднавіць мадэль Ялты. То бок лідэры вялікіх дзяржаў дзеляць сьвет на сфэры ўплыву. Менавіта дзеля гэтага Пуцін улез у сырыйскі канфлікт, каб накінуць ЗША зьдзелку для пачатку па Сырыі. Да сёньня ЗША ўхіляліся ад такой прапановы, бо не лічылі цяперашнюю Расею звышдзяржавай, зь якой варта аб чымсьці дамаўляцца.

У сустрэчы двух лідэраў у Гамбургу ёсьць фактычна адзіны практычны вынік — падзел Сырыі на зоны бясьпекі, то бок фактычна на зоны ўплыву. Для Пуціна гэтая зьдзелка — гэта мадэль, якую ён хацеў бы распаўсюдзіць і на іншыя рэгіёны сьвету. Гэта першы крок да такой мадэлі. Ва ўсялякім разе менавіта так Крэмль будзе трактаваць гэтую зьдзелку. І наступным крокам Крэмль хацеў бы бачыць падобную зьдзелку па Ўкраіне, маўляў, Украіна гэта наша дзялянка. Ну а напрыклад Польшча, цэнтральная Эўропа — вашая. Давайце дамаўляцца.

Праблема, на мой погляд, тут у тым, што ў Крамля ёсьць пэўны плян, канцэпт адносінаў з ЗША. А вось ці ёсьць такі канцэпт у новай адміністрацыі ЗША, пакуль сказаць цяжка.

Дракахруст: Павал, а якое ваша ўражаньне? Хто выйграў, хто прайграў? І якім на ваш погляд будзе рэха гэтай сустрэчы ў Злучаных Штатах? Прэзыдэнт Трамп умацаваў свае пазыцыі ў выніку гэтай сустрэчы ці, наадварот, аслабіў?

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Вусаў: Аналізуючы мэдыйны кантэкст сустрэчы, што піша друк у ЗША, у Эўропе, Расеі, то пераважная большасьць камэнтатараў сыходзяцца на тым, што Пуцін выглядаў у значна лепшым сьвятле. Перш за ўсё, ў рэчышчы невярбальнай камунікацыі. Амэрыканскія СМІ зьвярталі ўвагу, што Трамп падчас сустрэчы з Пуціным падаў руку далоньню ўверх, а Пуцін, як дамінантны самец, пакрыў гэтую руку сваёй далоньню. Журналісты і псыхолягі гаварылі пра тое, што Трамп выглядаў даволі слабым ў гэтай камунікацыі, а Пуцін — пераможцам.

Калі казаць пра рыторыку і расейскія СМІ, то яны падкрэсьлівалі той факт, што гэта быў дыпляматычны прарыў у адносінах са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, у прыватнасьці з Трампам, што Трамп адпавядае тым чаканьням, якія ўскладаў на яго Крэмль, і менавіта зь ім можна будзе мець справу (я не кажу пра амэрыканскі істэблішмэнт, зь якім Трамп знаходзіцца ў канфлікце).

Дзе насамрэч Трамп быў шчыры? Ён быў сапраўдным ў Варшаве ці ў Гамбургу ў размове з Пуціным?

Яшчэ адзін вельмі значны момант — што гэтая сустрэча адбылася пасьля візыту Трампа ў Варшаву, дзе ён казаў даволі моцныя і гучныя словы, крытыкуючы Расею, падкрэсьліваючы яе дэстабілізуючую ролю, а ў Гамбургу намалявалася зусім іншая карціна. Гэта шмат перад кім паставіла пытаньне: Дзе насамрэч Трамп быў шчыры? Ён быў сапраўдным ў Варшаве ці ў Гамбургу ў размове з Пуціным? І большасьць аналітыкаў пагадзілася, што шчырым Трамп быў больш на сустрэчы з Пуцінам. І гэта на сёньняшні момант ускладняе разуменьне таго, якой будзе геапалітычны падыход адміністрацыі Трампа да Расеі.

Дракахруст: Марына, ці можна з гэтай сустрэчы вывесьці нейкую тэндэнцыю, што ж усё ж такі Трамп хоча рабіць з Расеяй?

Рахлей: Ну, па-першае, я бы сказала напэўна пра тое, што гэта першая асабістая сустрэча, якая адбылася паміж Пуцінам і Трампам, і гэта бадай што асноўны вынік саміту. Калі глядзець па рэакцыі нямецкай грамадзкасьці і мэдыя, то першая тэма — гэта беспарадкі, а другая тэма — гэта Пуцін і Трамп. Іх прыязныя асабістыя адносіны пры гэтай сустрэчы былі бачныя. Другое — гэта тое, пра што сказалі калегі, што Пуцін перайграў Трампа, ён быў скрупулёзна падрыхтаваны. Гэта ня першае дзесяцігодзьдзе, калі ён вядзе перамовы з вельмі рознымі амэрыканскімі прэзыдэнтамі. Трамп быў вельмі эмацыйны і зачараваны расейскім прэзыдэнтам. Пуціну патрэбныя такія перамогі, бо ў яго выбары ў сакавіку 2018 году, і дамовы, зь якімі ён можа вярнуцца дадому, яму больш патрэбныя, чым Трампу. У Трампа дома зусім іншая сытуацыя.

У Расеі і ЗША няма адзінай мэты ў гэтым рэгіёне, няма адзіных правілаў гульні, няма адзінага разуменьня сытуацыі

Пра спробы спыненьня агню ў Сырыі — яны былі і да таго. І я б хацела яшчэ зазначыць, што супраца паміж Амэрыкай і Расеяй у Сырыі — гэта вельмі складанае пытаньне. У Расеі і ЗША няма адзінай мэты ў гэтым рэгіёне, няма адзіных правілаў гульні, няма адзінага разуменьня сытуацыі. Таксама невядома, ці можна сказаць, што саступкі па Сырыі таксама азначаюць саступкі па Ўкраіне. І, пра што ўжо казалі калегі, Трамп — гэта не ўвесь палітычны істэблішмэнт. Мы ведаем, што вядзецца расьследваньне кантактаў каманды Трампа з Масквой, іншае расьследваньне пра ўмяшальніцтва Расеі ў выбары. Да таго ж у Кангрэса зусім іншае стаўленьне да рэгіёну, амэрыканскі парлямэнт выступае за падтрымку дэмакратычных высілкаў у Эўропе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG