Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да канца лета ў Курапатах усталююць 60 мэталічных крыжоў. Заканчваецца збор грошай


Падчас будаўніцтва офіснага цэнтру ля Курапатаў у сакавіку 2017 года.
Падчас будаўніцтва офіснага цэнтру ля Курапатаў у сакавіку 2017 года.

На новыя крыжы ў Курапатах сабралі больш за 5 тысяч рублёў. Чаму збор грошай заканчваюць на наступным тыдні і дзе будуць усталяваныя крыжы, Свабодзе распавёў Алесь Чахольскі, кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты.

5132 рублі на рэканструкцыю крыжоў у Курапатах сабрана на краўдфандынгавай пляцоўцы Талака. Першапачаткова на праект задумвалі сабраць 10 тысяч рублёў. Але ўжо на наступным тыдні збор грошай можа быць скончаны.

Алесь Чахольскі
Алесь Чахольскі

Як патлумачыў Свабодзе Алесь Чахольскі, ён наўмысна спыняе збор грошай. Прычына — у падатковым заканадаўстве. Як даведаўся Чахольскі, яму давядзецца плаціць падатак за ахвяраваньні, якія перабольшаць 5 550 рублёў.

«Я не магу аддаць гэтаму рэжыму людзкія сродкі, якія ахвяруюць на сьвятую справу. За што? Я ж не бяру грошы ў сваю кішэню, — сказаў Свабодзе Чахольскі. — Я зьвяртаюся да ўсіх. Давайце цягам тыдня дазьбіраем гэтыя 400 рублёў, каб я зачыніў праект. Працягнем у наступным годзе».

Збор сродкаў на новыя крыжы пачалі яшчэ ў сакавіку 2017 года — падчас абароны Курапатаў. Сабраных на сёньня ахвяраваньняў хопіць на 60 мэталічных крыжоў.

«Мы зараз прыступаем да тэхнічнага выкананьня гэтага праекту, — кажа Чахольскі. — На працягу месяца-паўтара мы гэта ўсё зробім».

Алесь Чахольскі (зьлева) даўно апякуецца крыжамі ў Курапатах
Алесь Чахольскі (зьлева) даўно апякуецца крыжамі ў Курапатах

Новыя крыжы паставяць па пэрымэтры Курапатаў. З боку менскай кальцавой аўтадарогі ўжо стаіць 12 чатырохмэтровых мэталічных крыжоў. Імі замяняюць старыя драўляныя крыжы.

«Яны будуць стаяць не адзін дзясятак год, — кажа Чахольскі. — Мы замяняем драўляныя крыжы, якія падгнілі. Але мы іх ніколі не выкідаем. Мы іх трошкі падрэжам і перанясем углыб на магілы. Усё робіцца рацыянальна».

Як раней распавядаў Свабодзе Алесь Чахольскі, за апошнія дзесяцігодзьдзі беларусы ахвяравалі тысячы даляраў на крыжы ў Курапатах. Грошы зьбіралі на акцыях па ўсёй Белаурсі. Але такога публічнага праекту, што зладжаны на плятформе Талака, раней не было.

«Збор грошай упершыню праводзіцца публічна, — кажа Чахольскі. — Але мы заўжды ўлічваем сабраныя грошы. У нас працуе камісія, якая лічыць кожную капейку, складае акты».

Дарога праз Курапаты
Дарога праз Курапаты

Што да пляну ўладаў, каб стварыць у Курапатах мэмарыял, Чахольскі ўжо тлумачыў сваю пазыцыю.

«У нас ёсьць канцэпцыя Народнага мэмарыялу, якая рэалізоўваецца на працягу не аднаго дзясятку гадоў. Гэта крыжы, Народны мэмарыял на самой тэрыторыі Курапат, дзе магілы — 23 гектары. Уся астатняя мэмарыялізацыя павінна адбывацца на полі з боку „Экспабелу“, там павінен быць музэй і сьцяна Памяці. Каб мэмарыялізацыя адбылася, трэба вярнуць ахоўныя зоны, які даўно ўжо распрацавалі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG