Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэкрэт № 3 трэба неадкладна і ў поўным памеры адмяніць», — Аляксандар Ярашук


Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

Паводле рэйтынгу ITUC Global Rights Index 2017, які складзены Міжнароднай канфэдэрацыяй прафсаюзаў, Беларусь апынулася сярод краін, у якіх адсутнічаюць гарантыі захаваньня правоў работнікаў.

Разам зь Беларусьсю такі статус атрымалі яшчэ 34 краіны.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай канфэдэрацыі працы і сябра адміністрацыйнай рады МАП Аляксандар Ярашук у інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў, што Беларусь не ўпершыню трапляе ў такі сьпіс краін.

— Агульнапрызнана, што Беларусь — адна з самых праблемных краін з пункту гледжаньня правоў прафсаюзаў і працоўных. І краінай з аднымі з найгоршых умоваў для працоўных у сьвеце. Мы і ў дзясятку ўваходзілі, і, уласна кажучы, мы ніколі гэты сьпіс не пакідалі. І так адбылося на гэты раз згодна з рэйтынгам Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў. Таму нічога дзіўнага няма.

Менавіта з гэтай нагоды ў Менску цяпер знаходзіцца місія Міжнароднай арганізацыі працы. То бок міжнародную супольнасьць вельмі хвалюе сытуацыя з правамі працоўных. І менавіта тое, што адбывалася гэтай вясной вакол дэкрэту № 3, масавыя выступы ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі і ў Менску, прыцягвае пільную ўвагу.

Пазыцыя міжнароднай супольнасьці — што «дармаедзкі» дэкрэт № 3, дэкрэт № 29 аб кантрактнай сыстэме і дэкрэт № 5 аб пакараньнях за парушэньні дысцыпліны пазбавілі ўсіх правоў працоўных. І мы пра гэта вялі гаворку падчас сустрэчы зь місіяй МАП.

Каб вярнуць Беларусь у шэраг краін з нармальнай сытуацыяй з правамі працоўных і прафсаюзаў, трэба адмяніць усе гэтыя тры дэкрэты. У гэтым палягае і патрабаваньне МАП, і Міжнароднай канфэдэрацыі працы. Практыка гэтых дэкрэтаў павінна быць неадкладна спыненая. Насьпеў час весьці размову не пра тое, што дэкрэт № 3 трэба прыпыніць, а ён павінен быць неадкладна і ў поўным памеры адменены.

— Якія будзе мець наступствы для Беларусі тое, што яна прызнаная краінай, у якой адсутнічаюць гарантыі захаваньня правоў работнікаў?

— У свой час, калі МАП уносіла Беларусь у спэцпараграф і прызначала камісію па расьсьледаваньні, усё скончылася тым, што ў 2007 годзе Эўразьвяз скасаваў гандлёвыя прэфэрэнцыі для Беларусі. Калі будзе цягнуцца практыка прымусовай працы, то мы не выключаем, што можа адбыцца тое, што адбылося ў свой час з Мʼянмай (Бірмай), дзе рабочых прыкоўвалі ланцугамі да працоўнага месца. Тады МАП заклікала спыніць усялякія кантакты з урадам Мʼянмы, і гэта спрацавала. Там цяпер сытуацыя істотна памянялася.

— Ці вядомая вам рэакцыя афіцыйнага Менску на тое, што Беларусь, паводле рэйтынгу МКП, апынулася сярод краін, у якіх адсутнічаюць гарантыі захаваньня правоў работнікаў?

— Афіцыйная рэакцыя як раней, так і цяпер — абсалютна нічога не прызнаваць, ня бачыць і ня весьці ніякай гаворкі, і ніякіх высноў з гэтага не рабіць. Я ўпэўнены, што так было мінулымі гадамі і так будзе і на гэты раз.

Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся па камэнтар адносна рэйтынгу ў праўладную Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі. У прэсавай службе арганізацыі сказалі, што там «не ўпаўнаважаныя камэнтаваць такія заявы».

«Адзінае, што я магу з кіраўніцтвам пагутарыць на гэты конт, і ўжо тады нехта пракамэнтуе», — сказала дарадца галоўнага ўпраўленьня інфармацыйна-аналітычнай працы ФПБ Тацяна Шышкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG