Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шасьцідзённая вайна і 50 гадоў безумоўнага існаваньня


Ізраільскія салдаты ля Сьцяны плачу. 8 чэрвеня 1967 году.
Ізраільскія салдаты ля Сьцяны плачу. 8 чэрвеня 1967 году.

У Ізраілі на гэтым тыдні ўспамінаюць перамогу ў Шасьцідзённай вайне, якая доўжылася з 5 па 10 чэрвеня 1967 году.

Маленькая і зусім маладая габрэйская дзяржава тады перамагла магутную кааліцыю арабскіх дзяржаваў, якая мела па некаторых ваенных паказчыках трох-чатырохразовую перавагу ў сілах, і даказала ўсім і самой сабе, што працягне існаваньне. Шматлікія наступствы тых падзей паўплывалі на лёсы дзясяткаў мільёнаў чалавек, яны адчуваюцца на Блізкім Усходзе і ва ўсім сьвеце да гэтага часу. У самім Ізраілі пры гэтым няма аніякага культу «перамогі», ані дзяржаўнай мітатворчасьці, ані ўрачыстага прапагандысцкага напалу з гэтай нагоды.

Шасьцідзённую вайну, якую Ізраіль выйграў у Эгіпту, Сырыі, Ярданіі, Іраку і Алжыра, габрэйская дзяржава пачала першай. Ці быў у ізраільскага ўраду на чале з тагачасным прэмʼер-міністрам Леві Эшкалем нейкі іншы выхад? На працягу трох тыдняў перад пачаткам вайны ўшчыльную да межаў Ізраіля падцягваліся войскі Эгіпту і Сырыі, а таксама падразьдзяленьні іншых арабскіх дзяржаў. Практычна ва ўсім мусульманскім сьвеце ішла істэрычная «антысіянісцкія» інфармацыйная кампанія, вынікам якой стала заключэньне ваеннага саюзу паміж згаданымі арабскімі краінамі.

«Адзіным мэтадам узьдзеяньня, які мы выкарыстаем у дачыненьні да Ізраіля, стане татальная вайна. Мы павінны скінуць габрэяў у мора, зьнішчыўшы іх як нацыю!» — гэтыя словы прэзыдэнта Эгіпту Гамаля Абдэля Насэра пастаянна перадавала афіцыйнае радыё ў Каіры. «Сырыйская армія трымае палец на спускавым кручку. Я ўпэўнены, што прыйшоў час ўступіць у вайну на зьнішчэньне». — так у тыя дні гаварыў Хафэз Асад, бацька цяперашняга сырыйскага дыктатара Башара Асада, які ў той час быў міністрам абароны Сырыі. Ахмэд Шукейры, які тады ўзначальваў Арганізацыю вызваленьня Палестыны, заявіў: «ацалелых габрэям мы дапаможам вярнуцца ў краіны іх нараджэньня, але мне здаецца, што ніхто зь іх не ацалее».

Масавая малітва мусульман на Храмавай гары ў Іерусаліме ў Рамадан. 1 чэрвеня 2017 году
Масавая малітва мусульман на Храмавай гары ў Іерусаліме ў Рамадан. 1 чэрвеня 2017 году

Раніцай 5 чэрвеня ВПС Ізраілю раптам за некалькі гадзінаў зьнішчылі амаль усю ваенную авіяцыю і аэрадромы Сырыі і Эгіпту, заваяваўшы абсалютная панаваньне ў паветры, пасьля чаго магутныя сухапутная сілы арабскіх краінаў, якія валодалі самым сучасным савецкім узбраеньнем, танкамі і іншай тэхнікай, былі разгромленыя. Ярданія, якая на той момант кантралявала Ўсходні Іерусалім і Заходні бераг ракі Ярдан, таксама ўвязалася ў пройгрышную для яе вайну, пачаўшы артылерыйскі абстрэл ізраільскай тэрыторыі, хоць улады Ізраілю некалькі разоў заяўлялі ярданскаму каралю Хусэйну, што, калі ён першы не распачне ніякіх варожых дзеяньняў, Ізраіль таксама ня зроіць Ярданіі ніякай шкоды.

У выніку Шасьцідзённай вайны занятыя ізраільскім войскам землі пакінулі прыкладна 400 тысяч арабаў. Да 10 чэрвеня 1967 году Ізраіль у ходзе кровапралітных і вельмі жорсткіх баёў узяў пад кантроль тэрыторыі, якія больш чым утрая перавышалі яго плошчу да вайны — увесь Сынайскі паўвостраў, паласу Газы, Галанскія вышыні, Заходні бераг ракі Ярдан і ўсходнюю частку Іерусаліма са Старым горадам, Храмавай гарой і Сьцяной плачу.

Той жа захоп дэсантнікамі палкоўніка Мардэхая Гура Храмавай гары (якая ў хуткім часе, зрэшты, быў добраахвотна вернутая пад кантроль мусульман тагачасным міністрам абароны Ізраіля Мошэ Даянам) для габрэяў усяго сьвету меў ня менш сымбалічнае значэньне, чым, напрыклад, штурм Рэйхстагу вясной 1945 году для савецкіх людзей. Аднак, як распавядае ізраільскі журналіст і публіцыст Барыс Хоцінскі, у Ізраілі і ў тыя гады, і сёньня да гучных перамогаў былых часоў ставяцца зусім інакш, чым у СССР і, тым больш, у сучаснай Расеі:

— У Расеі ў апошнія гады склаўся сапраўдны пампэзны культ розных войнаў і ваенных перамогаў, атрыманых і ў часы Расейскай імпэрыі, і асабліва — Савецкага Саюза. Найвышэйшая кропка тут — прапагандысцкі напал вакол Дня Перамогі, 9 траўня. Ці ў Ізраілі ўлады і грамадзтва ўспрымаюць вайну, і нават гучныя перамогі, па-іншаму?

Па-рознаму ўспрымаюць гэта грамадзтва і істэблішмэнт. Для пераважнай колькасьці звычайных ізраільцян перамога ў Шасьцідзённай вайне зьяўляецца падзеяй калясальнага значэньня, якая раз і назаўжды перавярнула нацыянальны сьветапогляд. Што тычыцца вялікай часткі істэблішмэнту — трэба памятаць, што першыя амаль тры дзесяткі гадоў існаваньня Ізраіля краінай увесь час кіраваў «левы лягер». У тых сацыялістаў і іх нашчадкаў успрыманьне Шасьцідзённай вайны зусім ня адназначнае. Для іх перамога 50-гадовай даўніны стала шмат у чым і трагедыяй, таму што была зьвязана і з пачаткам ідэалягічнага разрыву з Сацінтэрнам, і з сацыялістычным лягерам. Сёньня, можа быць, гэта гучыць сьмешна, але тады гэта было сапраўды вельмі для іх сурʼёзна. І Голда Мэір ва ўспамінах так і піша, што, калі адбыўся раскол у Сацінтэрна, для яе гэта было шокам. Акрамя таго, гэта быў відавочны адыход ад ідэй пацыфізму. Яшчэ адным вынікам яе стала страта сувязяў Ізраіля з Францыяй, якая рэзка асудзіла ізраільскія дзеяньні, бо Францыя тады была асноўным пастаўшчыком узбраеньня і абаронных тэхналёгій.

Ярданскія траншэі на Арсэнальнай горцы. 1967 год, Шасьцідзённая вайна
Ярданскія траншэі на Арсэнальнай горцы. 1967 год, Шасьцідзённая вайна

— Ці сёньня ў ізраільскім грамадзтве ў цэлым адчуваньне ступені ўласнай бясьпекі вышэй, чым 50 гадоў таму? Ці людзі ў размовах параўноўваюць 60-е, 70-я гады і цяперашні час, менавіта ў гэтым кантэксьце?

Адчуваньне бясьпекі непараўнальна вышэй! Тады малюсенькаму Ізраілю з не надта разьвітай уласнай ваеннай прамысловасьцю, супрацьстаялі гіганцкія рэгулярныя арміі арабскіх дзяржаваў, большасьць якіх мелі савецкую зброю... Пасьля 1967 году ў Ізраілі наступіла эўфарыя, якую астудзіў 1973-ты. У 1982 годзе Ізраіль уграз у «лібанскім балоце». У 2006-м правёў яшчэ адну вайну з вельмі неадназначным вынікам, вайну ўжо новага тыпу. Няма больш у рэгіёне магутных сухапутных войскаў. Хіба што эгіпэцкае, якое ледзь-ледзь спраўляецца з радыкальнымі ісламістамі на Сінайскім паўвостраве. Нягледзячы на тое, што напружаньне захоўваецца, што зьявілася ядзерная пагроза з боку Ірану, галоўнае, што пасьля 1967 году зразумелі ўсе: ЦАХАЛ — самае моцнае войска на Блізкім Усходзе. І арабы гэта таксама зразумелі, што важна! Асноўная трансфармацыя грамадзкай ізраільскага сьвядомасьці з тых гадоў заключаецца ў тым, што зараз мы ведаем: канвэнцыянальным ваенным шляхам Ізраіль наўрад ці адолеюць. Гэта зьмяніла і ізраільскі мэнталітэт, і мэнталітэт усіх габрэяў сьвету, — мяркуе Барыс Хоцінскі.

Пасьля танкавай бітвы на Галанскіх вышынях. 10 чэрвеня 1967 году.
Пасьля танкавай бітвы на Галанскіх вышынях. 10 чэрвеня 1967 году.

У гісторыі Ізраіля былі дзьве найважнейшыя падзеі — дзень абвяшчэньня яго стварэньня ў 1948 годзе і Шасьцідзённая вайна. Гэта дзьве падзеі, якія вызначылі лёс дзяржавы Ізраіль, падкрэсьлівае палітоляг, прафэсар унівэрсытэтаў БАР-Ілан і Арыэль у Іерусаліме Зэеў Ханін:

— Дзякуючы першай падзеі Ізраіль адбыўся і атрымаў права на існаваньне. А Шасьцідзённая вайна 1967 году — гэта была падзея, якая, па сутнасьці, падзяліла гісторыю нашай краіны на «умоўную» і «безумоўную». Умоўная яна была да перамогі ў Шасьцідзённай вайне. А пазьней, хоць была і вайна Суднага дня, і лібанскія вайны, і барацьба з тэрорам, пытаньне аб тым, ці будзе наогул існаваць Ізраіль ці ня будзе, ці застанецца ён цэнтрам габрэйскага сьвету ці не, больш не ўздымалася.

— Ці магла б гэтая вайна не пачацца? Ці быў у Ізраіля нейкі іншы выхад, акрамя таго, які ён абраў, гэта значыць атакаваць першым з паветра, як і здарылася?

— Напісаны дзесяткі кніг, без перабольшаньня, на тэму таго, ці варта было Ізраілю пачынаць вайну. Ці на самай справе зьбіраліся арабскія краіны атакаваць Ізраіль? Ці сапраўды зьяўляецца праўдай тое, што на самой справе яны нібыта зьбіраліся арганізаваць нейкія дэманстрацыйныя дзеяньні? І ці трэба было стрымлівацца да апошняга моманту, захоўваць халодную галаву і не даводзіць справу да сутыкненьняў, і ўсё б урэгуляваць? І што «вялікія хлопчыкі» б умяшаліся ў ход падзей, і ЗША дамовіліся б з СССР, і ўсё б скончылася без стрэлаў? Але мне думаецца, што, як у акадэмічным, так і ў інфармацыйна-аналітычным, і тым больш у грамадзкім мэйнстрыме і ў Ізраілі, і за яго межамі існуе ўстойлівы пункт гледжаньня: у Ізраіля не было іншага шанцу, акрамя як мабілізаваць усе сілы і рэсурсы і чарговым разам паставіць усё на карту, рызыкнуць сваім няпростым габрэйскім лёсам.

Бо сусьветная гісторыя паказвае, што спадзявацца на зьнешнія гарантыі для ізраільцян, як і для ўсіх габрэяў у цэлым, — гэта, мякка кажучы, рэч мала асэнсаваная. Калі даходзіць да справы, лёс габрэйскага народа і габрэйскай дзяржавы знаходзіцца толькі ў руках яго грамадзянаў. Зразумела, што іншага шанцу не было! А калі іншага шанцу не было, трэба было вырашыць праблему ўласнага выжываньня сілавым шляхам. Далей гэта было ўжо пытаньне тэхнікі або пытаньне тактыкі. Ізраіль ня мог увязвацца ў доўгатэрміновую ваенную кампанію проста зь геаграфічных прычынаў. Напрыклад, паміж Іерусалімам і Тэль-Авівам 35-40 хвілін язды на аўтамашыне, па самой вузкай частцы цэнтру краіны, дзе як раз знаходзяцца нашы асноўныя населеныя пункты і асноўныя абʼекты індустрыяльнай, сельскагаспадарчай, культурнай і іншай інфраструктуры. Таму мець прастору для манэўру ў Ізраіля магчымасьці не было, і нават сёньня яго няма. Заставалася толькі нанесьці пасьпяховы папераджальны ўдар па праціўніку, які быў гатовы атакаваць і зьнішчыць Ізраіль і яго грамадзян. Менавіта гэтая падзея вызначыла і далейшы лёс краіны, і лёс усяго Блізкага Ўсходу, і ў нейкім сэнсе паўплывала і на ўсё чалавецтва, перш за ўсё на адносіны вялікіх дзяржаў.

— Калі ўзгадаць пра мінусы гэтай вайны для габрэйскай дзяржавы: што Ізраіль выклікаў нянавісьць у вялікай часткі сьвету, якая стала яму помсьціць, што Ізраіль стаў мэтай ідэалягічных нападаў, наймагутнай прапагандысцкай кампаніі, што Ізраіль набыў канчаткова небясьпечнага магутнага ворага — Савецкі Саюз, які разарваў зь ім дыпадносіны, і савецкія сатэліты, і ўсё іншае — як Ізраіль потым з гэтым спраўляліся? І ці ягонае тагачаснае кіраўніцтва пралічыла ўсе рызыкі?

— Перамога ў вайне 1967 году найперш паўплывала на будучыя адносіны Ізраіля з ЗША, якія, з аднаго боку, мелі пэўныя абавязацельствы ў дачыненьні да габрэйскай дзяржавы, але зь іншага — не гатовыя былі ўмешвацца, ня вельмі разумеючы, якія шанцы ёсьць у Ізраіля выстаяць супраць кааліцыі арабскіх краін, якія падтрымліваў Савецкі Саюз. Пасьля перамогі Ізраіля ў Шасьцідзённай вайне Вашынгтон атрымаў магчымасьць рэзка зьмяніць свой курс, разумеючы, што Ізраіль сам, у канчатковым выніку, у стане вырашыць свае праблемы.

Яданцы ў палоне ў ізраільцян. 8 чэрвеня 1967 году
Яданцы ў палоне ў ізраільцян. 8 чэрвеня 1967 году

Шасьцідзённая вайна, у адрозьненьне ад наступных падзей, выклікала калясальны ўсплёск салідарнасьці з Ізраілем. Маленькі Давід перамог гіганцкага Галіяфа! Гэта потым, дзякуючы інтэнсіўнай прапагандзе арабскіх краінаў і ў асноўным левай частцы эўрапейскага інтэлектуальнага і палітычнага істэблішмэнту, якая салідарызавацца з арабскім дыскурсам, сытуацыя ў сусьветнай грамадзкай думцы зьмянілася. Але ў той момант сытуацыя была зусім іншая. Што тычыцца нянавісьці арабскіх краінаў — так і да Шасьцідзённай вайны Ізраіль, мякка кажучы, там ня вельмі любілі. Зразумела, і ў самім Ізраілі ёсьць пэўная частка грамадзтва, у тым ліку інтэлектуальныя колы, якія мяркуюць, што перамога Ізраіля, на самай справе, была ягонай паразай, таму што Ізраіль дагэтуль кантралюе Заходні бераг ракі Ярдан, паласу Газы і Галанскія вышыні, і на самай справе, гэта не набыцьцё, а цяжкі груз.

— Шасьцідзённая вайна зрабіла вядомымі ва ўсім сьвеце вялікую колькасьць ізраільскіх генэралаў, якія потым сталі ня менш вядомымі палітыкамі. Ці гэта тады было звычайнай прыметай часу? Ці яны сапраўды былі выключнымі людзьмі, якія тады ў нейкі кароткі прамежак гістарычнага часу раптам зьявіліся?

Я б падзяліў вашае пытаньне на дзьве часткі. Ці ёсьць сёньня генэралы такога ўзроўню, якія былі тады? Адказ — так. Проста сытуацыя зьмянілася, і сучасная вайна тэхналягічна і арганізацыйна вядзецца інакш, ня больш ці менш прафэсійна, а ў іншых умовах. Арганізацыя, плянаваньне і тэхналёгіі — тое, што вызначае адназначную ваенную перавагу Ізраіля над любым супернікам. Вырашаць яны напасьці разам ці паасобку, сёньня яны ня маюць ніводнага шанцу. Гэта важней, чым выбітныя ваенныя дасягненьні і таленты нейкага канкрэтнага генэрала. Так, тыя камандуючыя потым сталі палітыкамі. Але баюся, што высакаклясны ваенны прафэсіянал — не заўсёды выдатны палітык. Хоць бываюць і выключэньні.

Міністар абароны Ізраіля Машэ Даян (зьлева) і генэрал Арыэль Шарон (у цэнтры)
Міністар абароны Ізраіля Машэ Даян (зьлева) і генэрал Арыэль Шарон (у цэнтры)

— Іцхак Рабін або Арыэль Шарон былі і ваенныя геніі, і выдатныя палітыкі.

Так, але пра вынікі іх палітычных дасягненьняў у Ізраілі ідзе вельмі і вельмі глыбокая дыскусія. Вельмі многія генэралы і палкоўнікі ў нас, завяршаючы ваенную карʼеру, ідуць у іншыя сфэры. Нехта ў бізнэс, хтосьці ў навуку, нехта ў сродкі масавай камунікацыі, а хтосьці займаецца палітыкай. Але ў апошнія гады тэндэнцыя іншая — у Кнэсеце апошняга скліканьня, напрыклад, нязвыкла мала генэралаў. І мабыць, гэтая тэндэнцыя будзе ўзмацняцца. Ізраільская палітычная эліта раней фармаваўся з двух крыніц: першая — прафэсійныя партыйныя палітыкі, другая — ваенныя вышэйшага рангу. Але сёньня іх месца чым далей, тым часьцей займаюць іншыя групы, напрыклад, журналісты, — кажа Зэеў Ханін.

Цалкам артыкул Аляксандра Госьцева — на сайце рускай Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG