Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самаходы». Сыбірскія беларусы наведалі радзіму продкаў — ім спадабалася, але застацца ня хочуць


Іх продкі праглі свабоды і зямлі і самаходзь прыехалі ў Сыбір, дзе захавалі беларускую мову, звычаі і старажытны рэцэпт прыгатаваньня жытняга піва.

2–5 чэрвеня Буда-Кашалёўскі раён пры падтрымцы міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“» прымае сваіх суродзічаў — нашчадкаў перасяленцаў канца ХIХ стагодзьдзя, якія з прычыны малазямельля выехалі ў Заходнюю Сыбір, дзе заснавалі некалькі паселішчаў. За імі замацавалася назва «самаходы», бо перабраліся яны туды з уласнага жаданьня.

Сыбірскія беларусы ў Бушаўскім садзе-школе
Сыбірскія беларусы ў Бушаўскім садзе-школе

Беларускія дакумэнталісты Ірына Волах, Вольга Лабачэўская ды Юры Плюшчаў зьнялі пра іх адмысловую дакумэнтальную стужку «Самаходы».

Тамтэйшыя сыбіракі ідэнтыфікуюць сябе як беларусы. Яны здолелі захаваць традыцыйныя беларускія абрады: Каляды, Купальле, Дзяды, штогадовы перанос на Раство Хрыстова іконы — «Сьвячы».

У сыбірскіх беларусаў багаты песенны фальклёр, у гаворцы шмат беларускіх назваў. Не забылася нават традыцыя варыць на сьвяты піва.

Партрэты некаторых нашчадкаў беларускіх перасяленцаў-«самаходаў» — у рэпартажы Свабоды.

Алена Новікава, геоляг

Алена Новікава
Алена Новікава

Я прапраўнучка дзьвюх беларускіх сем’яў зь вёскі Рагінь Буда-Кашалёўскага раёну — Новікавых і Мельнікавых. Мой прапрадзед Харытон Мельнікаў з жонкаю Секлецінай і шасьцю дзецьмі зьехаў у 1897 годзе ў цяперашнюю Цюменскую вобласьць Расеі. Зь імі выехалі сям’я брата Еўдакіма Мельнікава і гаспадары яшчэ 22 двароў. Такую інфармацыю я знайшла ў Табольскім архіве. Праз Омскі, Чалябінскі й беларускі архівы я ўзнаўляю прозьвішчы многіх беларускіх перасяленцаў.

Продкі заснавалі ў Сыбіры паселішчы Ермакі, Асінаўка, Ялоўка. У 1917 годзе Сямён Новікаў і Ганна Мельнікава пабраліся шлюбам, з гэтага часу, ўласна, і пачынаецца гісторыя маёй сям’і.

«Продкі выжылі, бо праглі свабоды і зямлі»

У Ермаках мяне пяць гадоў выхоўвала мая беларуская баба Ганна. Верыце ці не, але ўся любоў да Беларусі закладзена ўва мне праз бабулю. У мяне ў самой сем унукаў. Гэта неверагодныя гісторыі пра асваеньне дзікай тайгі, жыцьцё ў зямлянках альбо ў хацінах па некалькі сем’яў, пакуль будавалі больш дыхтоўныя хаты. Але яны выжылі, бо праглі свабоды і зямлі.

Яны дабіраліся чыгункаю да Чалябінску альбо Цюмені, а далей наймалі фурманкі, коней, каб везьці правіянт, дзяцей, а самі ішлі пешшу да месца пасяленьня.

Я геоляг-шукальнік. Думала, што галоўнае ў маім жыцьці — гэта пошук нафты. Ажно не. Цяпер, хоць жыву ў Санкт-Пецярбурзе, занялася гісторыяй вёскі Ермакі, дасьледаваньнем свайго радаводу, а таксама радаводу сем’яў Мельнікавых, Чарняковых, Кавалёвых, Басяковых, Вараб’ёвых, якія пачаліся зь беларускіх вёсак Рагінь, Антонаўка, Меркулавічы, Бушаўка. Ну і само сабою — гісторыяй пераходу ад канцавой чыгуначнай станцыі да Ермакоў цяперашняга Вікулаўскага раёну Цюменскай вобласьці, дзе нарадзілася мая мама.

Сама я пяць гадоў вучылася ў школе ў Ермаках. Аднаклясьнікі адказвалі на ўроках з моцным беларускім акцэнтам. Бабуля мая размаўляла па-беларуску. Разьлілі мы аднойчы зь ёй малако, а яна й кажа: «Унучка, пабач, там на ганку ляжыць трапка». Мне 12 гадоў, што такое «трапка» я ведаю. А ганак? Ад бабулі я навучылася разумець беларускую мову. Размаўляць добра не магу. Адчуваю, што трэба вывучыць.

«Божа, чаму яны сышлі з гэтай сваёй зямлі? Гэта ж казка, рай»

Калі я ехала 2 чэрвеня зь Менску ў Буда-Кашалёва, мяне не пакідала думка: «Божа, чаму яны сышлі з гэтай сваёй зямлі? Гэта ж казка, рай — усё засеяна, дагледжана».

Мае вочы радуюцца таму, што я бачу. Я вазьму жменю зямлі і абавязкова завязу ў Цюмень на магілу бабулі. Людзі тут прыязныя, добразычлівыя, як і яна.

Да ўладаў у мяне складанае стаўленьне, я імкнуся зьвяртаць на іх менш увагі. Сама не разумею, што расейцам перашкаджае жыць багата і чыста, маючы такую сыравінную базу. У Расеі дворнікі — кіргізы, кіроўцы — узбэкі. Багата нібыта рук, а парадку няма.

Я ня думаю, што ў Беларусі прэзыдэнт Лукашэнка сочыць за кожнай вуліцай, кожным кустом. І ахова да іх не прыстаўлена. А чысьціні і парадку ў вас болей. Гэта радуе.

У Чабатовіцкім музэі народнага побыту
У Чабатовіцкім музэі народнага побыту

«Мяне засмучае, калі Расея ўводзіць санкцыі на беларускую малочную прадукцыю»

Мяне засмучае, калі Расея ўводзіць, хай сабе й непрацяглыя, але санкцыі на беларускую малочную прадукцыю. Не магу сказаць, што я такая ўжо прыхільніца беларускіх харчоў. Але ваша прадукцыя больш якасная, смачнейшая. Натуральная і смачная. Хочацца спажываць і малако, і тварог, і сьмятану — абсалютна ўсё. Кажу гэта не таму, што мае продкі з Буда-Кашалёўскага раёну.

У мяне была такая гісторыя. Купіла я з унукам перад Новым годам бабруйскі зэфір у прыгожай такой пушачцы. Калі раскрылі, то там адразу пад кардоннай накрыўкай ляжалі папяровыя арнамэнты беларускай вышыўкі — абярэг, сымбаль дрэва жыцьця. Я проста аслупянела. Гляджу і разумею, што я гэта ўжо бачыла. Успомніла пра ручнік, які вышывала мая беларуская бабуля зь Ермакоў на мой дзень народзінаў больш як паўстагодзьдзя таму. Прашу мужа дастаць ручнік. Гляджу — падобны арнамэнт.

Я сфатаграфавала ўсё гэта і выклала ў «Фэйсбук» — знак ад маёй бабулі. Атрымала зь Беларусі звыш тысячы трохсот «лайкаў». Нават з Канады беларуска напісала, расшыфравала ўсе знакі з арнамэнту. У куточку быў і знак багіні Леды. Гэта мая беларуская баба Ганна вышыла мой жыцьцёвы абярэг, які й сапраўды аберагае мяне доўгія гады«.

Муж Алены, пісьменьнік і рэдактар Валер Заваротны, устаўляе сваю рэмарку: «Цудоўная, шалёная жанчына, і я яе кахаю».

Алена Плюхіна, фельчар

Алена Плюхіна
Алена Плюхіна

Як нарадзілася, так і жыву ў Ермаках. Выяжджала зь вёскі толькі калі вучылася ў мэдвучэльні. У нашай сям’і было сямёра дзяцей. Я серадольшая, а да мяне і пасьля — хлопцы. Бацька граў на гармоніку і браты граюць — музычная ў нас сям’я. Сама сьпяваць люблю. І, вядома, людзей лячу. Вось паехала ў Беларусь, а вяскоўцы там засталіся без мэдычнага нагляду.

Ермакі нашыя ў Цюменскім краі і Вікулаўскім раёне ў прыватнасьці найбольш аддаленыя — такі «мядзьведжы кут». Радзіму нашы бацькі і бабкі зь дзядамі ніколі не забывалі. Захавалі звычаі. Апроч беларускіх вёсак, нідзе не адзначаюць сьвята Дзядоў альбо «Сьвячы». Да нас едуць за сотні кілямэтраў — хто паглядзець, а хто, пэўна, і здароўя папрасіць, бо ад гаспадара да гаспадара пераходзіць наша ікона на захаваньне. Усьцілаем дарогу саломай, становімся на калені. Абраз праносяць над галовамі, і ў гэты час людзі моляцца пра свае таемныя жаданьні.

Хаты ўпрыгожваем піхтаю — у іншых такіх звычаяў няма. І калі чалавек памрэ, то грамада аказвае той сям’і пасільную дапамогу.

Ну й кухня застаецца традыцыйнаю: любім яечню, бульбу, сала. Дранікі гатуем, калдуны.

«Вучу дзяцей беларускія песьні сьпяваць»

У мяне чацьвёра дзяцей. Вучу іх беларускія песьні сьпяваць. Вядома ж, па-беларуску. І песьні нашы, бадай, вядомыя на Гомельшчыне: «Пасею гурочкі», «А за рэчкай, за ракою», «Вёсачка мая — мая чараўніца».

Жывём мы далёка, магчыма, ня ўсё ведаем, але беларускага прэзыдэнта Аляксандара Лукашэнку шануем. Бачым, што ён дбае пра сваіх людзей. Едзем, бачым усюды аграгарадкі. Прадукты беларускія да нас не трапляюць. Больш вязуць з Казахстану — адтуль бліжэй. А вось беларускі трыкатаж даходзіць. Калі камэрсанты прывозяць і штосьці купляем ці пытаем, нас пазнаюць: «Во, бульбашы прыйшлі».

Сыбірскія беларусы ў Бушаўскім садзе-школе
Сыбірскія беларусы ў Бушаўскім садзе-школе

«Пагавары па-свойму»

Раней нават у мяне прасілі, калі прыяжджала у раён: «Пагавары па-свойму».

Цяпер збольшага гаворка перамяшалася з расейскай мовай, бо ўжо пятае пакаленьне дарослым стала. А дзяды, нават бацькі — яны больш па-свойму размаўлялі, гэта значыць па-беларуску.

Пра вайну ва Ўкраіне ведаем, шкадуем, што людзі трапілі ў такую сытуацыю. У нас паказваюць, што Расея пастаўляе ва ўсходнія ўкраінскія тэрыторыі гуманітарную дапамогу. Думаю, што нам ня ўсё паказваюць, што там дзеецца. Шмат што прыхавана. Але ня хочацца, каб псавалі дачыненьні з суседзямі, бо мір — гэта галоўнае. Ня трэба лезьці абы-куды.

«Многія землі, якія абраблялі нашы дзяды, зарасьлі кустоўем ды лесам»

Унутраных праблемаў хапае, у тым ліку і ў нас: працы няма, моладзь зьяжджае. Засталася толькі сфэра абслугоўваньня. Два сельгаскаапэратывы, якія былі, распаліся. Там цяпер прыватнікі вырошчваюць прадукцыю пераважна для сябе. Многія землі, якія абраблялі нашы дзяды, зарасьлі кустоўем ды лесам.

Ня так даўно зрабілі дарогу зь цьвёрдым пакрыцьцём, а то ж было ні праехаць ні прайсьці, асабліва ўвесну і ўвосень. У вас тут лепей з дарогамі, чысьцінёй і парадкам. У Расеі, яшчэ клясык пісаў, дзьве бяды: дурні і дарогі.

«Калі ехалі ў Беларусь, перабіраліся на тэхніцы МНС»

Мы ехалі ў Беларусь, а нашу вёску вада ў трох месцах адрэзала ад райцэнтру. Перабіраліся на тэхніцы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Дарогу, як я казала, зрабілі, але абы здаць. Масты сабралі ніжэй узроўню — іх затапіла. Ну хто так робіць? Ясная справа, дурні.

Аднак жаданьня перабірацца, хоць бы і ў Беларусь, няма. Нам нашу зямлю перадалі продкі, і мы за яе адказваем.

Мікалай Вараб’ёў, інжынэр-землеўпарадчык

Мікалай Вараб'ёў з маці Валянцінай
Мікалай Вараб'ёў з маці Валянцінай

Уся мая радзіна — зь Ермакоў. Прыехаў у Беларусь разам з маці Валянцінай. Сам я пасьля вучобы застаўся ў Цюмені, а бацькі, дзядзькі, цёткі засталіся ў Ермаках. Беларускую мову разумею, бо бабуля размаўляла па-беларуску. І сам, як прыеду ў вёску і гутару зь людзьмі сталага веку, то пад іх падладжваюся.

Прабабка Пелагея заўсёды казала «Расея», а не «Расія». Яна багата чаго распавядала, бывала, і песьні заводзіла. Іншы раз і сьлязам волю давала. У нас жа, у Ермаках, нават вуліцы называліся так: Рагінь, Бушаўка. Іх пасьля перайменавалі на Садовую і Міру. Гэта ўсё, як той казаў, перажыткі савецкай улады.

«Лукашэнку мясцовым кіраўнікам у прыклад ставяць: глядзіце на Беларусь — там чысьціня і парадак»

У нас вашага Аляксандара Лукашэнку мясцовым кіраўнікам нават у прыклад ставяць: маўляў, глядзіце на Беларусь — там чысьціня і парадак. У Расеі гэтага бракуе. Праўда, у апошні час і да нас дайшла інфармацыя, што Лукашэнка ўвёў падатак на дармаедаў. У дачыненьні тых, каго на працу і пугай не загоніш, гэта, можа, і добра. Магчыма, такі падатак падштурхне гультаёў. Але калі бяруць падатак з таго, хто ня можа знайсьці працу, гэта пужае.

«Я не лічу, што Беларусі й Расеі трэба аб’ядноўвацца»

Я не лічу, што Беларусі й Расеі трэба аб’ядноўвацца. У нас розны мэнталітэт (я пра нашых ермакоўцаў не кажу), сыстэмы гаспадараньня. Толку ад аб’яднаньня ня будзе — будзе пустое марнаваньне часу.

Крым цюменцы лічаць «нашым», хоць я разумею, што ён не зусім расейскі.

На Данбасе Расеі няма чаго рабіць. Яны там самі павінны разабрацца. У нас і без «ДНР» і «ЛНР» праблемаў хапае. І гуманітарную дапамогу ёсьць каму аказваць.

Галіна Басякова, былая настаўніца нямецкай мовы

Галіна Басякова
Галіна Басякова

Дзявочае маё прозьвішча — Чарнякова. Бацька мой з Рагіні, ён прыехаў у нашы цюменскія Ермакі неўзабаве пасьля вайны, бо застаўся сіратою. Недзе на могілках у Рагіні, пэўна, старых, пахаваныя мае дзед й баба. Хадзіла каля безыменных ад часу крыжоў і плакала — яны ж недзе ў гэтай зямлі... Парадавалася толькі, што магілы дагледжаныя, літаральна ўсе.

У нас, у Сыбіры, такога парадку нідзе няма. Ні на могілках, ні на палетках. Многія нашы расейцы неяк не заўважаюць бруд і бязладзьдзе. Чаму — ня ведаю.

Вяскоўцы нас шчыра й цёпла прынялі. Паколькі я з роду Чарняковых, то мяне прынялі ў сям’ю настаўнікаў Чарняковых. Школу паказалі, кабінэты. Яны ў Рагіні лепш абсталяваныя, чым у нас.

А праблемы ў школах аднолькавыя. Дзеці страчваюць цікавасьць да ведаў. Скарачаецца колькасьць навучэнцаў. У нас у Ермакоўскай сярэдняй школе цяпер усяго 40 вучняў — гэта разам з тымі, каго прывозяць зь іншых вёсак.

«У беларусаў пэнсіі ніжэйшыя, чым у расейцаў»

Мне падалося, што ў беларусаў пэнсіі ніжэйшыя, чымсьці ў нас. Я была раней і дырэктаркай школы. Зарабіла 15 тысяч рублёў (у эквіваленце — 268 даляраў). Муж працаваў кіроўцам. Праца нялёгкая, але яму «паклалі» ад дзяржавы пэнсію 11 тысяч рублёў (196 даляраў).

Але «бацьку» Аляксандра Лукашэнку мы шануем. Калі ён часам з Пуціным і пасварыцца, то, думаю, неўзабаве памірыцца, бо нам няма чаго дзяліць«.

Я хоць была настаўніцаю і дырэктаркаю, але гаспадарку сваю прыватную трымала. Нават дзьве каровы мела. Да школы пасьпявала і кароў падаіць, і абед згатаваць, і ў печы выпаліць.

Сама я выгадавала дваіх дзяцей. Ёсьць унукі. Меншага сына сын вучыцца размаўляць па-беларуску — там «пайшоў», «прыйшоў». Яму гэта цікава, і бацькі не забараняюць.

У Чабатовіцкім музэі народнага побыту
У Чабатовіцкім музэі народнага побыту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG