Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску за хабар затрымалі старшыню райвыканкаму


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Жыхары Салігорску паведамілі Свабодзе, што раніцай 1 чэрвеня праваахоўнікамі быў затрыманы старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандар Рымашэўскі:

«Уварваліся ў дом, ламалі дзьверы».

«Яго няма на працы, не было з раніцы. Калі будзе, ня ведаем. Прычын таксама ня ведаем. Учора на працы быў, а сёньня няма. Ці праўда, што затрыманы? Нічога сказаць не магу», — сказала сакратарка старшыні райвыканкаму.

У прэсавай службе МУС па стане на 15:30 пацьвердзілі затрыманьне. Рымашэўскі затрыманы за хабар.

«Як паведамілі ва Ўправе па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС, Рымашэўскі А. Б. сыстэматычна атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў камэрцыйных структур за вырашэньне пытаньняў аб першачарговым пагашэньні запазычанасьці мясцовых аграрных прадпрыемстваў за пастаўленую прадукцыю», — напісана на сайце МУС.

Таксама сайт МУС паведамляе, што ў дачыненьні да Рымашэўскага пачата крымінальная справа ў Сьледчым камітэце. Паводле крыніцы з Салігорску, Аляксандра Рымашэўскага пасьля затрыманьня зьвезьлі ў Менск.

У траўні адбыўся інцыдэнт са старшынём Аршанскага райвыканкаму Леанідам Пянькоўскім. У дом, дзе знаходзіўся Пянькоўскі, уварваліся праваахоўнікі, што выклікала скандал на самым версе ўлады.

22 траўня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Сьледчага камітэта Іванам Наскевічам абурыўся:

«Хто даў права да чалавека, узгодненага да прызначэньня прэзыдэнтам, урывацца ў дом? Бо для таго, каб праваахоўным органам нават весьці нейкія расьсьледаваньні пра чалавека, які ўваходзіць у кадравы рэестар прэзыдэнта, трэба згода прэзыдэнта. Уварваліся, пачалі нешта ўдакладняць. Новы чалавек прыйшоў працаваць. Таўро на ім паставілі. Нядобры сыгнал. ... Матэрыялы ўжо ёсьць. Разьбярыцеся. Мне патрэбна мужчынская, сапраўдная ацэнка гэтай сытуацыі», — сказаў Аляксандар Лукашэнка і даручыў Сьледчаму камітэту даць ацэнку падзеі.

31 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч падчас сустрэчы з журналістамі ў кулюарах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прызнаў, што гэта ягоныя падначаленыя ўварваліся ў дом, дзе быў Леанід Пянькоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG