Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабцу забаранілі кіраваць аўтамабілем за доўг дзяржаве, які ён вярнуў яшчэ два гады таму


Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

Гісторыя з былым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і былым палітвязьнем Сяргеем Скрабцом, якому на пяць год забаранілі кіраваць аўтамабілем, атрымала нечаканы працяг.

Сёньня спадар Скрабец распавёў Свабодзе, што яго пакаралі за доўг, які ён выплаціў дзяржаве яшчэ два гады таму:

«Такое ўражаньне, што адна сілавая структура ня ведае, што робіцца ў другой. Я выпадкова даведаўся, што падставай для забароны сядаць за руль стаў доўг, які я выплаціў дзяржаве яшчэ два гады таму. У свой час у „Гандлёвым доме БелБабаеўскі“, дзе я працаваў, часовы кіраўнік зрабіў пазыку. Ён яе не вярнуў, а доўг „павесілі“ на мяне. Але ж я разьлічыўся за яго яшчэ ў 2015 годзе.

Калі я пра гэта даведаўся, то, натуральна, вырашыў аспрэчыць рашэньне аб пазбаўленьні мяне правоў кіроўцы. Мне на гэта адказалі: нясіце даведку, што доўг вы ўжо сплацілі, тады будзем разьбірацца. Я пайшоў па даведку. І зноў пераканаўся, у якой бюракратычнай краіне мы жывем. Каб атрымаць звычайную даведку з архіву, трэба чакаць аж два тыдні. Буду чакаць. А пасьля — пісаць скаргу».

Сяргей Скрабец быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2 скліканьня Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь (2000–2004 гады). Некаторы час узначальваў нефармальную дэпутацкую групу «Рэспубліка». Летам 2004 году разам з дэпутатамі з гэтай групы Ўладзімерам Парфяновічам і Валерам Фраловым узяў удзел у галадоўцы пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і ўнясеньня паправак у выбарчае заканадаўства. Дэпутаты таксама патрабавалі вызваліць палітвязьня Міхаіла Марыніча. Скрабец быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Пасьля затрыманьня ў траўні 2005 году Скрабца зьвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў і ў лютым 2006-га асудзілі на два з паловай гады. Разам з Аляксандрам Казуліным у калёніі «Віцьба-3» трымаў галадоўку. Рашэньнем пракуратуры Сяргею Скрабцу па амністыі скарацілі тэрмін на год. Вызвалілі 15 лістапада 2006 году.

Дэпутацкая група «Рэспубліка» была створаная ў Палаце прадстаўнікоў 2 скліканьня, ёй кіравалі спачатку Валер Фралоў, пасьля Сяргей Скрабец. У розны час у складзе групы было ад 8 да 13 дэпутатаў. Група, у якую ўваходзілі пераважна дэпутаты-бізнэсоўцы, выступала за прыняцьцё новых эканамічных законаў, якія б адпавядалі канонам рынкавай эканомікі. Некаторыя з дэпутатаў, у прыватнасьці Парфяновіч, Скрабец і Фралоў, далучалі да гэтых патрабаваньняў палітычныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG