Лінкі ўнівэрсальнага доступу

160%. На столькі падаражэла бульба ад пачатку году. Працяг праекту «Не для нас ананас-5»


Бульба, самы галоўны і любімы прадукт беларусаў, імкліва даражэе. Цана на яе ў менскай краме ад пачатку году павялічылася амаль у тры разы, рост склаў 160% — ад 38 капеек да 1 рубля. Таксама даражэюць хлеб, цукар, малако і аўтамабільнае паліва.

Радыё Свабода працягвае штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары. Мы адсочваем, колькі каштуюць на пачатку кожнага месяца 7 прадуктаў харчаваньня (сьвініна, бульба, яйкі, хлеб, малако, алей і цукар), а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у грамадзкім транспарце і квіток у кінатэатар.

Параўнаўшы вынікі студзеньскага і лютаўскага замераў, мы зрабілі выснову, што ў лютым кошык з 10 прадуктаў падаражэў на 0,49 рубля (у студзені — 28,45 рубля, у лютым — 28,94).

Кошт кошыка тавараў у сакавіку і красавіку склаў 27,62 і 27,79 рубля адпаведна. У рублёвым вымярэньні гэта менш у параўнаньні з пачаткам году.

Цяпер параўноўваем студзеньскія і травеньскія цэны.

Цэны не зьмяніліся — алей, праезд у грамадзкім транспарце

Як і ў папярэднія месяцы экспэрымэнту, не зьмяняецца цана на алей расейскай вытворчасьці «Золотая семечка» і праезд у грамадзкім транспарце (2,99 і 0,55 рубля адпаведна).

Патаньнела — сьвініна, яйкі

Кіляграм шыйнай часткі сьвініны каштуе таньней, чым на пачатку году, але даражэй у параўнаньні з красавіком (у студзені было 11,99, у красавіку — 9,99, у траўні — 10,69 рубля).

Таксама патаньнеў у параўнаньні з пачаткам году дзясятак яек «Разумны выбар» С-1 (у студзені ён каштаваў 1,95 рубля, у красавіку — 1,89 рубля).

Падаражэла — бульба, хлеб, цукар, малако, паліва, кіно

Як і ў красавіку, працягвае даражэць бульба. На пачатку траўня яе прадаюць за 0,99 рубля. Гэта амаль утрая даражэй, чым было на пачатку году (0,38 рубля) і амаль удвая даражэй, калі параўноўваць з красавіцкай цаной (0,54 рубля).

Кіляграм цукру прадаецца за 1,75 рубля (у студзені было 1,69), літар малака «Савушкин продукт» тлустасьцю 2,5% — 1,34 (у студзені каштаваў 1,3).

Паўкіляграмовы бохан хлеба каштаваў у студзені 91 капейку, а ў траўні за яе трэба аддаць 1,31 рубля. Што праўда, у першыя тры месяцы ў экспэрымэнце ўдзельнічаў гатунак бездражжавога хлеба «Добры», а ў траўні — вотруб’евы «Ранак».

Ужо тры месяцы запар не зьмяняецца цана на квіток у кіно. Так, паглядзець блёкбастэр «Ахоўнікі галяктыкі. Частка 2» у бюджэтным кінатэатры «Беларусь» каштуе 6,5 рубля. У студзені мы там жа глядзелі «Елкі-5» за 5 рублёў, у лютым — камэдыю «Ла-ла-лэнд» за 6 рублёў. У сакавіку, красавіку і траўні квіток каштаваў 6,5 рубля.

Літар бэнзіну АІ-95 у студзені каштаваў 1,19 рубля, цяпер каштуе 1,24 рубля.

Такім чынам, у параўнаньні з пачаткам году кошык прадуктаў падаражэў на 80 капеек (у студзені — 28,45, у траўні — 29,25 рубля) у рублёвым вымярэньні і на 1,2 даляра ў даляравым вымярэньні (у студзені — 14,44, у траўні — 15,64 рубля).

У траўні інфляцыя ад пачатку году склала 2,8%.

Паводле афіцыйнага прагнозу беларускіх уладаў, інфляцыя за ўвесь 2017 год мае скласьці 9%. МВФ жа прагназуе 12,1%.

***

Свабода фіксуе цэны на адны і тыя ж тавары на пачатку кожнага месяца на працягу году ў адной і той жа менскай сеткавай краме, якая знаходзіцца ў сярэднім цэнавым сэгмэнце.

У якасьці адзінкі мы бяром кіляграм ці літар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG