Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пратэсты непазьбежныя», — Мікола Статкевіч анансаваў наступную акцыю на 3 ліпеня


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Палітык Мікола Статкевіч, які адседзеў 5 сутак арышту ў турме на Акрэсьціна, пасьля выхаду на волю агучыў пляны наконт новых вулічных акцыяў. Яны пройдуць 8 траўня і 3 ліпеня.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды ён расказаў, што анансаваная раней акцыя 9 траўня не адбудзецца.

«Гэтая акцыя шмат у чым заяўлялася як рэзэрвовая на выпадак, калі будзе закрытая Кастрычніцкая плошча і ня ўдасца сабрацца там. Але акцыя не рыхтавалася, бо былі ў вышуку альбо затрыманыя тыя людзі, якія маглі б гэтым займацца ў Беларускім нацыянальным кангрэсе. Я выйшаў на волю 3 траўня ўвечары, і за некалькі дзён не падрыхтуеш масавае мерапрыемства.

Ёсьць традыцыйная акцыя, якую ў 1992 годзе запачаткавала Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў, і потым яе працягвала „Народная грамада“ і „Эўрапейская кааліцыя“. Цяпер да гэтай акцыі далучаюцца калегі з БНК. Гэта мэмарыяльная акцыя на Вайсковых могілках у Менску 8 траўня, у дзень, калі паводле беларускага часу скончылася Другая ўсясьветная вайна ў Эўропе. Апоўдні мы звычайна прыходзім да ўваходу на Вайсковыя могілкі з боку вуліцы Казлова. І потым ідзём да магіл савецкіх салдатаў, якія загінулі падчас вызваленьня Менску. Звычайна гэта акцыя адбывалася без праблемаў; ня ведаю, як будзе цяпер».

Таксама Мікола Статкевіч анансаваў акцыю на іншую дату, якую абмяркоўваў Беларускі нацыянальны кангрэс.

«3 ліпеня — гэта дзень вызваленьня Менску і дзень вызваленьня Беларусі ад гітлераўцаў. На жаль, гэтае сьвята нам сапсавалі. Чамусьці на гэты дзень прызначылі Дзень Незалежнасьці. Адначасова сапсавалі два сьвяты — Дзень вызваленьня і Дзень Незалежнасьці. Мы лічым, што цяпер праблема вызваленьня Беларусі ад рэжыму, які зрабіўся па сутнасьці акупацыйным, зноў актуальная. Мы хочам гэтае сьвята адсьвяткаваць. Мы наогул павінны вяртаць гэтае сьвята сабе, гэта наша сьвята. Рэжым паратызуе на гэтых сьвятах, на крыві нашых дзядоў. Мы павінны вярнуць яго, вярнуць яму першапачатковы сэнс і больш не аддаваць.

Дарэчы, у Менску 7 ліпеня пройдзе Парлямэнцкая асамблея АБСЭ, і паглядзім, як будзе паводзіць сябе рэжым напярэдадні запрашэньня ў нашу краіну парлямэнтароў з усёй Эўропы».

На пытаньне пра фармат акцыі 3 ліпеня Мікола Статкевіч адказаў так:

«Я крыху заўчасна агучыў нашы ідэі. Спадзяюся, што зноў ня выпаўзуць некаторыя іншыя палітычныя арганізацыі і не заявяць, што ў гэты дзень трэба зьбірацца і ісьці на Бангалор. Што яны не паспрабуюць нам перашкодзіць. Але гэта варта было зрабіць, каб людзі ведалі пэрспэктыву. Гэта важна ва ўмовах пэрсанальных рэпрэсіяў супраць арганізатараў вельмі годнай і мужнай акцыі 1 траўня. Я хачу падзякаваць усім людзям, якія, нягледзячы на арышты ў тым ліку арганізатараў, выходзілі на цэнтральныя плошчы нашых гарадоў. Па сутнасьці, яны захавалі тую пляцоўку свабоды, якую мы адваявалі пасьля майго вызваленьня. Гэта вельмі важна, бо мы можам працягваць нашы пратэсты з гэтай пляцоўкі. Таму важна, каб людзі ведалі, што рабіць».

Мікола Статкевіч мяркуе, што ў Беларусі хваля пратэстаў будзе нарастаць:

«Гэта непазьбежна. Рэжым адной рукой гоніць людзей з вуліц, а другой ён непазьбежна будзе гнаць на гэтыя вуліцы. Таму мы павінны прапаноўваць альтэрнатыву і паказваць магчымасьць для годнага і эфэктыўнага пратэсту. Бо той пратэст, які адбываўся з 17 лютага, быў эфэктыўным. Дэкрэт № 3 прыпынены на год, беларусы ўбачылі, што яны народ, што яны нацыя. Што яны могуць годна пратэставаць і дамагацца свайго. Я папярэджваў, што мірныя перамены — гэта доўгі працэс. Мы павінны ціснуць на ўлады і прымусіць яе да зьменаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG