Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«3 тысячы расейскіх вайскоўцаў „пагражаюць“ захапіць Украіну і Балтыю? Нонсэнс»


Ці могуць стаць беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2017» дэстабілізуючым фактарам у беларуска-заходніх адносінах? Як можна параўнаць маштабы гэтых вучэньняў з папярэднімі? Пра гэта спрачаюцца палітоляг Андрэй Ягораў і ваенны экспэрт Аляксандар Алесін.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію тэлеканалу «Мір» выказаў сваё стаўленьне да апошніх падзеяў, датычных беларускай бясьпекі і адносінаў Менску з НАТО. Краіны НАТО, найперш тыя, што маюць агульную мяжу зь Беларусьсю, ужо неаднойчы выказвалі сваю заклапочанасьць маючымі адбыцца беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2017». Каб супакоіць Захад, Макей заявіў: «Зь беларускага боку да нікога ніколі не зыходзіла пагроза і ня будзе зыходзіць. Мы зьяўляемся дзяржавай, якая не стварае праблемы камусьці, а наадварот, уносіць свой унёсак у забесьпячэньне стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне».
Наколькі гэтыя вучэньні, якія, нагадаю, праходзяць кожныя два гады, зьяўляюцца дэстабілізуючым фактарам у беларуска-заходніх адносінах?

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Ягораў: Я думаю, што самі па сабе вучэньні нічым не адрозьніваюцца ад папярэдніх. Але зьмяніўся геапалітычны кантэкст, які па-іншаму раскладае структуру ўспрыняцьця вучэньняў. Праз агрэсіўную палітыку Масквы апошніх гадоў любыя вайсковыя дзеяньні з удзелам Расеі ўспрымаюцца як пэўны трэнінг магчымых спробаў расейскай экспансіі на іншыя тэрыторыі. Таму на вучэньні глядзяць як на магчымыя праявы агрэсіўных дзеяньняў Масквы.

Зь іншага боку, на фоне нядаўняга газавага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй адбывалася нагнятаньне гістэрыі, што расейскія войскі ўвойдуць і застануцца ў Беларусі, і гэта будзе формай кантролю і нават акупацыі Беларусі. Гэта таксама ўскладніла ўспрыняцьце гэтых вучэньняў, што запатрабавала адпаведнай камунікацыі з боку Міністэрства абароны і Міністэрства замежных справаў.

Цыганкоў: Расея можа выкарыстаць шырокамаштабныя ваенныя вучэньні «Захад-2017» для таго, каб пакінуць вайсковы кантынгент у Беларусі на пастаянна. Пра гэта заявіў 26 красавіка ў інтэрвію агенцтву Reuters міністар абароны Эстоніі Маргус Цахкна. Паводле яго слоў, Эстонія і іншыя краіны НАТО валодаюць такімі разьведвальнымі зьвесткамі. Як можна ставіцца да такіх заяў?

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Алесін: Я лічу, што гэта інфармацыйная недарэчнасьць. Сумна чуць з вуснаў настолькі высокай службовай асобы такую інфармацыю. Некаторыя нават заяўляюць, што сто тысяч вайскоўцаў будуць удзельнічаць у вучэньнях. Гэта ўжо поўны нонсэнс, я мяркую, гэта разьлічана на нейкія ўнутраныя патрэбы.

На самой справе колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія будуць прымаць удзел у вучэньнях, не перавышае 3 тысяч чалавек. У 2009 годзе на вучэньняў было 6 тысяч — але тады не было такой панікі. Прычым, гэтыя 3 тысячы чалавек «пагражаюць» захапіць Украіну, Польшчу, краіны Балтыі — так пішуць некаторыя выданьні. Я мяркую, што да рэальнасьці такія страхі ня маюць ніякага дачыненьня. Таму я лічу, што апраўданыя намаганьні Макея, які спрабуе разьвеяць гэты інфармацыйны туман, каб іміджу Беларусі не былі нанесеныя пэўныя страты.

Цыганкоў: Дарэчы, і раней вучэньні «Захад» не праходзілі бяз пэўнай інфармацыйнай напружанасьці. Але пагаджуся, што менавіта сёлета яны выклікаюць найбольш шуміхі. Ці ўдасца Менску адстаяць свой імідж «донара стабільнасьці» ў рэгіёне (як называюць Беларусь беларускія афіцыйныя асобы і некаторыя праўладныя аналітыкі) і не пашкодзіць сваім адносінам з Захадам?

Ягораў: Мне здаецца, у МЗС і ўвогуле ў беларускіх уладаў гэта можа атрымацца. Але гэта дастаткова тонкая гульня, якая вядзецца ўжо некалькі гадоў. З аднаго боку, на Захад прадаецца пужалка адносна магчымага паглынаньня Расеяй Беларусі. Нагнятаецца пэўная гістэрыя, у тым ліку праз кантраляваных дзяржавай аналітыкаў. Раскручваецца інфармацыя пра магчымую інтэрвэнцыю Расеі, інтэрпрэтацыя гэтых вучэньняў як сродку ўсталяваньня вайсковага кантролю над Беларусьсю. І гэтая ідэя ідзе на зьнешні рынак, каб Захад выратоўваў Беларусь з кіпцюроў Расеі, ня гледзчы на адсутнасьць унутраных пераменаў.

Цыганкоў: Але атрымліваецца, што гэтая тэма гучыць у адну дудку з тымі на Захадзе, хто заяўляе пра расейскую пагрозу. І гэтыя аргумэнты акурат адпавядаюць найперш усходнеэўрапейскім фобіям наконт Расеі.

Ягораў: З аднаго боку, так. Але зь іншага — гэта распрацаваная інфармацыйная кампанія. Гэтыя аналітыкі запрошаныя і ў сыстэму заходніх кансультацыяў адносна Беларусі, яны частыя госьці ў незалежных мэдыях. Гэта азначае, што з гэтым дыскурсам яны вельмі моцна ўвайшлі ў інфармацыйнае поле, і замацаваліся там. Так, гэта гульня на антырасейскіх фобіях, часам залішняй дэманізацыі Расеі.

Але, зь іншага боку, беларускім уладам трэба паказаць Расеі, што гэта не меркаваньне беларускага кіраўніцтва, а нейкія прыватныя асобы, якія па-за дзяржаўнай машынай нагнятаюць гэтую гістэрыю. І МЗС, маўляў, ня мае да гэтага ніякіх адносінаў, ён наадварот у самых найлепшых стасунках з Расеяй. Таму — на Захад і на Ўсход «прадаюцца» розныя фармулёўкі адносна гэтых вучэньняў.

Цыганкоў: Аляксандар, вы казалі пра 3 тысячы расейскіх вайскоўцаў, якія прымуць удзел у «Захадзе-2017». Гэта менш чым у мінулыя гады. Ці гэтая лічба была загадзя заплянаваная, альбо гэтая колькасьць была зьменшаная менавіта апошнім часам.

Алесін: Калі толькі зьявілася інфармацыя аб колькасьці вагонаў, я разьлічыў, сыходзячы з досьведу мінулых гадоў, колькі ж гэта будзе войскаў. На мінулых вучэньнях атрымлівалася, што на кожную тысячу вайскоўцаў прыходзілася 500 вагонаў. На кожнага салдата прыходзіцца каля 30 тонаў ваеннай тэхнікі, боепрыпасаў, амуніцыі і гэтак далей — сучасная армія такая.

Сыходзячы з колькасьці вагонаў, я разьлічыў, што будзе каля 4 тысяч вайскоўцаў. Але расейская міністэрства абароны аб’явіла, што будзе яшчэ менш, каля трох тысяч. Думаю, памяншэньне колькасьці адбылося сыходзячы з гэтай інфармацыйнай кампаніі. Відаць, пад уплывам гэтага шуму, які нэгатыўна ўплываў на імідж Расеі, яны скарацілі сваю колькасьць вайскоўцаў.

Цыганкоў: Ці ўдалося Менску ў традыцыйнай палітыцы балянсаваньне знайсьці сваю нішу паміж інтарэсамі Расеі і адносінамі з Захадам? Тут трэба заўважыць, што калі Беларусь і дазваляе сабе спрэчкі па малочных, мясных і нават газавых пытаньнях — то ў вайскова-статэгічнай сфэры асабліва не рызыкуе спрачацца з Расеяй. Ці ня стануць гэтыя вучэньні нейкім парушэньнем гэтага балянсу?

Ягораў: Не, ня стануць. Бо на Захадзе ёсьць даволі яснае разуменьне прывязанасьці інтарэсаў Беларусі і Расеі, глыбіні ўзаемадзеяньня дзяржаваў у вайсковай сфэры. Таму вучэньні будуць ўспрынятыя як цалкам нармальныя, якія адпавядаюць існуючаму ўзроўню супрацоўніцтва.

Як вы слушна заўважылі, Беларусь ніколі не праблематызуе вайскова-стратэгічнае супрацоўніцтва з Расеяй. Але і Масква ніколі не даводзіць сытуацыю да той ступені, каб Беларусь ставіла пад сумнеў гэтае супрацоўніцтва.

Таму, я думаю, нават палагоджваньне газавага канфлікту сьведчыць, што Расея ня хоча ставіць пад сумнеў вайскова-стратэгічныя пытаньні. Таму напярэдадні такіх вучэньняў звычайна ўсялякія іншыя канфлікты ўлагоджваюцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG