Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Магілёве падтрымалі незалежнасьць Беларусі. Гісторыя першай беларускай арганізацыі гораду


«Усё пачалося са звычайнага гуртку беларусаў Магілёва», — гісторыкі Ігар Пушкін і Аляксандр Агееў напісалі кнігу пра першую беларускую нацыянальную арганізацыю ў Магілёве. Манаграфію пад назвай «Фарміраваньне і дзейнасьць Магілёўскага Беларускага камітэту (1917-1918 г.г.)» дасьледнікі беларускай гісторыі прэзэнтавалі ў залі ганаровых сустрэч магілёўскай ратушы. Выданьне поўніцца дакумэнтамі часоў існаваньня Магілёўскага Беларускага Камітэту, якія аўтары адшукалі ў беларускіх і замежных архівах.

Адзін з дакумэнтаў Магілёўскага Беларускага Камітэту
Адзін з дакумэнтаў Магілёўскага Беларускага Камітэту

У 1917 годзе ў Магілёве было 17% беларусаў

Паводле навукоўцаў, Камітэт быў зарэгістраваны Акруговым судом у красавіку 1917 году. Арганізацыя праіснавала больш за год ва ўмовах нямецкай акупацыі, пакуль у горад не прыйшлі бальшавікі.

За час дзейнасьці Камітэт здолеў у жніўні 1917 году праз выбары правесьці ў Гарадзкую думу 6 сваіх дэпутатаў. «За беларускі сьпіс», адзначалі аўтары манаграфіі, прагаласавала больш за 2 тысячы гараджан. Беларусаў на той час у Магілёве было 17 працэнтаў.

«Усё пачалося са звычайнага гуртку беларусаў Магілёва, — казаў на прэзэнтацыі гісторык Ігар Пушкін. — Пазьней яны прыйшлі да думкі, што трэба стварыць арганізацыю. Распрацавалі статут, і 24 красавіка 1917 году гэта арганізацыя была зарэгістравана. Гэта была першая беларуская нацыянальная арганізацыя, якая дзейнічала ў горадзе на пачатку 20 стагодзьдзя. У яе нават была пячатка».

У 1918 годзе Магілёўскі Беларускі Камітэт дамогся, каб грамадзкасьць гораду падтрымала абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

«У канцы красавіка 1918 году атрымаліся зьвесткі зь Менску, што Беларуская рада абвясьціла незалежнасьць Беларусі. Мы, магілёўцы, сталі абгаворваць паміж сабою пытаньне, якім спосабам зрабіць, абвешчаньне незалежнасьці Беларусі адсьвяткаваць у Магілёве найбольш урачыста...», — падаюць аўтары манаграфіі фрагмэнт з успамінаў аднаго зь лідэраў Магілёўскага Беларускага Камітэту Міхаіла Кахановіча з публікацыі ў часопісе «Спадчына» пад назвай «Магілёўцы і незалежнасьць Беларусі».

На павестцы дня адзін пункт — аб незалежнасьці Беларусі.

«І вось прыйшоў дзень, здаецца, 12 ліпеня 1918 году. У абшырную залю суда а шостай гадзіне вечару сталі прыбываць прадстаўнікі ўсіх магілёўскіх устаноў і арганізацыяў, — піша Кахановіч у сваіх успамінах — Усяго сабралася 400 прадстаўнікоў. На павестцы дня стаяў толькі адзін пункт — аб незалежнасьці Беларусі. Пасьля досыць доўгіх дэбатаў пытаньне пастаўлена на балатыроўку і прайшло абсалютнай большасьцю ўсіх проціў двох, пры дзевяцёх устрымаўшыхся».

Пячатка Магілёўскага Беларускага Камітэту і росьпіс Кахановіча
Пячатка Магілёўскага Беларускага Камітэту і росьпіс Кахановіча

«Гэта была ўнікальная сытуацыя, — выказвае свой погляд на тагачасныя падзеі Ігар Пушкін, — За БНР і яе незалежнасьць прагаласавалі прадстаўнікі розных нацыянальных арганізацыяў».

Тым ня меней аўтары манаграфіі адзначылі, што сытуацыя з прызнаньнем БНР не было простай.

«Цяжка было разабрацца, што падтрымлівалі тады, — саму ідэю БНР ці незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, — заўважыў Аляксандр Агееў. — Здаецца, гэтыя ідэі блізкія, але гэта не зусім так. Напачатку, калі ўсе галасавалі за Беларускую рэспубліку, то з такім закідам, што мы паглядзім яшчэ, як будуць складвацца справы. І, калі праект стаў тармазіцца, то той жа Бунд (Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі — РС) пачаў сумнявацца».

Адзін з аўтараў манаграфіі Аляксандр Агееў
Адзін з аўтараў манаграфіі Аляксандр Агееў

Гісторык адзначыў, што нямецкія акупацыйныя ўлады да беларускай арганізацыі ставіліся неадназначна.

25 год таму зьвестак пра Магілёўскі Беларускі Камітэт было вобмаль. Па словах рэцэнзэнта манаграфіі, доктара гістарычных навук, першага прарэктара Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова Дзьмітрыя Лаўрыновіча, дзейнасьць першай беларускай нацыянальнай арганізацыі ў Магілёве ўмяшчалася ў адзін абзац.

Магілёў — гэта зямля беларуская

«Было вядома, што такі Камітэт быў. Быў такі чалавек Міхаіл Кахановіч, старшыня камітэту. Потым у „Спадчыне“ зьявіліся ўспаміны Кахановіча. Лічылася, што гэта была невялікая арганізацыя заходне-рускай скіраванасьці, і сур’ёзнага ўплыву на грамадзка-палітычныя сытуацыю ні ў горадзе і ў Беларусі ня мела», — казаў Дзьмітры Лаўрыновіч.

«Магілёўскі Беларускі Камітэт, — працягваў навуковец, — першая палітычная арганізацыя, якая паставіла пытаньне, што Магілёў — гэта зямля беларуская і, што беларусы маюць права на самавызначэньне. Спачатку гаворка ішла пра аўтаномію ў складзе Расеі, а потым пра незалежнасьць. Дагэтуль асяродкамі беларускага руху былі Вільня і Менск. А вось ва ўсходніх раёнах Беларусі не было актыўнага нацыянальнага руху. Магілёўскі Беларускі Камітэт — першая арганізацыя, якая заявіла аб сваёй беларускасьці і паставіла пытаньне пра Беларусь як пра асобнае дзяржаўнае ўтварэньне».

Большую частку дакумэнтаў для выданьня аўтары адшукалі ў Вільні — у бібліятэцы Ўрублеўскага. Пра гэта на прэзэнтацыі казаў Аляксандр Агееў, якога ўнівэрсытэт імя Куляшова выправіў шукаць зьвесткі пра навучальную ўстанову. Паводле навукоўца, у бібліятэцы нібыта захоўваўся пратакол зьезду, на якім магілёўцы падтрымалі незалежнасьць БНР.

Будынак, у якім магілёўцы прызналі незалежнасьць БНР, захаваўся. Цяпер у ім знаходзіцца школа № 1, дзе ў адной беларускай клясе вучыцца адна вучаніца
Будынак, у якім магілёўцы прызналі незалежнасьць БНР, захаваўся. Цяпер у ім знаходзіцца школа № 1, дзе ў адной беларускай клясе вучыцца адна вучаніца

«Я пачынаю перабіраць справы, і адкрываецца багацьце, якое сабранае ў манаграфіі. Я са зьдзіўленьнем праглядаў муніцыпальную праграму (гэта былі першыя дэмакратычныя выбары 1917 году). Гляджу далей і бачу першую праграму вывучэньня гісторыі беларускага народу...», — казаў Аляксандр Агееў.

Сябры камітэту самі вучылі беларускую мову

Апавядаючы пра манаграфію, Ігар Пушкін заўважыў, што стаўленьне Камітэту да беларускай мовы было неадназначным. «Яны лічылі заўчасным шырокае і абавязковае выкарыстаньне беларускай мовы па-за навучальнымі ўстановамі», — спасылаючыся на дакумэнты, даводзіў навуковец.

«У іх было добрае стаўленьне да беларускай мовы, — удакладніў Аляксандр Агееў. — Ніякіх пярэчаньняў на гэты конт яны ня мелі. Лічылі, што беларуская мова ў будучыні будзе галоўнай. Пытаньне, аднак, стаяла наступным чынам: калі мы заўтра ўводзім беларускую мову ў школах, тады дзе возьмем падручнікі».

Паводле навукоўца, самі сябры Камітэту толькі яшчэ вучыліся гаварыць па-беларуску.

«У дакумэнтах такая сакавітая мова, але трасянка, — адзначаў Аляксандр Агееў. — Яны самі вучыліся пісаць па-беларуску. Паўставала пытаньне, дзе ўзяць настаўнікаў. Іх жа таксама трэба было навучыць. Таму яны і не прысьпешвалі вырашэньне моўнага пытаньня. У гэтым як раз і была неадназначнасьць стаўленьня».

«Як яны лічылі сябе беларусамі? — дапоўніў калегу Ігар Пушкін. — Вельмі цікавы дакумэнт „Статут“. У ім было напісана, што беларусам лічыцца той, у каго як мінімум тры пакаленьні беларусаў — альбо па маці, альбо па бацьку».

Ігнараваць ролю ўсходнебеларускіх гарадоў у беларускіх нацыятворчым працэсе нельга

Пра лідэраў Магілёўскага Беларускага Камітэту, паводле аўтараў манаграфіі, зьвестак няшмат. У выданьні падаюцца імёны больш за двух дзесяткаў актывістаў камітэту. Аднаму з іх, Міхаілу Кахановічу, прысьвечаны адмысловы разьдзел.

Падчас прэзэнтацыі ў магілёўскай ратушы
Падчас прэзэнтацыі ў магілёўскай ратушы

Міхаіл Кахановіч нарадзіўся ў Беларусі. Вучыўся ў Харкаве. Ён настаўнік расейскай мовы і гісторыі. Воляю лёсу апынуўся ў Магілёве. Рабіў выкладчыкам у мясцовай рэальнай вучэльні. Пасьля прыходу ў Магілёў бальшавікоў выяжджае ў Вільню. Там становіцца першым дырэктарам беларускай гімназіі. Будзе дэпутатам Польскага сойму Другой Рэчы Паспалітай. Вярнуўся ў Савецкую Беларусь, быў рэпрэсаваны. Рэабілітаваны пасьмяротна.

У Магілёве жыве ўнук Кахановіча — Зьміцер. Ён таксама спрычыніўся да выданьня кнігі і пабываў у Вільні.

Пасьля падпісаньня між Нямеччынай і Савецкай Расеяй дадатковай дамовы войскі Нямеччына пакінулі Магілёўшчыну. Магілёўскі Беларускі Камітэт вымушаны быў эвакуявацца з гораду з асьцярогі, што бальшавікі распачнуць чырвоны тэрор супраць яго актывістаў. З Магілёва быў вывезены і архіў Камітэту вагою ў 400 кіляграм.

Аўтары манаграфіі ня ўтойваюць, што іхняя праца толькі пачатак дасьледаваньня дзейнасьці Магілёўскага Беларускага Камітэту. На думку навукоўцаў, манаграфія разбурае меркаваньне пра нацыянальную неакрэсьленасьць усходу Беларусі. Пасьля яе, зазначаюць яны, нельга будзе ігнараваць ролю ўсходнебеларускіх гарадоў у беларускіх нацыятворчым працэсе.

Дакумэнты з кнігі. Праграма гісторыі беларускага народу
Дакумэнты з кнігі. Праграма гісторыі беларускага народу

«Можна сьцьвярджаць, што стварэньне і дзейнасьць Магілёўскага Беларускага Камітэту, — пішуць падсумоўваючы свой досьлед аўтары манаграфіі, — гэта першы ў 20 стагодзьдзі на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі выхад на палітычную і міжнародную арэну грамадзкай арганізацыі, якая зьяўлялася носьбітам ідэалягічнага руху ў дасягненьні і замацаваньні адзінства і індывідуальнасьці беларускай нацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG