Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Красьці калгаснае ня грэх» — вясковец скраў з фэрмы карову


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Да трох гадоў зьняволеньня за крадзеж каровы пагражае жыхару вёскі Новыя Самацевічы, што на Касьцюкоўшчыне.

34-гадовы мужчына скарыстаўся свабодным доступам да таварна-малочнай фэрмы і скраў жывёліну, якую ацанілі ў 1141 рубель 86 капеек. Супраць яго распачатая крымінальная справа. Ён пад вартай. Крадуць зь сельгаспрадпрыемстваў нярэдка. Як кажа спэцыяліст у сельскай гаспадарцы, эканаміст Андрэй Юркоў, тых, хто крадзе тое, што адразу кідаецца ў вочы, найчасьцей выкрываюць. Аднак гэта вяскоўцаў ня стрымлівае.

«Да кожнай жа каровы міліцыянта не прыставіш, — кажа ён. — Прычын, якія штурхаюць чалавека на злачынства, шмат, але ёсьць адно, што ўсе такія выпадкі яднае. Існуе думка: красьці калгаснае — гэта ня грэх. Прынамсі, гэта меншы грэх, чым „браць“ прыватнае. Прыгадайце з савецкіх часоў: «усё вакол калгаснае, усё вакол маё».

Экспэрт заўважае: найчасьцей крадуць «маргіналізаваныя» вяскоўцы:

«Ідуць на злачынства, бо ня могуць іншым шляхам зарабіць. Калі кажу пра маргіналізаваных асобаў, маю на ўвазе агульны заняпад культуры, разуменьня, што такое дабро і зло. У мяне ёсьць знаёмцы, якія таксама „бяруць“ калгаснае і спадзяюцца, што іх ня выкрыюць. Сытуацыя складаецца такая, што людзі асабліва не рэагуюць на маральны аспэкт сваіх дзеяньняў. „Узяў, бо няправільна ляжала“, і гэта ня дужа істотна — мех камбікорму ці карова», — так бачыць сытуацыю Андрэй Юркоў.

Затрыманы за крадзеж каровы мужчына працаваў у сельгаспрадпрыемстве «Самацевічы-агра». У адміністрацыі кажуць, што працаўнік ня значыўся сярод прапойцаў ці здольных да злачынства.

«Дом у яго ад калгасу. Жонка, дзіця. У міліцыі ён сказаў, што хацеў грошы. Працаваў на гэтай фэрме даўно. Было такое, што звальняўся. Зноў уладкоўваўся да нас. На гэтай фэрме ведаў усе хады і выхады. Сваё злачынства плянаваў загадзя», — сказаў прадстаўнік адміністрацыі.

У сельсавеце пагутарыць ні з кім не ўдалося. Сказалі, што кіраўніцтва праводзіць нараду з удзелам прадстаўнікоў раённай міліцыі.

Здарэньне ў Канічах — у гэтай вёсцы фэрма — ня выклікала вялікага рэзанансу сярод мясцовага насельніцтва. Адзін зь вяскоўцаў кажа, што «крыху пагаварылі ды сьціхлі».

«Ну папаўся чалавек, што паробіш. У турму не пасадзяць», — выказаўся ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG