Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Супрасьлі дагэтуль моляцца за Станіслава Шушкевіча


Манастыр ХVІ ст. у Супрасьлі
Манастыр ХVІ ст. у Супрасьлі

Праваслаўны манастыр ХVІ стагодзьдзя ў Супрасьлі, што ў Беластоцкім ваяводзтве Польшчы, разрабаваны Чырвонай арміяй і ўзарваны на загад зь Бэрліну, аднаўляецца больш за 30 гадоў. Аднаўленьню манастыра на пачатку 90-х гадоў паспрыяў і першы кіраўнік незалежнай Беларусі — Станіслаў Шушкевіч. Цяперашнія ўлады Беларусі манастыру не дапамагаюць.

Мястэчка Супрасьль Беластоцкага ваяводзтва Польшчы знаходзіцца ад Горадні прыкладна ў 80 кілямэтрах. Менавіта тут знаходзіцца адзін з самых знакавых праваслаўных помнікаў у Польшчы — манастыр пачатку ХVІ стагодзьдзя і Дабравешчанская царква. Тут і цяпер жывуць праваслаўныя манахі, у тым ліку зь Беларусі, Расеі, Украіны і Сэрбіі.

Экскурсію па манастыры праводзіць іканапісец Ян Гаўрылюк, мясцовы беларус. Ён доўга і падрабязна расказвае гісторыю манастыра, вяртаючы наведнікаў у пачатак ХVІ стагодзьдзя.

Іканапісец Ян Гаўрылюк
Іканапісец Ян Гаўрылюк

Згадвае ўсіх фундатараў, якія яго будавалі, распавядае пра старадрукі, якія, на жаль, пераважна захаваліся ў заходнеэўрапейскіх краінах, зьвяртае ўвагу на архітэктуру і фрэскі, якімі быў расьпісаны Дабравешчанскі храм і якія зьніклі назаўсёды. У яго голасе то сум, то надзея, і глыбокая пранікнёнасьць. Ён нагадвае, што падобныя храмы захаваліся яшчэ толькі ў Сынкавічах і Малым Мажэйкаве на Гарадзеншчыне, але храм у Супрасьлі — самы вялікі.

У Дабравешчанскай царкве Супраскага манастыра
У Дабравешчанскай царкве Супраскага манастыра

— Гэта, бадай, адзін з самых цікавых у архітэктурным пляне храмаў Эўропы, бо спалучае ў сабе архітэктуру каталіцкай готыкі і грэцкай праваслаўнай царквы, — распавядае спадар Ян. — І маліліся тут за 400 гадоў усе — і праваслаўныя, і ўніяты, і каталікі...

Цікавы аповед расьцягнуўся амаль на гадзіну, але спадар Ян не стамляецца. Праўда, расказ становіцца маркотным, калі ён пачынае згадваць пра тое, што адбывалася з манастыром у ХХ стагодзьдзі.

У 1917 годзе, паводле спадара Яна, чырвонаармейцы расстралялі пад Масквой манахаў і прыхаджанаў зь іхнага манастыра — 111 чалавек. І ніхто нават не пытаўся, хто яны і адкуль, а проста адразу адкрылі агонь. Мы дагэтуль ня ведаем, дзе іх магілы, — кажа спадар Ян.

Ён згадвае, як 16 гадоў таму манахі Супраскага манастыра зьвярталіся да ўладаў Расеі, каб ім вярнулі маёмасьць, якую пасьля рэвалюцыі разрабавалі і вывезьлі чырвонаармейцы. Сярод гэтай маёмасьці — чара, зь якой прычашчаліся ў манастыры на працягу стагодзьдзяў. Ейная вага — 5 кіляграмаў, і ўся яна з золата.

Супраскі манастыр
Супраскі манастыр

— Мы пабачылі яе ды іншыя рэчы ў Аружэйнай палаце ў Крамлі, але там пад імі напісана, што яны з Заходняй Расеі. Ну так, была некалі тая Заходняя Расея... Нашы манахі прасілі ўсё гэта вярнуць, але ім сказалі, што гэта ня ваша.

Сумная гісторыя 1939-1940 гадоў, калі чырвонаармейцы дзеля забавы і трэнаваньня стралялі ў двары манастыра ў абразы і палілі для саграваньня іканастас з рэдкай разьбой. І зусім сумная гісторыя, як падчас Другой усясьветнай вайны прыйшоў адмысловы загад з Бэрліну падарваць манастыр... І гэты загад быў выкананы, нягледзячы на тое, што мясцовыя вернікі спрабавалі адкупіцца.

— Нам дагэтуль невядома, чаму аж з Бэрліну і кім быў аддадзены загад узарваць наш храм...

Супраскі манастыр
Супраскі манастыр

Зь іншым настроем спадар Ян кажа, што дагэтуль у манастыры моляцца за першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. Настаяцель супраскага храма, паводле яго, зьвярнуўся да Шушкевіча, калі царква адбудоўвалася, па дапамогу, паколькі сродкаў на гэта неставала.

— Ён без усякіх праблемаў загадаў даць нам 40 тысяч штук цэглы. Мы збудавалі зь беларускае цэглы першы паверх храма, гэта быў пачатак, які даў нам сілы і надзеі, бо, акрамя як ад самога прыходу, грошай нам больш не было дзе ўзяць. Нашы вернікі і манахі ніколі гэтага не забудуць і дагэтуль моляцца за Шушкевіча. У той час яшчэ быў выдатны амбасадар спадар Аляксейчык, ён таксама шмат нам дапамагаў.

Цяпер, паводле спадара Яна, ніякай дапамогі зь Беларусі ў аднаўленьні храма няма. Маўляў, з усяго робіцца палітыка, а звычайныя добрыя стасункі, калі беларус дапамагаў беларусу папросту зьніклі.

Ікона ў Супраскім манастыры
Ікона ў Супраскім манастыры

— Нешта зьмянілася цяпер, хоць мы і працягваем супрацоўнічаць зь беларускай амбасадай і консульствам. Цяпер, калі прыходзіш у беларускае консульства і кажаш, што ты беларус і просіш візу, каб з’езьдзіць да родных, то там адказваюць, што іх гэта не хвалюе, а візу трэба атрымліваць на агульных падставах, за грошы. А раней там імкнуліся дапамагчы табе, калі ты беларус.

Польская дзяржава ў аднаўленьні храма фінансава не дапамагае, паколькі, паводле заканадаўства, дзяржаўныя сродкі выдаткоўваюцца толькі на аднаўленьне помнікаў архітэктуры, якія захаваліся. Дабравешчанскі храм у Супрасьлі аднаўляецца ўжо больш 30 гадоў.

— Шмат зроблена, і мы вельмі задаволеныя. Пачалі аднаўляць страчаныя фрэскі, прыяжджалі і працавалі спэцыялісты з Сэрбскай праваслаўнай царквы. Кожны год нешта дадаецца ў аднаўленьні храма, хоць працы яшчэ вельмі і вельмі шмат.

Цікаўлюся ў спадара Яна, ці часта прыяжджаюць вернікі зь Беларусі. Быў пэўны час, калі ў польскім консульстве ў Горадні рабілі палёгку пры атрыманьні візы ў выпадку, калі людзі ехалі на экскурсію ў манастыр, але цяпер гэтага няма.

— У нас тады за тыдзень па некалькі аўтобусаў прыяжджала зь Беларусі. Людзі тут маліліся, хадзілі, потым ехалі ў Беласток, рабілі нейкія закупы і вярталіся дахаты. А цяпер такога няма. Праўда, часам прыяжджаюць беларусы з Горадні і замаўляюць сабе абразы на шлюб. Кажуць, што ў Супрасьлі таньней гэта зрабіць, ды і ехаць бліжэй, чым да Жыровіцаў. Мы вельмі спадзяёмся на бязьвізавыя дачыненьні, вось Горадня ўжо гэта зрабіла, спадзяёмся, што і Беласток адкажа тым самым для жыхароў Беларусі.

Супраскі манастыр утрымліваецца і аднаўляецца за кошт вернікаў. Прыход налічвае 1200 чалавек з Супрасьлю і навакольных вёсак, дзе жывуць беларусы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG