Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сэсіі ПА АБСЭ ў Менску дадаткова абмяркуюць сытуацыю ва Ўкраіне


Да штогадовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая сёлета ўпершыню пройдзе ў Беларусі, дададуцца і мерапрыемствы па ўкраінскай тэматыцы.

Пра гэта сёньня паведаміў намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук. Адказваючы на пытаньне Свабоды, што могуць зрабіць беларускія дэпутаты для хутчэйшага ўсталяваньня міру ва Ўкраіне, ён сказаў:

«Ёсьць цікавыя думкі. Паралельна з асноўным парадкам дня на нашай пляцоўцы правесьці дадатковыя мерапрыемствы па гэтай тэматыцы. Мы зараз абмяркоўваем у дэталях, якім чынам зь улікам гэтага ўзмацніць асноўны парадак дня сэсіі. Нам бы хацелася, каб мы ня толькі выступілі як гасьцінныя гаспадары, але і праявілі пэўную актыўнасьць, пакінулі свой пазытыўны сьлед і паказалі канкрэтны вынік. Я пакуль не гатовы называць канкрэтныя мерапрыемствы, якія будуць праходзіць, але мы над гэтай тэмай думаем», — запэўніў намесьнік старшыні ніжняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі.

Баляслаў Пірштук згадаў, што некалькі дзён таму ў Капэнгагене ён удзельнічаў у пасяджэньні Бюро Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, дзе разглядалася і падрыхтоўка Беларусі да сэсіі. Было адзначана, што яна праходзіць адпаведна з плянам. Ніякіх пытаньняў да беларускай дэлегацыі падчас афіцыйнага пасяджэньня не было. А вось у кулюарах парлямэнтары дзьвюх краін пацікавіліся, ці будзе ўсё спакойна падчас менскай сэсіі.

«Я запэўніў іх у гэтым. Сказаць, што ёсьць нейкая надзвычайная цікавасьць да Беларусі ў нашых калег, я не магу. Яны вельмі мабільныя людзі, езьдзяць па ўсім сьвеце і шмат чаго бачылі. Пабачыць нейкі беларускі цуд яны не спадзяюцца. А маўзалея ў нас няма...

Прыемна, што ўжо палова з 700 гасьцей пацьвердзілі свой прыезд у Менск. Мы далі ім магчымасьць абраць гатэлі на свой густ. Яны спыніліся на васьмі лепшых. І гэта добра, паколькі пражываньне і харчаваньне яны аплачваюць самастойна», — падкрэсьліў спадар Пірштук.

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ створана ў 1991 годзе. Цяпер у яе ўваходзяць дэпутаты 57 краін. Галоўная падзея ў дзейнасьці ПА АБСЭ — штогадовая сэсія, на якой выбіраюцца кіраўніцтва і службовыя асобы асамблеі, прымаюцца дэклярацыі і рэзалюцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG