Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: Ізраіль разбамбіў склад «Хэзбалы» у раёне аэрапорту Дамаску


Раніцай 27 красавіка непадалёк ад міжнароднага аэрапорту Дамаску прагрымеў магутны выбух.

Лібанскі тэлеканал Al Manar сьцьвярджае, што інцыдэнт адбыўся ў раёне складоў і сховішчаў паліва. Паводле дадзеных тэлеканалу, у выніку інцыдэнту ніхто не загінуў, але быў нанесены значны матэрыяльны ўрон. Верагоднай прычынай выбуху карэспандэнт каналу назваў налёт ізраільскай авіяцыі.

Reuters са спасылкай на некалькі крыніц таксама сьцьвярджае, што прычына выбуху — удар вайсковай авіяцыі Ізраілю. Міністар выведкі гэтай краіны Ісраэль Кац пацьвердзіў ізраільскаму вайсковаму радыё, што «Інцыдэнт у Сірыі цалкам адпавядае палітыцы, якую праводзіць Ізраіль, і якая нацэлена на прадухіленьне кантрабанды зброі „Хэзбалой“ праз Сырыю ў Іран».

«Прэм’ер-міністар раней заяўляў, што калі ў нас будуць дадзеныя выведкі аб тым, што „Хэзбала“ рыхтуецца атрымаць сучасную зброю — мы будзем дзейнічаць», — падкрэсьліў ён.

Крыніцы ў Сырыі пацьвердзілі Reuters, што аэрапорт Дамаску рэгулярна прымае рэйсы камэрцыйнай і вайсковай авіяцыі з Тэгерану, а прадстаўнікі групоўкі «Хэзбала» ужо некалькі гадоў ваююць на баку прэзыдэнта Сырыі Башара Асада.

Ізраіль афіцыйна пачаў наносіць ўдары па тэрыторыі Сырыі ў красавіку 2016 году. Прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньягу тады яшчэ раз падкрэсьліў, што ў Ізраілі «Хэзбала» прызнана тэрарыстычнай арганізацыяй, і ўдары наносіліся выключна для прадухіленьня паставак ўзбраеньня з Сырыі байцам лібанскай «Хэзбалы».

Апошні раз ізраільцяне абстрэльвалі сірыйскую тэрыторыю 21 красавіка. Вайскоўцы патлумачылі свае дзеяньні адказам на мінамётны абстрэл Галянскіх вышынь з боку Сырыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG