Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма заявы — няма справы


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Ёсьць папулярная прэтэнзія да ахвяраў сэксуальных злачынстваў і хатняга гвалту: чаму яна не стала дабівацца, каб яго пасадзілі? Я хачу задаць сустрэчнае пытаньне: чаму закон дазваляе спыніць крымінальную справу па жаданьні пацярпелай?

У беларускім крымінальным кодэксе ёсьць некалькі артыкулаў (і частак артыкулаў) так званага прыватнага і прыватна-публічнага абвінавачваньня. Справы па гэтых артыкулах пачынаюць толькі па заяве пацярпелых асобаў ці іх законных прадстаўнікоў. Вінаватасьць злачынцы, такім чынам, ня можа быць даказаная пры адсутнасьці заявы, нават калі ёсьць аб’ектыўныя доказы — характэрныя траўмы ў пацярпелай, парваная вопратка, падрапаныя рукі нападніка і гэтак далей. Усё гэта не мае аніякага значэньня, калі пацярпелая не напісала заяву ўвогуле, альбо напісала і потым забрала яе, альбо пагадзілася на прымірэньне ў судзе.

Як толькі пацярпелая пагадзілася прабачыць таго, хто яе біў, у вачах закона гэтае зьбіцьцё проста зьнікла: яго нібыта ніколі не было.

Адна з кліентак менскага прытулку для ахвяраў хатняга гвалту распавядала, як напісала заяву на мужа за моцнае зьбіцьцё, прайшла праз судова-мэдычную экспэртызу, дзе мэдыкі зафіксавалі ўсе траўмы, але ў выніку агрэсар угаварыў яе, што выправіцца, і ў судзе яны «пайшлі на міравую». Як толькі пацярпелая пагадзілася прабачыць таго, хто яе біў, у вачах закона гэтае зьбіцьцё проста зьнікла: яго нібыта ніколі не было. Як гэта звычайна бывае ў такіх гісторыях, агрэсар не выправіўся і праз нейкі час зноў стаў біць жонку.

Атрымліваецца досыць цікавая сытуацыя: большасьць крымінальных злачынстваў лічацца злачынствамі проста па факце здарэньня, але ёсьць шэраг дзеяньняў, якія прызнаюцца злачыннымі толькі тады, калі пацярпелая ад іх асоба заявіла ў міліцыю і прайшла судовы шлях да канца, не адмовіўшыся ад абвінавачваньняў.

Ёсьць дзьве папулярныя прычыны, празь якія ахвяра забірае заявы альбо пагаджаецца на «міравую»: альбо злачынца яе дастаткова для гэтага запалохаў, альбо яна яго прабачыла. У першым выпадку дарэчна казаць, што агрэсар яшчэ больш небясьпечны, чым было відаць першапачаткова. Пры такіх абставінах ён тым больш мусіць панесьці строгае пакараньне. А калі жанчына прабачыла таго, хто ўчыніў супраць яе злачынства, дык мяккасьць ейнага характару ці стакгольмскі сындром ня робяць злачынцу менш небясьпечным і не адмяняюць ужо зробленае ім.

Згвалціў і заразіў ВІЧ — адназначна злачынца, толькі згвалціў — ну, як вырашыць пацярпелая.

Калі здараецца згвалтаваньне альбо спроба згвалтаваньня, дык і тут у большасьці выпадкаў заява пацярпелай — гэта тое, без чаго справу не пачнуць нават пры наяўнасьці сур’ёзных доказаў. З гэтага правіла ёсьць выключэньні: калі ахвярай стала дзіця, альбо згвалтаваньне было ўчынена групай асобаў, альбо пацярпелая загінула, альбо ёй былі нанесены цяжкія цялесныя пашкоджаньні, альбо гвалтаўнік заразіў яе ВІЧ. У такіх выпадках афіцыйная заява ў міліцыю не зьяўляецца абавязковай — простага паведамленьня пра злачынства і наяўнасьці доказаў дастаткова, каб пачаць крымінальную справу. Зноўку ж: згвалціў і заразіў ВІЧ — адназначна злачынца, толькі згвалціў — ну, як вырашыць пацярпелая.

Так, напрыклад, юрыст Андрэй Сыцько распавёў у інтэрвію для партала tut.by, як аднойчы на 8 сакавіка ў лякарню трапіла жанчына з прызнакамі згвалтаваньня. Яна сказала мэдыкам, што іх здагадкі справядлівыя, але зь нейкай прычыне ня стала падаваць заяву ў міліцыю. Крымінальную справу, такім чынам, не пачалі, і злачынца застаўся на свабодзе. Праўда, для яго гэты сцэнар аказаўся ня вельмі добрым: пры наступнай спробе згвалтаваньня ён быў забіты той самай жанчынай.

Прынцып «няма заявы — няма справы» надае злачынцу адчуваньне беспакаранасьці.

Небясьпечнасьць злачынцы для грамадзтва не зьмяншаецца ад таго, што жанчына, якая пацярпела ад ягоных дзеяньняў, ня стала заяўляць у міліцыю. Больш за тое, прынцып «няма заявы — няма справы» надае злачынцу адчуваньне беспакаранасьці, якое, на жаль, часта нельга назваць ілюзіяй. Хіба што ахвяра моцна параніць альбо заб’е яго, абараняючыся ад чарговага нападу.

Калі ахвяра злачынства па нейкай прычыне ня хоча супрацоўнічаць зь міліцыяй і адмаўляецца даваць паказаньні ды праходзіць судова-медычную экспэртызу, гэта, безумоўна, ускладняе расьсьледаваньне. Тым ня менш, варта шукаць і выкарыстоўваць іншыя доказы, а таксама аказаць пацярпелай якасную псыхалягічную дапамогу і запэўніць яе, што ёй нічога не пагражае. Грэблівае і нават зьдзеклівае стаўленьне супрацоўнікаў міліцыі да жанчын, якія заяўляюць пра згвалтаваньне, бывае асноўнай прычынай, чаму пацярпелыя ня хочуць зьвяртацца да праваахоўных органаў.

І нават самыя чулыя і прафэсійныя міліцыянты ня могуць кардынальна зьмяніць сытуацыю, бо «няма заявы — няма справы» — гэта сыстэмны падыход, і для вырашэньня гэтай праблемы патрэбныя зьмены ў заканадаўстве. А пакуль што закон нібыта на баку злачынцаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG