Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчын на п'едэстал!


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Тэнісная жаночая зборная Беларусі – у фінале Кубка Фэдэрацый!

Увогуле, калі мы апошнія гады гаворым пра яскравыя дасягненьні ў камандных спаборніцтвах, то заўжды гэта нашы жаночыя каманды.

Зборныя па баскетболе, валейболе, тэнісе ва ўмоўным спаборніцтве з адпаведнымі мужчынскімі камандамі апынуліся далёка наперадзе. Грошы ў жаночы камандны спорт укладаюцца не параўнаць, як у які мужчынскі футбол-хакей, але вынікі такія розныя. Баскетбалісткі, валейбалісткі, а цяпер ужо й тэнісісткі на п'едэстале топ-спаборніцтваў, пра што мужчынскім камандам, усім разам, застаецца адно марыць.

Чаму так?

Калі глядзіш, як раз за разам футбольная зборная зьлівае ня самым грозным супернікам; як баскетбалісты зь дзясятак гадоў запар ніяк ня здольныя выцягнуць пад сьцягі беларускай каманды найлепшага, на погляд трэнэраў, айчыннага гульца Верамеенку; як хакеісты другі раз запар, ня гледзячы на статус іх спорту (№1 у краіне) і натуралізацыю канадцаў, пралятаюць міма Алімпіяды на адборачным турніры ў Менску(!) ў супрацьстаяньні са славенцамі, у якіх толькі дзьве прыстойныя лядовыя пляцоўкі ў краіне й на парадак менш людзей занята ў хакейнай справе…

А пасьля ты бачыш дзяўчынак- тэнісістак, якія, ня гледзячы на даезд-недаезд у каманду Вікторыі Азаранкі, аб'ектыўна мацнейшых і больш рэйтынгавых суперніц па турнірнай сетцы, раз за разам выцягваюць найскладанейшыя матчы з Расеяй, Галяндыяй, Швэйцарыяй і выходзяць у фінал гэтага самага Кубку Фэдэрацый, дзе увосень будуць прымаць у Менску каманду ЗША ў барацьбе за галоўны прыз жаночага каманднага тэнісу…

Ты глядзіш, як Аляксандра Сасновіч на пару зь Вікторыяй Азаранкай перамагае расейскіх апанэнтак у Маскве, а Арына Сабаленка ўчора ў Менску ў самых напружаных канцоўках геймаў і матчаў, ня дрогнуўшы, даціскае значна вышэйшую за сябе ў рэйтынгу швэйцарку Вікторыю Галубіч, і выводзіць Беларусь у фінал, а сам памятаеш, як за дзьве хвіліны да канца матчу, узначаленая самым харызматычным трэнэрам і ўдзельнікам прэзыдэнцкіх суботнікаў Міхаілам Захаравым, рассыпаецца хакейная зборная ў супрацьстаяньні з латвійцамі, як зборная па футболе дома церпіць паразу ад мікраскапічнага Люксэмбургу, а баскетбалісты каторы год запар ня могуць выйсьці ў фінал хоць якога турніру й міжволі пачынаеш задумвацца пра важкасьць і ролю жанчыны ня толькі ў беларускім спорце, але й грамадзтве.

Кожны на свае вочы бачыць, што прынамсі за апошнія пяцьдзясят гадоў у палове, а то й болей беларускіх сем'яў усю пабытовую частку цягнуць жанчыны. Гэта калясальная нагрузка ня толькі на фізычную, але перадусім на псыхалягічную сыстэму, пэўна ад такой школы жыцьця, ад такой загартоўкі яны псыхалягічна больш устойлівыя не адно ў звычайным жыцьці, але і ў спартовых спаборніцтвах, дзе дзеля перамогі патрабуецца звышканцэнтрацыя й жалезныя нэрвы.

Бадай ня варта спыняцца на першай спробе ўдзелу ў палітычных спаборніцтвах прэтэндэнткі на прэзыдэнцкую пасаду Тані Караткевіч, але больш актыўна спадзявацца на жанчын у палітыцы, бо ў камандных палітычных гульнях мужчынаў, на жаль, на працягу апошніх гадоў вынікі такія ж, як і ў спорце.

Магчыма тады ў нашай палітыцы зьявіцца каманда-пераможца, якая ня схібіць у самы напружаны момант, але давядзе сваю гульню да перамогі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG