Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біньямін Нэтаньягу заклікаў ісламістаў пакінуць спробы зьнішчыць Ізраіль


Біньямін Нэтаньягу
Біньямін Нэтаньягу

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што тыя, хто хоча зьнішчыць Ізраіль і габрэйскі народ, будуць зьнішчаныя самі.

Нэтаньягу заявіў пра гэта ў выступе з нагоды Дня памяці ахвяраў Галакосту каля мэмарыялу «Яд ва-Шэм» у Ерусаліме, узьведзеным ў памяць пра 6 мільёнаў загінулых габрэяў.

«Іран і „Ісламская дзяржава“ хочуць зьнішчыць нас, і сёньня нянавісьць да габрэяў накіраваная на габрэйскую дзяржаву, — сказаў ізраільскі прэм’ер. — Мы павінны быць у стане самастойна абараніць сябе ад усіх пагроз і любога ворага».

У той жа час ён адзначыў, што ў шматлікіх выпадках сьвет ня вынес урокаў са спробы нацысцкай Нямеччыны вынішчыць габрэйскі народ.

У цырымоніі ў нядзелю бралі ўдзел шэсьць чалавек, што перажылі Галакост. Яны запалілі шэсьць паходняў падчас чытаньня кадышу — традыцыйнай габрэйскай памінальнай малітвы.

Тым часам прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў перад удзельнікамі Сусьветнага габрэйскага кангрэсу ў Нью-Ёрку, што розум «ня можа ўявіць боль, жах і страты», якія прынёс Галакост.

«Мы зьвяртаем позірк назад, да самай змрочнай старонкі гісторыі чалавецтва. Мы смуткуем, мы памятаем, мы молімся і абяцаем, што гэтага больш не паўторыцца. Я сьцьвярджаю: гэта больш не паўторыцца».

Генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заявіў кангрэсу, што антысэмітызм у сучаснай яго форме адхіляе права Ізраіля на існаваньне.

Ён сказаў, што да Ізраіля трэба ставіцца гэтак жа, як і да кожнай іншай дзяржавы-члена ААН.

У сьнежні Рада Бясьпекі ААН асудзіла дзейнасьць Ізраілю па будаўніцтве паселішчаў, якая наносіць шкоду мірнаму працэсу. Тады ЗША ўстрымаліся пры галасаваньні, замест таго каб накласьці вета на рэзалюцыю, што асуджае самага важнага саюзьніка Вашынгтону на Блізкім Усходзе. Гэта выклікала абурэньне ў Ізраіля.

Мерапрыемствы з нагоды Дня памяці ахвяраў Галакосту працягнуліся ў панядзелак, калі а 10-й раніцы па мясцовым часе загучалі сырэны і ўся краіна замерла на дзьве хвіліны ў памяць пра ахвяраў генацыду, арганізаванага гітлераўцамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG