Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кёльне адбыліся сутычкі з паліцыяй з-за антымігранцкага зьезду


Старшыня партыі «Альтэрнатыва Нямеччыны» Фраўке Пэтры
Старшыня партыі «Альтэрнатыва Нямеччыны» Фраўке Пэтры

У нямецкім Кёльне тысячы левых актывістаў паспрабавалі сарваць правядзеньне зьезду правай папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD, Alternative for Germany), якая выступае з антымігранцкімі лёзунгамі. Супрацьстаяньне вылілася ў сур’ёзныя сутычкі з паліцыяй.

Зьезд «Альтэрнатывы для Нямеччыны» быў заплянаваны на два дні і адкрыўся ў суботу. Адкрыцьцю форуму паспрабавалі перашкодзіць праціўнікі антымігранцкай партыі. Дэманстранты трымаюць у руках лёзунгі «Блякаваць нацыстаў», паведамляе ВВС.

Паліцыя чакае, што ўсяго ў пратэстах прымуць удзел больш за 50 тысяч актывістаў. Паводле начальніка паліцыі Юргена Матыса, сярод пратэстоўцаў будзе «некалькі тысяч левых экстрэмістаў» і яшчэ некалькі сотняў людзей, схільных да гвалту.

Для забесьпячэньня парадку на месца правядзеньня зьезду, які праходзіць у гатэлі ў цэнтры гораду, было накіравана больш за 4 тысячы паліцэйскіх.

Раніцай каля 100 чалавек спрабавалі прарвацца праз паліцэйскі кардон, паведамляе газэта Die Welt. Адзін паліцэйскі пры гэтым пацярпеў, забясьпечваючы праход дэлегатаў у будынак. Нападнік быў затрыманы.

На подступах да гатэлю 50-60 чалавек роварамі блякавалі доступ да месца правядзеньня зьезду. Калі паліцыя разабрала гэтую канструкцыю, адбыліся сутычкі з пратэстоўцамі.

У зьезьдзе партыі «Альтэрнатыва Нямеччыны» бяруць удзел 600 дэлегатаў. Старшыня партыі Фраўке Пэтры, выступаючы перад прысутнымі, заклікала да згуртаваньня пад яе лідэрствам.

Партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» была ўтворана чатыры гады таму. Яна выступае за выхад краіны з Эўразоны і за абмежаваньне міграцыі ў краіну. Партыя рэзка набрала папулярнасьць на фоне міграцыйнага крызісу ў Эўропе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG